Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

У Нальчыку — па-беларуску

У Саюз пісьменнікаў Беларусі шчырую падзяку даслалі студэнты Кабардзіна-Балкарскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Х. М. Бярбекава за перададзеную ім навучальную і мастацкую літаратуру на беларускай мове

У Саюз пісьменнікаў Беларусі прыйшоў ліст. Чытаем: “Узяў удзел у цырымоніі ўручэння кніг беларускіх пісьменнікаў нацыянальнаму ўніверсітэту Кабардзіна-Балкарыі. Тое, што адбылося, — падзея беспрэцэдэнтная за апошнія 25 гадоў.

Беларускія пісьменнікі пакідалі аўтографы ў кнігах для студэнтаў з Кабардзіна-Балкарыі

У самым пачатку распаду Савецкага Саюза, асновай нацыянальнай палітыкі якога было сяброўства і братэрства паміж народамі, Чынгіз Айтматаў пісаў у газеце “Известия”, што паміж літаратарамі і дзеячамі культуры ніякіх перашкод быць не павінна. Менавіта з мэтай аб’яднання літаратараў у 2008 го-дзе быў створаны Клуб пісьменнікаў Каўказа.

Важна, што роля літаратуры ўздымаецца на дзяржаўны ўзровень. І гэта пачынаецца з адносін паміж сапраўды братэрскімі, крэўна блізкімі народамі — рускім і беларускім, а праз іх — і паміж народамі Расіі ды Беларусі. Значэнне мовы і літаратуры ў гэтай справе цяжка перабольшыць. Я ганаруся за свой універсітэт, за такі высокі давер да яго”.

Гэты ліст ганаровы старшыня Клуба пісьменнікаў Каўказа паэт Саліх Гуртуеў пісаў поўны ўражанняў ад знакавай падзеі ў гісторыі беларускага і кабардзінскага народаў.

Усё пачалося, здавалася б, з факту малаважнага: кароткай размовы двух філолагаў, якія спаткаліся на міжнароднай канферэнцыі. Тады загадчыца кафедры рускай мовы і агульнага мовазнаўства КБДУ Святлана Башыева і дэкан філфака Брэсцкага дзяржуніверсітэта імя А. С. Пушкіна Таццяна Сянкевіч выказалі пажаданне аб магчымым супрацоўніцтве. Іх добры намер знайшоў свой працяг...

Летась студэнтаў з Брэста запрасілі для ўдзелу ў рабоце Міжнароднай летняй школы “Карані нашай дружбы — у нашай гісторыі”, якая праходзіла ў Прыэльбруссі. Заняткі ў школе прысвячаліся тэме ролі мовы, як сродку, які аб’ядноўвае народы. Тады і ўзнікла ідэя ўвесці дысцыпліну “беларуская мова” на аддзяленні рускай мовы і літаратуры ва ўніверсітэце ў Нальчыку. З Брэста перадалі першыя падручнікі. І сёлета ў лютым студэнты прыступілі да заняткаў.

Выкладае кабардзінскім студэнтам беларускую мову прафесар Галіна Шчэрбань, па нацыянальнасці руская, карэнная нальчанка. Беларускую мову яна вывучыла самастойна. Сцвярджае: мова даецца лёгка.

Цікавасць да роднай мовы беларусаў у Нальчыку праяўляюць студэнты, якія ва ўніверсітэце займаюцца рускай філалогіяй. Вучэбным планам прадугледжана ўвядзенне ў славянскую філалогію. Беларуская мова вывучаецца як другая славянская.

У Беларусь выдатную навіну паведаміў зямляк — беларус Павел Сідарук, які працяглы час жыве ў Нальчыку, прымае актыўны ўдзел у паездках расійскіх журналістаў у Беларусь, узначальвае беларускую суполку “Сябры”. Павел Васільевіч, будучы сярод высокіх каўказскіх гор, не страчвае сувязі з далёкай радзімай — сінявокай Беларуссю. Ён даўно пераканаўся ў тым, што не геаграфічныя адлегласці падзяляюць людзей. “Трэба ісці ў дарогу з добрымі намерамі”, — кажа Павел Сідарук і ўласнымі намаганнямі пашырае кола сяброў сярод кабардзінцаў і беларусаў.

Гэта якраз Павел Сідарук і прымаў у Мінеральных Водах літаратурны груз, які па просьбе Саюза пісьменнікаў Беларусі даставіла туды беларуская чыгунка. Далей быў Нальчык, дзяржаўны ўніверсітэт КБР, урачыстае ўручэнне кніг менавіта з нагоды Дня яднання народаў Расіі ды Беларусі, якое штогод адзначаецца 2 красавіка.

У Саюзе пісьменнікаў Беларусі з вялікім хваляваннем успрынялі навіну пра ініцыятыву Кабардзіна-Балкарскага ўніверсітэта: знаёміць студэнтаў з роднай мовай беларусаў. Свае кнігі з аўтографамі падарылі многія вядомыя творцы — Мікалай Чаргінец, Міхась Пазнякоў, Уладзімір Мазго, Уладзімір Навумовіч. У склад бібліятэчкі ўвайшлі слоўнікі, кнігі па літаратуразнаўстве і тыя выданні, якія пазнаёмяць каўказкую моладзь з беларускім першадрукаром Францыскам Скарынам, дазволяць больш даведацца пра Беларусь, яе нацыянальныя і культурныя традыцыі.

А нядаўна шчырую падзяку за перададзеную літаратуру даслалі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі студэнты Кабардзіна-Балкарскага дзяржаўнага ўніверсітэта. “Мы, студэнты 3 курса Інстытута гісторыі, філалогіі і СМІ КБДУ імя Х. М. Бярбекава, выказваем шчырую падзяку за прадастаўленую мастацкую літаратуру на беларускай мове. Мы атрымалі магчымасць акунуцца ў свет беларускай культуры цераз вывучэнне мовы дружалюбнага народа. Дзякуючы вашаму шчодраму падарунку мы зможам атрымаць асалоду ад жывога беларускага слова з першакрыніц. Сёлета беларуская мова ўпершыню ўключана ў навучальны план нашай вну, і мы вельмі рады, што сталі першай групай, якая вывучае беларускую мову ў класічным універсітэце на тэрыторыі Паўночнага Каўказа”.

Вось так, праз мову і кнігі, пашыраюцца сяброўскія кантакты.

Алена Стэльмах

Голас Радзімы № 32 (3536), чацвер, 24 жніўня, 2017 у PDF

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?