Музей Якуба Коласа в Пинковичах Пинского района отметил 25-летие

У Пінкавічы, да Коласа

Музей Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы Пінскага раёна адзначыў сваё 25-годдзе. Учора тут сабралiся вучні з розных куткоў Піншчыны. Яны чыталi вершы песняра, урыўкі з яго твораў, а таксама ладзiлi цiкавыя пастаноўкі. Карэспандэнт «Р» пабываў у Пінкавічах і ўпэўніўся: вяскоўцы дагэтуль ганарацца тым, што тут калісьці жыў і працаваў Якуб Колас.


Сучасныя Пінкавічы, як і знакамітыя Альшаны, смела можна назваць агурковай сталіцай. Парнікоў тут вельмі шмат — амаль на кожным падворку вырошчваюць агуркі або таматы на продаж. Сезон даўно скончаны, аднак пінкаўцы ўжо пачынаюць рыхтавацца да наступнага: купляюць насенне, цырату для цяпліц. 

— У нас тут ёсць нават свая «Камароўка», — расказвае мясцовая жыхарка Надзея Іванаўна, з якой я пазнаёміўся на аўтобусным прыпынку. — Да нас прыязджаюць аптавікі на фурах, бусах, аўтамабілях з прычэпамі, скупляюць гародніну. Натуральна, на рынку яна каштуе даражэй, аднак мне, напрыклад, за прылаўкам стаяць няма калі! Трэба паліць цяпліцу, прапалоць, падкарміць агуркі, сабраць ураджай. Словам, не засумуеш!

Аб тым, што ў Пінкавічах працаваў Якуб Колас, жанчына гаворыць з асаблівым гонарам: «Так, вучыў ён у нас і дзетак, і дарослых. Мая бабуля расказвала, што вяскоўцы Коласа вельмі паважалі. Добры быў чалавек. Просты, сціплы». 

— А ці памятаеце што-небудзь з яго твораў? — пытаю.

— Ай, ну што вы. Я ўжо не заўсёды памятаю, як мяне завуць! — смяецца Надзея Іванаўна. — Ён тут «На ростанях» пісаў, здаецца. У нас нават мясцовая крама так называецца. Вуліца ёсць Якуба Коласа, школа яго імя носіць. А больш я нічога не ведаю.

Сапраўды, некаторыя з жыхароў вёсак Пінкавічы, Купяцічы, Люсіна і іншых сталі прататыпамі герояў знакамітай трылогіі «На ростанях». Палешукам, тутэйшым краявідам пісьменнік прысвяціў нямала цёплых слоў. Аднак пінкаўцы не адразу прынялі маладога настаўніка.


— Вяскоўцы сустрэлі Канстанціна Міхайлавіча не вельмі гасцінна — праявіўся паляшуцкі нораў, — расказвае былы кіраўнік музея Ніна Палавец. — Аднак хутка прынялі і нават палюбілі настаўніка. Уся справа ў характары Міцкевіча. У Пінкавічах (у трылогіі «На ростанях» Колас назваў вёску Выганы — П.Л.) існавала цікавая традыцыя: новыя людзі перш-наперш ішлі знаеміцца да мясцовай інтэлігенцыі. Аднак Колас зрабіў наадварот — ён пайшоў па сялянскіх хатах. Для святара і старасты гэта была сапраўдная абраза!

Уразілі пінкаўцаў і адносіны настаўніка да вучняў. У першы дзень ён прыйшоў на заняткі без указкі і лінейкі, чым вельмі здзівіў школьнікаў. 

«А чым вы нас біць будзеце?» — пацікавіліся яны. Аднак Колас толькі пасмяяўся: «Калі вы будзеце добра сябе паводзіць, я вас ніколі не буду ні біць, ні ставіць у кут».

Сваё слова пісьменнік стрымаў. Больш за тое, ён стараўся дапамагаць дзецям не толькі ў вучобе. У класе займаўся хлопчык-сірата Алесік. У дзіцяці не было ні бацькі, ні маці, і жыў хлапчук са сляпой 90-гадовай бабуляй. Алесік заўсёды хадзіў брудны, непрычасаны. Канстанцін Міхайлавіч пашкадаваў сірату і неяк папрасіў яго прыйсці ў школу раней за ўсіх дзяцей. Напярэдадні гэтай сустрэчы настаўнік паехаў у Пінск, купіў кашулю і паясочак. Раніцай памыў хлопца, пастрыг, прычасаў, бруднае адзенне спаліў у печы, апрануў у новую кашулю, напаіў чаем, пакарміў і пасадзіў у класе.

