У нас — тавар, у вас — купец

За год Беларусь заробіць на замежных студэнтах каля $ 20 млн

Прадаць адукацыйныя паслугі таксама трэба ўмець

Адным з найбольш важных праяўленняў канкурэнтаздольнасці сістэмы адукацыі любой дзяржавы лічыцца ўзровень экспарту адукацыйных паслуг. Іншымі словамі, колькасць замежных студэнтаў у навучальных установах краіны. Бо гэта не толькі пацвярджэнне даверу да ўзроўню якасці адукацыі, імідж дзяржавы, але і сур’ёзныя фінансавыя ўліванні. Некаторыя асабліва паспяховыя ў гэтым кірунку краіны штогод папаўняюць бюджэт на 100 мільярдаў долараў.

Пасля развалу Савецкага Саюза, які, як адзначаюць эксперты, займаў другое месца па экспарце адукацыйных паслуг пасля ЗША, краіны постсавецкай прасторы так і не вярнуліся на ранейшы высокі ўзровень. Уласна, гэта і не дзіўна: дакументы, якія рэгламентавалі экспарт адукацыі, з’явіліся прыблізна ў сярэдзіне 90-х гадоў. А значыць, на нейкі час некалі разгалінаваная сістэма прыцягнення замежных студэнтаў спыніла сваё існаванне.

Цяпер, па некаторых ацэнках, лідарства ў прыцягненні замежных студэнтаў па-ранейшаму трымае Амерыка, за якой ідуць Вялікабрытанія, Францыя і Канада. У агульным аб’ёме студэнтаў, якія навучаюцца ў Беларусі, дарэчы як і ва Украіне, доля замежнікаў складае каля трох працэнтаў. Гаворка, вядома, ідзе пра розныя лічбы ў абсалютным выражэнні. Так, ва Украіне гэта больш за 50 тысяч чалавек са 153 краін, у Беларусі — каля 13 тысяч з 88 краін. Але ж і маштабы дзяржаў розныя. Крыху вышэй працэнт замежнікаў у ВНУ Расіі: тут навучаецца 250 тысяч студэнтаў амаль са 150 краін.

Большая частка — студэнты з краін Азіі, СНД і Балтыі. У Беларусі ў цяперашні час асноўная доля экспарту паслуг адукацыі прыпадае на краіны СНД. Амаль 50 працэнтаў ад агульнай колькасці — гэта студэнты з Туркменістана, яшчэ каля 8 працэнтаў — грамадзяне Расіі.

Адным з галоўных бар’ераў для павелічэння колькасных паказчыкаў эксперты называюць моўны бар’ер. Бо далёка не кожная ВНУ гатова сёння весці навучанне на англійскай мове. А рускім, хоць ён і ўпэўнена набірае папулярнасць ва ўсім свеце, валодаюць нямногія. Разам з тым зрабіць упор і на патэнцыяльных рускамоўных студэнтаў, якія пражываюць за мяжой, магчыма. Дарэчы, такія планы ў БДУІР. Як падзяліўся рэктар ВНУ Міхаіл Батура, зараз вядуцца перамовы з выпускнікамі БДУІР, якія пражываюць у ЗША. «Гаворка ідзе аб магчымай падрыхтоўцы ў нашым універсітэце рускамоўных амерыканцаў па дыстанцыйнай форме навучання», — распавядае ён.

Не менш пры выбары краіны навучання замежніка хвалюе яго бяспека і ўмовы пражывання. У гэтым пытанні Беларусь знаходзіцца ў больш выгадным становішчы, чым краіны-суседкі. «Ні адной хвіліны я не пашкадаваў, што вучыўся ў Беларусі, — кажа выпускнік Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта з Непала, член савета Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў ВНУ Сах Рама Шанкар. — У мяне застануцца самыя добрыя ўражанні. І пра людзей, і пра тое, як у Беларусі ставяцца да іншаземцаў». Ён прыехаў сюды па рэкамендацыі старэйшага брата, а цяпер сам стаў правадніком паміж нашай краінай і абітурыентамі з Непала, адкрыўшы фірму «Rama Education Consultancy», якая дапамагае яго суайчыннікам прыязджаць у Беларусь за ведамі. За час працы, распавядае суразмоўца, праз фірму прыехала больш за 1200 няпальцаў.

Разам з тым пакуль яшчэ можна канстатаваць, што намаганні зацікаўленых у павелічэнні экспарту адукацыйных паслуг у Беларусі разрознены. Так, некаторыя студэнты прыязджаюць у краіну па запрашэнні такіх спецыялізаваных арганізацый, як названая вышэй, некаторыя — праз турыстычныя фірмы і г.д. Усё гэта, па словах дырэктара Міжнароднай асацыяцыі выпускнікоў ВНУ, начальніка міжнароднага студэнцкага цэнтра БНТУ Алы Маеўскай, не заўсёды пакідае станоўчыя ўражанні ў будучага замежнага студэнта. «Няма інструкцыі па ўездзе, знаходжанні і навучанні замежных грамадзян, не вызначаны квота замежных абітурыентаў і пералік ВНУ, дзе яны змаглі б навучацца, — падкрэслівае яна. — Гэтыя пытанні патрабуюць вырашэння ў самы бліжэйшы час».

Бо, акрамя эканамічнага эфекту ад адукацыйных паслуг, дарэчы, і ў Беларусі немалога — па прагнозах, у 2012/2013 навучальным годзе прыбытак ад падрыхтоўкі замежных грамадзян на платнай аснове складзе каля 20 мільёнаў долараў, — у будучыні замежныя выпускнікі беларускіх ВНУ — гэта яшчэ і злучальная нітка з краінамі, адкуль яны да нас прыехалі. «У глабальнай перспектыве, — падкрэслівае намеснік міністра адукацыі Беларусі Віктар Якжык, — у асобе замежных выпускнікоў, якія працуюць у сферах эканомікі сваіх краін, мы знаходзім патэнцыял для далейшага ўсебаковага супрацоўніцтва».

Зрэшты, выпускнікі часта прымаюць удзел і ў жыцці сваіх альма-матэр. «Мы добра працуем з нашымі выпускнікамі — замежнымі грамадзянамі, — расказвае Міхаіл Батура. — На базе ВНУ створаны 32 навучальныя навукова-вытворчыя лабараторыі з рознымі фірмамі-спажыўцамі. І, як правіла, у гэтых фірмах працуюць выпускнікі, якія аказваюць нам вялікую дапамогу ва ўдасканаленні лабараторнай базы. Так, нядаўна на базе нашай ВНУ быў адкрыты «Android Software Center». Наш выпускнік, які працуе ў Амерыцы, стварыў тут філіял прадпрыемства».

Акрамя гонару і прэстыжу, замежныя студэнты, заўважаюць эксперты, маглі б таксама кампенсаваць страты ВНУ ад дэмаграфічнага крызісу. Бо не сакрэт, што колькасць выпускнікоў школ год ад году скарачаецца. Так, калі ў мінулым годзе ў Беларусі выпускнікоў 11-х класаў было 64 500, у гэтым годзе чакаецца толькі каля 60 тысяч.

Пытанне павелічэння экспарту адукацыйных паслуг сёння, адзначае Віктар Якжык, стаіць на парадку дня. «Лічу, што наша краіна гатова і ў будучыні яго нарошчваць, — кажа ён. — Трэба гаварыць не толькі аб падрыхтоўчым і навучанні першай ступені, але і аб праграмах магістратуры, аспірантуры і, вядома, новых рынках экспарту паслуг. Гэта аднаўленне тых сувязяў і кантактаў, якія меліся ў часы Савецкага Саюза. Гаворка перш за ўсё аб краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, Індыі і г.д.».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter