У памежжы і далей — усюды будуць развіваць электронную медыцыну беларусы і літоўцы
Своечасова дыягнаставаць такое небяспечнае анкалагічнае захворванне, як меланома скуры, медыкам першаснага звяна памежных з Літвой раёнаў дапаможа аўтаматызаваная сістэма дэтэктыравання скурных злаякасных утварэнняў. Яе стварэнне прадугледжана праектам, рэалізацыя якога пачынаецца ў рамках праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Еўрасаюза «Латвія—Літва—Беларусь».
Ужо ў канцы 2014 года навукоўцы Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, Інстытута анкалогіі Вільнюскага ўніверсітэта, Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і Вільнюскага ўніверсітэта плануюць стварыць сумесны цэнтр апрацоўкі інфармацыі, які аб’яднае камп’ютарныя магутнасці ўдзельнікаў праекта па тэхналогіі воблачных вылічэнняў. У гэтым мазгавым цэнтры павінны аналізавацца відэавыявы падазроных новаўтварэнняў на скуры, знятыя ў розных спектральных дыяпазонах з дапамогай спецыяльных прыбораў — дэрматаскопаў.
— Сутнасць праблемы, якая выклікала да жыцця гэты праект, складаецца ў тым, што медыкі ў глыбінцы не маюць часам вопыту і адпаведнай апаратуры для такой анкадыягностыкi, а адправіць пацыента на кансультацыю ў далёкі абласны цэнтр не заўсёды лічаць неабходным, ды і патрэбныя фінансавыя выдаткі не заўсёды дазваляюць такую паездку, — тлумачыць загадчык лабараторыі дынамікі сістэм і механікі матэрыялаў БНТУ доктар фізіка-матэматычных навук, дацэнт Ігар Міклашэвіч. — Таму мы разам з літоўскімі партнёрамі, у якіх існуе такая ж праблема, вырашылі дабіцца абсталявання дыягнастычнай апаратурай хоць бы некалькіх рэгіянальных медыцынскіх устаноў, куды людзям было б зручна дабірацца. У ідэале было б добра мець такую тэхніку ў кожнай раённай паліклініцы Беларусі, але магчымасці і асаблівасці еўрапейскай праграмы дазваляюць разлічваць на стварэнне толькі сямі такіх рэгіянальных цэнтраў у прыгранічных раёнах. Але мы спадзяёмся на тое, што з часам з’явяцца дадатковыя крыніцы фінансавання, і апрабаваную рэальнай практыкай сетку можна будзе развіць і ў іншых рэгіёнах.
Паводле задумы, пігментныя плямы на скуры, якія выклікаюць падазрэнні, будуць фатаграфавацца з дапамогай дэрматаскопа, затым праз Інтэрнэт здымкі трапяць у аўтаматызаваную сістэму апрацоўкі дадзеных, якая ў рэжыме рэальнага часу падкажа правільнае рашэнне перыферыйнаму медыку. «Электронны лекар», узброены вопытам лепшых анколагаў і грыд-тэхналогіямі, абсталяваны алгарытмамі і праграмным забеспячэннем, якое створаць навукоўцы БНТУ, будзе здольны пастаянна папаўняць свой багаж ведаў і зверне ўвагу адразу на дзясяткі дыягнастычных прыкмет, вядомых на сённяшні дзень навуцы.
Важнай асаблівасцю сумеснай праграмы стала тое, што калі беларусы засяродзілі свае намаганні на праблеме меланомы скуры, то літоўскія партнёры павінны развіваць кірунак, звязаны з дыягностыкай рака лёгкага. Па ўмовах заключанага пагаднення, атрыманымі вынікамі, як гэта было прынята яшчэ ў савецкія часы, яны абмяняюцца.
Спецыялісты лічаць, што выкарыстанне заснаванай на IT-тэхналогіях сістэмы прыняцця рашэнняў знізіць уплыў чалавечага фактара на дыягнастычны працэс, паменшыць верагоднасць памылак, выкліканых недастатковым прафесіяналізмам лекараў, а таксама прадаставіць пацыентам магчымасць атрымаць своечасовае адэкватнае лячэнне і палепшыць якасць жыцця.