«А што, у нас новы вучань?» — пачалі пытацца дзеці. «Хіба вы не пазналі нашага Алесіка?» — адказаў Канстанцін Міхайлавіч. Пагарда да хлопца з боку равеснікаў змянілася любоўю. Але і на гэтым клопат пра сірату не закончыўся. Настаўнік загадаў вучням, каб кожную суботу хлопец ішоў да кагосьці з іх, і матулі аднакласнікаў мылі Алесіка і яго вопратку.

Дарэчы, менавiта ў Пінкавічах у лістападзе 1905 года Міцкевіч склаў петыцыю жыхароў вёскi да пана Скiрмунта з патрабаваннем забяспечыць права сялян карыстацца азёрамi i зямлёй для пашы. За што ў хуткiм часе быў пакараны — у студзенi 1906 года маладога настаўнiка Канстанцiна Мiцкевiча перавялi ў Верхменскае народнае вучылiшча цяперашняга Смалявiцкага раёна. 

Сучасны музей Якуба Коласа знаходзіцца на тым самым месцы, дзе стаяла драўляная школа, у якую ў вераснi 1904 года прыехаў працаваць малады настаўнiк Канстанцiн Мiцкевiч. Воблiк той школкi захаваўся на старым фотаздымку. Яго можна пабачыць на адным са стэндаў музея. Школа была драўляная, яе наведвалi 28 хлопчыкаў i толькі адна дзяўчынка — пінкаўцы лічылі, што будучым гаспадыням зусім не абавязкова ўмець чытаць і пісаць.

Музей быў створаны намаганнямi былога выкладчыка беларускай мовы і літаратуры Пiнкавiцкай сярэдняй школы Iвана Калошы. Iван Iосiфавiч доўга i руплiва збiраў усё звязанае з жыццём i творчасцю народнага настаўнiка i пiсьменнiка на Пiншчыне. Першых гасцей коласаўскі музей прыняў 1 лістапада 1990 года. «На жаль, сёння наведвальнікаў не так шмат, як хацелася б, але яны ёсць. Гасцям мы заўсёды рады!» — гаворыць кіраўнік музея Яна Сямыкіна. За тры апошнія гады з экспазіцыяй вясковага музея пазнаёміліся 2,5 тысячы чалавек. Наведваюць былую коласаўскую школу не толькі беларусы, але і госці з Расіі, Украіны, Польшчы, Ізраіля і нават Паўночнай Амерыкі.

— Для жыхароў Пінкавічаў Якуб Колас — не проста беларускі класік. Для нас ён дарагі і блізкі чалавек. Больш за сто гадоў прайшло з тых часоў як настаўнік працаваў у гэтых мясцінах, аднак памяць аб ім жыве і сёння, — працягвае Яна Вячаславаўна. — З ранку і да вечара можна было бачыць Коласа з дзецьмі. Але ён не толькі з дзецьмі працаваў — да яго прыходзілі за парадай і старэйшыя вяскоўцы. Яго і самога можно было вельмі часта бачыць у сялянскай хаце. Пінкаўцы ў асобе настаўніка бачылі блізкага чалавека.

У 2012 годзе будынак музея адрамантавалі. Грашыма, дарэчы, дапамаглі і мясцовыя прадпрымальнікі. У трох залах размясціліся экспанаты, звязаныя з жыццём і творчасцю Якуба Коласа. Першы пакойчык — «Хатка палешука» — расказвае пра жыццё і побыт сялян вёскі Пінкавічы таго часу. Тут можна ўбачыць посуд, печ, ткацкі станок, адзенне палешукоў. Экспазіцыя другой залы прысвечана жыццю паэта на Палессі, а ў трэцім пакоі можна пазнаёміцца з успамінамі мясцовых жыхароў пра Коласа, перыядам яго жыцця пасля высылкі з Пінкавічаў. Тут час ад часу праводзяцца ўрокі беларускай літаратуры, выставы, конкурсы.

А ўчора ў пінкавіцкім музеі зноў гучала сакавiтае слова песняра.

p.losich@gmail.com

Фота аўтара, а таксама з архiва музея
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter