Беларускія кнігавыдаўцы вазілі ў Маскву некалькі яркіх прэм’ер

У новы сезон з новымі кнігамі

Беларускія кнігавыдаўцы вазілі ў Маскву некалькі яркіх прэм’ер


Вялікую ўвагу наведнікаў і прэсы прыцягнула Маскоўская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Сярод удзельнікаў, а гэта 400 расійскіх і замежных выдавецтваў з 30 краін, свой тавар у павільёне нумар 75 на ВДНГ наглядна паказалі і беларусы. Як заўсёды, яны прывезлі ў расійскую сталіцу лепшыя ўзоры сваёй мастацкай, навучальнай, дзіцячай, навукова-папулярнай і даведачна-энцыклапе­дычнай літаратуры, якія выставілі на традыцыйных 48 квадратных метрах.


Аляксандр Карлюкевіч — дырэктар Выдавецкага дома “Звязда” — прэзентуе новыя кнігі

Нагадаем, што мінскія кнігавыдаўцы з’яўляюцца абавязковымі ўдзельнікамі ўсіх Маскоўскіх кніжных форумаў пачынаючы з 1977 года. А ў годзе цяперашнім яны прысвяцілі сваю агульную экспазіцыю 70-годдзю Вялікай Перамогі. Сярод экспанентаў — выдавецтвы “Беларусь”, “Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі”, Выдавецкі дом “Звязда”, “Паліграфкамбінат імя Я. Коласа” і іншыя.

Нельга было абысці бокам і работы пераможцаў Міжнароднага конкурсу патрыятычнага плаката моладзі краін СНД, які прайшоў напярэдадні пад дэвізам “Нам дарагі мір”. Дарэчы, ініцыятарам гэтага конкурсу выступіла Міністэрства інфармацыі краіны, кіраўнік якога, Лілія Ананіч, і адкрывала беларускую экспазіцыю.

— Традыцыйна Беларусь прыязджае ў Маскву на кніжны кірмаш не толькі для таго, каб прадставіць свае новыя кнігі, — сказала Лілія Ананіч, — але і для таго,  і гэта галоўнае, — каб развіваць творчыя кантакты, якія ў выніку і дапамагаюць ствараць выдатныя кнігі. Многія нашы праекты сталі магчымыя ў выніку супрацоўніцтва і фінансавай падтрымкі ўрада Масквы. Сёння, у Год літаратуры ў Расіі, мы прывезлі самыя знакавыя кнігі, прысвечаныя гісторыі нашай дзяржавы, яе культуры, мастацтву, сучаснасці і будучыні...

У кірмашовай таўханіне ўдалося мне перакінуцца парай фраз з дырэктарам Выдавецкага дома “Звязда” Аляксандрам Карлюкевічам.

— Прэзентуем шэраг новых кніг, — расказаў ён. — Сярод іх два альманахі: “Сугучча. Беларусь — Масква” і “Сугучча. Беларусь — Санкт-Пецярбург”, у якія ўвайшлі творы празаікаў, паэтаў і літаратурных крытыкаў Беларусі і дзвюх расійскіх сталіц. На мой погляд, усе іх работы выдатна характарызуюць літаратурны працэс у Саюзнай дзяржаве. Не магу не згадаць і пра фотаальбом “Вялікая Айчынная вайна ў фатаграфіях В. І. Аркашава”. Яго старонкі запаўняюць сапраўдныя фотадакументы, якія адлюстроўваюць баявыя і бытавыя эпізоды франтавых гадоў. Усе здымкі — а іх больш за пяцьсот — зробленыя 70 гадоў назад ваенным фотакарэспандэнтам Васілём Аркашавым і да гэтага часу захоўваліся ў фондах Беларускага дзяржархіва кінафотадакументаў...

Як падкрэсліў Аляксандр Карлюкевіч, у альбом уключана некалькі малавядомых фатаграфій выдатнага рускага паэта Аляксандра Твардоўскага, які служыў у гады вайны ў газеце Трэцяга Беларускага фронту і ўпершыню надрукаваў у ёй свайго знакамітага “Васіля Цёркіна”.

Па мінулых кірмашах нам было вядома, што вялікім попытам у чытачоў карыстаецца навучальная літаратура. Вось і гэтым разам выдавецтва “Пачатковая школа” вырашыла парадаваць масквічоў сваімі навінкамі. У Маскву яны прывезлі некалькі навінак.

Але цэнтрам экспазіцыі быў, вядома ж, маляўнічы альбом “Беларусь замкавая”, які прэзентавала Міністэрства інфармацыі Беларусі і выдавецтва “Паліграфкамбінат імя Я. Коласа”.

Ну і, нарэшце, яшчэ адна навінка, якая вельмі спадабалася аўтару гэтых радкоў. Упэўнены, яна зацікавіць і шматлікіх сталічных гурманаў. Знаёмцеся: “Беларуская нацыянальная кухня”. Кнігу прадставіла выдавецтва “Беларусь”.

Аляксандр Барысевіч


Класікі абмяняліся адрасамі 

Якая, падавалася б, сувязь паміж Якубам Коласам і Фёдарам Дастаеўскім, акрамя таго, што абодва — класікі сусветнай літаратуры? Аднак не заўсёды трэба шукаць паралелі, каб расказаць пра жыццё і творчасць найдасканалейшых мастакоў слова. Так вырашылі кіраўнікі Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа ў Мінску і Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф.М. Дастаеўскага ў Санкт-Пецярбурзе і падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве.


Зрэшты, пункты судакранання ўсё ж знайшліся. Асаблівае “глыбіннае сваяцтва” паміж пісьменнікамі адзначыла дырэктар піцерскага музея Наталля Ашымбаева падчас нядаўняга прыезду ў Беларусь. Вядома, што Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) цаніў і любіў творчасць Дастаеўскага. У лісце да С.М. Гарадзецкага, напрыклад, ён пісаў: “Вышэйшага па таленце за Дастаеўскага няма ў свеце пісьменніка”. “Нам гэта вельмі дорага”, — сказала Наталля Туймебаеўна. Плануецца, што ўжо ў наступным годзе матэрыялы пра Дастаеўскага і яго творчасць змогуць убачыць жыхары Мінска, а экспазіцыю пра Коласа — пецярбуржцы.

— Думаю, мы павязём у горад на Няве не толькі паэзію, але і прозу Коласа. Хутчэй за ўсё, трылогію “На ростанях”: копіі рукапісаў, ілюстрацыі, прыжыццёвыя выданні, урыўкі з кінафільмаў па гэтым творы... У Доме Дастаеўскага лагічнай будзе і дэманстрацыя асабістых рэчаў народнага пісьменніка Беларусі, у тым ліку пёравай ручкі, — расказала Зінаіда Камароўская, якая ўжо чвэрць стагоддзя ўзначальвае мемарыяльны музей Якуба Коласа. І дадала, што гэты прадмет мае нейкую асаблівую магічную сілу. Варта абмакнуць ручку ў чарніла і напісаць ёю сваё жаданне — двойчы ў год, у дзень нараджэння Коласа і Ноч музеяў, супрацоўнікі музея дазваляюць наведвальнікам такую вольнасць — і яно абавязкова спраўдзіцца.


А выстава пра творчасць Дастаеўскага выкліча цікавасць у беларускай публікі, лічыць Зінаіда Мікалаеўна. Падчас нядаўняга наведвання музея рускага пісьменніка яна і сама была ўражана цудоўнай экспазіцыяй у адноўленай кватэры класіка. І тым, як там праводзяць экскурсіі. Нібы спектакль паказваюць. Кіраўнік беларускага музея ўпэўнена, што пасля такой падачы матэрыялу нават тыя, хто не быў знаёмы са спадчынай Дастаеўскага, абавязкова пачытаюць і “Бесов”, і “Братьев Карамазовых”. Асаблівую цікавасць выклікалі заняткі “Знаёмства з Дастаеўскім”, якія піцерскі музей праводзіць для старшакласнікаў і студэнтаў. Гэта не разавыя лекцыі, а паўнацэнныя музейныя ўрокі на працягу ўсяго навучальнага года. Па заканчэнні слухачы здаюць экзамены і атрымліваюць сертыфікаты. А пасля могуць працаўладкавацца ў музей або прадоўжыць супрацоўніцтва ў якасці валанцёраў.

Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа супрацоўнічае і з іншымі расійскімі ўстановамі культуры.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter