Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі можа прэтэндаваць на ролю цэнтра культурнага і турыстычнага жыцця краіны

У “Паўночных Афінах” зноў душэўна

Сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі яшчэ некалькі гадоў назад уяўляла з сябе карціну гора і няшчасця: падавалася, вось-вось любімае жыллё нашага знакамітага земляка, якое было некалі месцам прыцягнення людзей мастацтва і якое насіла ганарлівае імя “Паўночныя Афіны”, перайменуюць у “Паўночныя руіны”. Аднак сёння з поўнай упэўненасцю можна заявіць: сядзіба выратавана і можа прэтэндаваць на ролю цэнтра культурнага і турыстычнага жыцця краіны, што ў поўнай меры пацвердзіў музычны фестываль “Год Агінскага ў Залессі”, адкрыццё якога ў маёнтку кампазітара пад Смаргонню прайшло без помпы, затое з душой.


Залессе стане новым культурна-турыстычным цэнтрам Беларусі

Гэты год аб’яўлены ЮНЕСКА Годам Агінскага ў сувязі з 250-годдзем з дня нараджэння Міхала Клеафаса. А 200 гадоў назад была пабудавана сядзіба ў Залессі, дзе пачалося музычна-мастацкае жыццё Беларусі, якое закранула, напэўна, усю Еўропу.

“Музычныя скарбы Агінскіх” — так называўся першы канцэрт у абноўленай зале ў сядзібе кампазітара. Паслухаць выступленне ансамбля салістаў “Вытокi” з’ехаліся мінчане, жыхары Маладзечна і Смаргоні. Лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў (фагот), Сяргей Махаў (флейта) і Ірына Аўдзеева (фартэпіяна) адкрылі фестываль паланезам соль-мажор самога Міхала Клеафаса, прадоўжылі творчасцю Караля Агінскага, Міхаіла Казіміра ды іншых прадстаўнікоў гэтага слаўнага, адоранага роду. Магчыма, камусьці здасца, што гэтыя рэдкія, малавядомыя творы маюць каштоўнасць толькі для спецыялістаў. Бо ўсе Агінскія былі аматарамі, а не прафесійнымі кампазітарамі.

Аднак адна з мэт фестывалю ў Залессі — узнавіць тую камерную, душэўную атмасферу, якая, паводле апісанняў сучаснікаў, панавала ў “Паўночных Афінах”. Музыка ва ўтульнай зале — той самай, дзе 200 гадоў назад лічылі за гонар выступіць не толькі арыстакраты-“аматары”, але і знакамітыя сучаснікі Міхала Клеафаса, — гу­чыць зусім інакш, чым у канцэртных залах, няхай нават самых выдатных.


Фестываль “Год Агінскага ў Залессі” адкрыўся канцэртам ансамбля салістаў “Вытокi”

Праўда, у выніку незвычайнасці складзенай праграмы не абышлося без мілых казусаў. “Што ж, няўжо яны не сыграюць сапраўдны паланез Агінскага?! — ціха абураліся гледачы. — Хочам паланез!” І музыканты апраўдалі спадзяванні, сыграўшы знакамітае “Развітанне з радзімай”. “Ёсць прапанова ўстаць!” — шэптам панеслася па зале, і ўсе як адзін падняліся і слухалі любімы твор стоячы. Былі і слёзы на вачах слухачоў, і авацыі.

Сядзіба ў Залессі рэстаўравалася ва ўдарным тэмпе. Плануецца, што яна стане такім жа магутным турыстычным брэндам Беларусі, як Мір або Нясвіж. Усе работы праведзены намаганнямі беларускіх спецыялістаў. У аднаўленні паўдзельнічалі будаўні-чыя арганізацыі Смаргоні, гістарычная мэбля XIX стагоддзя адноўлена таксама нашымі вытворцамі.

Складанасць сітуацыі ў тым, што рэчаў, якія належалі самому Міхалу Клеафасу, практычна не захавалася, гаворыць малодшы навуковы супрацоўнік музея-сядзібы Таццяна Кляшчонак:

— Нешта будзе набыта на аўкцыёнах, падабраны аўтэнтычныя рэчы, якія адлюстроўваюць дух эпохі. Цяпер ужо гатова 9 гасцінічных нумароў, аж да пасцельнай бялізны, і ў нас мноства заявак. Людзі ўжо хочуць наведаць сядзібу.

Пакуль што ў пакоях, якія пахнуць дрэвам і свежым лакам, экспанатаў як такіх няшмат — мэбля рэканструявана, а прыгожы светлы паркет шкада таптаць нават самім супрацоўнікам: “Мы ж яго псуём!” У аранжарэі радуе зелянінай лісце манстэр і драцэн, цвітуць пышным цветам архідэі-фаленопсісы. Праз нейкі час тут плануецца размясціць столікі кафэ, дзе госці змогуць адпачыць і выпіць кубачак кавы, любуючыся паркам. Працэс музеефікацыі “Паўночных Афін” ідзе поўным ходам і завершыцца да верасня, калі маёнтак Агінскіх зможа пахваліцца паўна­цэннай экспазіцыяй. А цяпер музейны комплекс, парк, і яблыневы сад аблюбавалі вясельныя фатографы — ужо вельмі тут прыгожа і рамантычна.

Ірына Аўсяп’ян
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter