У Беларусі свята шануюць і заўсёды будуць памятаць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

У імя дабрыні і міласэрнасці

У Беларусі свята шануюць і заўсёды будуць памятаць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У пацверджанне гэтага — мітынг-рэквіем, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”
У Беларусі свята шануюць і заўсёды будуць памятаць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. У пацверджанне гэтага — мітынг-рэквіем, прысвечаны адкрыццю мемарыяльнага комплексу “Трасцянец”.


Менавіта тут, у наваколлях беларускай вёсачкі Малы Трасцянец, дзейнічаў самы буйны на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза канцэнтрацыйны лагер. Тут абарвалася жыццё больш як 200 тысяч чалавек. Сярод іх былі не толькі ваеннапалонныя, партызаны, але і мірныя жыхары — старыя, жанчыны, дзеці.

“Сэрца сціскаецца ад болю, калі ўяўляеш размах зверстваў і злачынстваў нацыстаў супраць чалавечнасці, — сказаў на мітынгу Аляксандр Лукашэнка. — Цэлымі эшалонамі сюды звозілі людзей розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў. Не толькі нашых суайчыннікаў, але і жыхароў іншых еўрапейскіх дзяржаў — Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Чэхаславакіі. Працаваў страшны канвеер смерці”.

“Ёсць раны, якія не лечыць час. Незлічоныя ахвяры Вялікай Айчыннай вайны — адна з такіх незагойных ран, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Гады фашысцкай акупацыі пакінулі глыбокі след на нашай зямлі. Спаленыя вёскі і разбураныя гарады, бесчалавечныя “фабрыкі смерці” — усё гэта было нацэлена на знішчэнне нашага народа. Ад Беларусі практычна не засталося і следу”.

Нельга забываць, што на тэрыторыі краіны было амаль 250 лагераў савецкіх ваеннапалонных, 350 месцаў зняволення грамадзянскага насельніцтва, 186 яўрэйскіх гета.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: “Мы свята шануем і заўсёды будзем памятаць ахвяр той вайны. Таму ўзвядзенне мемарыяла ў Трасцянцы з’яўляецца для беларусаў справай гонару”.

Бясспрэчна, мемарыял у Трасцянцы — гэта знак асуджэння антычалавечай палітыкі нацызму ў дачыненні мірнага насельніцтва ўсёй Еўропы. Перад архітэктарамі стаіць няпростая задача — увекавечыць памяць аб ахвярах фашызму, захаваць гістарычную дакладнасць і стварыць поўную карціну перажытых пакут. Мемарыяльная кампазіцыя павінна стаць сведчаннем страшнай трагедыі, якая разгарнулася ў цэнтры Еўропы, на беларускай зямлі. “Узвядзенне манумента стала сапраўды агульнанародным праектам, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Адкрыты дабрачынныя рахункі, на якія паступаюць грошы ад грамадзян і арганізацый. Частка сродкаў, заробленых на рэспубліканскім суботніку, таксама была накіравана на будаўніцтва манумента”.

На думку Прэзідэнта, боль Трасцянца падзяляюць з намі грамадзяне многіх краін. На ажыццяўленне гэтага праекта актыўна пералічваюцца сродкі ад замежных мецэнатаў. “Паколькі помнік у Трасцянцы — гэта сімвал асуджэння антычалавечай палітыкі нацызму ў дачыненні мірнага насельніцтва ўсёй Еўропы. Дэвіз “Ніхто не забыты, нішто не забыта” аб’ядноўвае ўсіх нас. Словы глыбокай удзячнасці мы гаворым тым, хто ўвасабляе ў жыццё гэты маштабны праект, хто аказваў і аказвае ўсебаковую дапамогу ў яго рэалізацыі. Няхай гэты помнік служыць збліжэнню людзей у імя ідэалаў дабра і міласэрнасці, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Няхай ён нагадвае нам, нашым дзецям, нашым унукам, як важна цаніць і аберагаць мір і грамадскую згоду. І няхай ён ніколі і нікому не дазволіць забыць пра тое, да якіх жахлівых трагедый прыводзяць ідэі нацызму, нецярпімасці ды імкнення навязваць сваю волю сілай зброі”.

Аляксандр Лукашэнка перасцерагае ад спроб перапісаць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны: “У апошні час мы ўсё часцей чуем: “А навошта ўсё гэта трэба, давайце ўсё забудзем”. Пад гэтым, здавалася б, бяскрыўдным лозунгам крыецца жахлівая рэч, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэта спроба не толькі забыць, але і перапісаць гісторыю апошняй вайны, адняць подзвіг нашага народа ў нас, мы гэтага не павінны забываць, мы не павінны нікому аддаць гэтую Вялікую Перамогу, таму што гэта сведчанне велічы савецкага народа, нашчадкамі якога з’яўляемся і мы”.

“За тую перамогу нашых бацькоў і дзядоў цяперашняя Еўропа і ўвесь свет павінны быць удзячныя ім, загінулым”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, такія помнікі — гэта не проста даніна памяці ахвярам, гэта напамін пра тую страшную вайну. “І гэта павінна быць накіравана ў будучыню”, — лічыць кіраўнік дзяржавы.

Пасля заканчэння мітынгу-рэквіема Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Ён пажадаў ім здароўя і доўгіх гадоў жыцця. “Галоўнае, каб вы жылі. Вы — жывыя сведкі таго, што адбылося ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — адз­начыў Прэзідэнт. — Мы павінны захаваць мір у краіне, і залог гэтага міру — вы, ветэраны”.

Веніямін Міхееў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter