
Тым, хто збіраецца наведаць родных і блізкіх, выбрацца на малую радзіму, не давядзецца непакоіцца, ці хопіць ім білетаў: у навагоднія, калядныя святы і на перыяд канікул чыгункай назначана 215 дадатковых паяздоў (126 міжрэгіянальных і 89 міжнародных). Найбольшая колькасць саставаў прадугледжана на 28, 30 і 31 снежня, а таксама 2, 7 і 8 студзеня.
Найбольш запатрабаваныя ў пасажыраў міжрэгіянальныя маршруты — з Мінска ў Гомель, Брэст, Пінск, Мазыр, Гродна, Віцебск, Полацк. Па іх і пойдуць дадатковыя цягнікі. Часцей чыгуначны транспарт паедзе ў Маскву, Санкт-Пецярбург, Калінінград, Бранск, Смаленск, Львоў, Кіеў, Вільнюс, Рыгу.
У Мінску галоўнымі пляцоўкамі народных гулянняў стануць Кастрычніцкая плошча, дзе выступяць зоркі нашай эстрады, і тэрыторыя каля Палаца спорту. У 23.00 там пачнецца праграма «Навагодняя спёка», якая працягнецца да самай раніцы. Шоу феерверкаў пачнецца ў 1.30 і працягнецца да 1.41, будзе таксама лазернае шоу. Навагодні салют можна ўбачыць яшчэ на дзвюх пляцоўках: на Прытыцкага, каля Лядовага палаца, і ў парку імя Уга Чавеса — там маляўнічыя залпы ўзляцяць у неба ў 2.00 і будуць распускацца 13 хвілін.
У цэнтры Мінска дадаткова ўстановяць 24 кантэйнеры для смецця і 60 біятуалетаў: 36 — на Кастрычніцкай плошчы і 24 — каля Палаца спорту. На святы для ўборкі тэрыторыі штосутачна задзейнічаюць ад 90 да 190 работнікаў «Гаррамаўтадара» — найбольш у перыяд з 31 снежня да 2 студзеня. Падрыхтавана да працы больш за 60 адзінак спецтэхнікі.

Не хочацца ехаць у шматлюдны цэнтр? Ніякіх праблем: у навагоднюю ноч у горадзе будзе дзейнічаць 25 пляцовак для масавых гулянняў — па некалькі ў кожным раёне.
Праблем з рухам па горадзе быць не павінна. Метро ў навагоднюю ноч будзе працаваць да 4.00, а станцыі «Няміга» і «Кастрычніцкая» не зачыняць да 4.15. Прадугледжана работа ўсіх кас на гэтых дзвюх станцыях. Перапынак будзе зусім невялікі: ужо ў 5.30 метро адновіць працу. Інтэрвал руху паяздоў з поўначы да чатырох раніцы складзе 6 хвілін. 31 снежня і 4 студзеня метро будзе працаваць па графіку пятніцы, 1, 2, 5, 6 і 7 студзеня — як у нядзелю, 3 студзеня — па графіку будзённага дня.
Акрамя таго, па горадзе пойдуць 26 дадатковых маршрутаў аўтобусаў, а рух самых папулярных тралейбусаў і трамваяў працягнуць да пяці раніцы, прычым інтэрвалы паміж іх прыбыццём скароцяць. Можна з’ехаць нават у прыгарад: з гадзінным інтэрвалам пойдуць аўтобусы з Уручча ў Калодзішчы і з паўтарагадзінным — з Дружнай у Атоліна.

Хварэць у святы катэгарычна не рэкамендуецца, але на ўсякі выпадак варта ведаць, што бальніцы, паліклінікі, арганізацыі пералівання крыві, санітарна-эпідэміялагічныя службы, аптэкі і арганізацыі медтэхнікі 1, 2 і 7 студзеня будуць працаваць па графіку выхаднога дня, 6 студзеня — як у суботу, а 3 і 4 студзеня — па графіку будзённага дня.
Для забеспячэння парадку супрацоўнікі міліцыі ў святочныя дні пераведзены на ўзмоцнены варыянт нясення службы. У месцах правядзення масавых гулянняў запланавана арганізацыя прапускнога рэжыму. Там магчымыя чэргі, так што лепш прыходзіць на свята загадзя. Сапёрна-піратэхнічныя падраздзяленні ўнутраных войск агледзяць тэрыторыю. Не варта груба парушаць правілы дарожнага руху, напрыклад садзіцца за руль п’яным: будуць працаваць інспектары ДАІ.
Дарэчы, з 27 снежня да 7 студзеня праводзіцца рэспубліканская акцыя «Цвярозасць — норма на дарогах!». Прычым датычыцца гэта не толькі вадзіцеляў, але і пешаходаў, якія могуць стаць ахвярамі наезду ці справакаваць ДТЗ.
nevmer@sb.by