«У мяне цяпла хопiць на ўсiх»

Бабруйчанка Наталля Турбiна адна выхоўвае прыёмных дзяцей

Бабруйчанка Наталля Турбiна адна выхоўвае прыёмных дзяцей

— У маладосцi я хацела зарабiць грошай на кватэру, машыну, паглядзець свет i мець шмат дзяцей, — расказвае Наталля Антонаўна. — Паступова ўвасабляла сваю мару ў жыццё: паехала на будаўнiцтва Байкала-Амурскай магiстралi, потым трапiла на рыбалоўнае судна «Канстытуцыя СССР», хадзiла па Японскiм i iншых марах. Бывала, па паўтара года не была на беразе… Пасля вяртання на радзiму ў Бабруйск змагла пабудаваць кааператыўную кватэру, набыла “жыгулi”. А вось многа дзяцей мець не атрымалася. У мяне была толькi дачка Каця, якую адна гадавала…

I ўсё ж жанчыну не пакiдала надзея пачуць у сям’i дзiцячае шматгалоссе. Параiлася з дачкой: «А што, калi нам, Каця, узяць дзяцей з дзетдома. Будуць у цябе сёстры, а ў мяне — дочкi. Як ты да гэтага ставiшся?» Дачка яе падтрымала.

Вось так i прывялi ў кватэру Аленку, а затым яе сястру Надзейку. Адной пяць гадоў, другой трохi болей. Папрацаваць, вядома, давялося, бо i гаворку ставiлi, ад шкодных звычак адвучвалi, усялялi надзею i аптымiзм. Дзяўчынкi на дабрыню, спагаду хутка адгуквалiся.

Алена пры падтрымцы прыёмнай мацi скончыла фiлiял Беларускага дзяржаўнага эканамiчнага ўнiверсiтэта, ужо выйшла замуж, мае сваё дзiця. Надзя, самастойная i разумная, заканчвае дзясяты клас. Захапляецца грэбляй на байдарках. Мае дасягненнi на абласным i рэспублiканскiм узроўнях. Удзячна маме за далучэнне за спорту, бо, апрача ўсяго, гэта фiзiчная развiтасць, зда-роўе.

А тут Каця паступiла вучыцца ў БДУ, з’ехала ў Мiнск — апусцела на адзiн галасок сямейнае гняздзечка… Як быць? Наталля Антонаўна, доўга не раздумваючы, узяла з дзетдома трохгадовую Аню, а затым Наташу i Насцю. Дзяўчынкi падраслi ўжо, пасталелi, iх не пазнаць. Прыёмная мацi ў iх душу i сэрца ўкладвае. «Дзецi, — кажа, — павiнны адчуваць тваё прыцягненне, тым жа i адкажуць. Важна знаходзiць iм занятак, разнастаiць адпачынак, адным словам, жыць iмi».

У Наталлi Антонаўны свае метады выхавання: яна нiколi не карае дзiця. Хiба толькi, калi тое правiнiлася, забаронiць займацца тым, чым спадабаецца. I то непрацяглы час. Затое дасягненнi, прыкладныя паводзiны заўважае: адорвае ўсмешкай, цёплым словам, цукеркамi. Адным словам, не пакiдае дзяцей без увагi. А за ўсiм гэтым – шчодрасць душы, жаданне поўнасцю аддавацца дзецям. Калi б была магчымасць, кажа жанчына, я б усiх сiрот забрала да сябе, абагрэла б. Адкуль гэта ў яе? Вiдаць, ад таты перадалося, якi ў пасляваенны час працаваў у дзiцячым прыёмнiку-размеркавальнiку, развозiў сiрот па ўсяму Саюзу. Ды i сама вырасла ў шматдзетнай сям’i. Так цi iнакш, вось такая яна i нiякая iншая: не любiць адзiноты, а каб вакол яе хтосьцi быў, чулася дзiцячае шматгалоссе.

Наталля Антонаўна дазваляе дзецям наведваць сваiх родных мацi. «Ну i як мама?» – пытаецца па вяртаннi. «П’е…» – чуе ў адказ. «Дык, можа, ёй якая дапамога патрэбна? Давай удваiх да яе з’ездзiм».

I ў гарадскiм аддзеле адукацыi, i суседзi, знаёмыя давалi Наталлi Антонаўне высокую ацэнку: «Не кожная родная мацi так будзе клапацiцца пра сваiх дзяцей, як прыёмная: яны ў яе дагледжаныя, выхаваныя, са сваёй iскрынкай. Дзецi ганарацца мамай, а яна iмi. Тут гармонiя, суладнасць, якой можна пазай-здросцiць».

Але ёсць у Наталлi Антонаўны i праблема. Хацела яна хлопчыка з дзетдома ўзяць. Апякала яго, да школы новую форму набыла, усё, што трэба купiла. А як той быў узрадаваны, што маму знайшоў. Пайшла афармляць дакументы, а ёй сказалi: «Не падыходзiце, у вас не хапае плошчы…» Во было расстройстваў. А як дзiцяцi?.. Аднак, спа-дзяемся, неяк гэта пытанне вырашыцца. Тым больш што Наталля Антонаўна не збiраецца завяршаць сваю мацярынскую мiсiю, галоўнае, што знаходзiцца месца ў яе вялiкiм сэрцы.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter