У музеі не спяць

Дзе і што можна ўбачыць у ноч музеяў?

Ноч музеяў — міжнародная падзея, якая адбываецца штогод у краінах Еўропы і прысвячаецца Міжнароднаму дню музеяў, ён адзначаецца ў свеце 18 мая. Адзін раз у год сотні «храмаў муз» расчыняюць свае дзверы для ўсіх, каму цікава ўбачыць іх багацці ў нязвыклы час сутак — позна ўвечары і ўначы. Наша краіна далучылася да гэтай акцыі ў 2004-м. З вечара 20 мая больш за 90 музеяў краіны прымуць удзел у ёй зноў. Што пакажуць наведвальнікам?

Начных наведвальнікаў у Нацыянальным мастацкім музеі штогод многа

Будзь як Купала


У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы абыгралі імя класіка і назвалі начное дзейства «Будзь ЯК!»: будзь як Янка Купала — таленавітым і закаханым, стыльным і элегантным, маладым і крэатыўным!

Наведвальнікам прапануюць унікальную магчымасць паразважаць над тым, за якія дасягненні Янка Купала ў свой час мог атрымаць Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры, прайсці пасвячэнне ў таварыства філаматаў і філарэтаў, патрапіць на Парнас, зрабіць адметныя фотаздымкі з лётчыкамі і раскрыць таямніцу «Кода Купалы». У час тэатралізаванай дзеі ў мемарыяльных пакоях музея гасцей сустрэнуць сваякі і сябры народнага паэта, якія падзеляцца сваімі ўспамінамі і гісторыямі з жыцця Песняра. У праграме таксама майстар-клас па гістарычных танцах, знаёмства з беларускай геральдыкай, канцэртная праграма.

Музейная ноч будзе каштаваць усяго 1 рубель.

Святло ў акне 


Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрашае на захапляючую праграму «Святло ў акне». Назва невыпадковая. У доме, дзе цяпер музей, Колас жыў ужо ў сталым узросце, нярэка пакутаваў на бяссонніцу, позна працаваў, і святло ў яго акне часцяком гарэла да рання. 

Імпрэзы рыхтуюцца разнастайныя. Тэатралізаваная экскурсія пазнаёміць з традыцыйным укладам жыцця сям’і Міцкевічаў, а героі «ажыўшай» экспазіцыі дазволяць убачыць самога гаспадара дома, яго дамачадцаў і гасцей. Экспазіцыя ў гаражы раскажа пра жыццё народнага паэта праз шэсць яго аўтамабіляў. А ў склепе можна будзе пачаставацца традыцыйнымі сялянскімі стравамі.

Толькі адзін раз на год пяро № 86, якім пісаў Колас, зможа патрапіць у рукі наведвальнікаў музея. Ёсць магчымасць праверыць, ці сапраўды запісаныя ім жаданні збываюцца. Магічныя ўласцівасці мае і новая драўляная скульптура «Слодыч мар» на прысядзібнай літаратурнай пляцоўцы. Калі прысесці на гэтыя два пераплеценыя карані і нешта загадаць, тое спраўдзіцца абавязкова. А калі пастаяць у двух слядах на дубовай «Дарозе на Алімп» — адчуеш узлёт паэтычнага натхнення.

Нядаўна фонды музея папоўнілі ўнікальныя архіўныя відэаматэрыялы, на якіх можна пабачыць жывога Коласа, яго сустрэчу з дзедам Талашом і знакамітымі рускімі пісьменнікамі, пачуць гісторыю напісання трылогіі «На ростанях». Кінапрагляд — таксама ў праграме.

Уваход у Дом Коласа — вольны. Квіткі на канцэрты — па 5 рублёў.

Ваенная тайна


Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны чакае начных наведвальнікаў з 18.00. З надыходам вечара яго экспазіцыя ажыве: танкісты, лётчыкі, зенітчыкі, стралкі, партызаны, падпольшчыкі, ваенныя карэспандэнты, медсёстры і іншыя персанажы ваенных гадоў запоўняць залы. Яны раскажуць аб экспанатах і інсталяцыях, пакажуць эпізоды з ваеннага жыцця і нават прапануюць у іх паўдзельнічаць.

Адной з цэнтральных падзей стане прэзентацыя ўнікальнага музейнага прадмета. Арганізатары інтрыгуюць: рэч — рэдкая, адна з жамчужын калекцыі, цікавая не толькі для нашай, але і для іншых краін. Што гэта? Сакрэту загадзя не выдаюць — ваенная тайна. 

З таго, што дакладна вядома: упершыню будзе адкрыта пляцоўка з устаноўленым самалётам Лі-2. Там будзе працаваць партызанская мастацкая школа і праводзіцца конкурс малюнкаў. Каля музея выступіць «франтавая брыгада», пройдзе выстаўка аўтамабільнай рэтра- тэхнікі МУС, запрацуе кінаперасоўка, разгорнецца палявая кухня з абавязковай салдацкай кашай. 

Завершыць мерапрыемствы калектыўнае выкананне папулярнай песні пра вайну каля стэлы «Мінск — горад-герой». Пачатак — у 22.50.

Кошт квітка ў музей ніжэй, чым у звычайныя дні. Наведвальнікам у ваеннай форме Чырвонай або Савецкай арміі і цывiльных уборах 30—50-х гадоў уваход бясплатны.

Гульня ў класікі


Нацыянальнаму мастацкаму музею тэму святочных мерапрыемстваў падказаў раман аргенцiнскага пісьменніка Хуліа Картасара «Гульня ў класікі». Назву прадоўжылі — «Гульня ў класікі, або Адмова ад строгай геаметрыі». І патлумачылі: постмадэрнісцкі раман можна чытаць паступова, звычайна, можна па ланцужку, падказаным аўтарам, а можна і па-свойму, пераскокваючы з главы ў главу ў пачатку, сярэдзіне ці канцы кнігі, тым самым знаходзячы іншыя сэнсы твора. Тое ж зрабіць прапануе і музей: можна проста адправіцца глядзець мастацкія выстаўкі і экспазіцыю, а можна не надта паглыбляцца ў жывапіс, але правесці час сярод яго весела і займальна. 

Для гэтага будуць створаны розныя інтэрактыўныя пляцоўкі. Адна з іх — «Карціны адыходзяць да сну». Самыя знакавыя творы ў залах рускага мастацтва завесяць — няхай шэдэўры адпачнуць, яны таксама стамляюцца ад пастаяннай увагі. А яе на гэты раз варта звярнуць на суседнія, не меньш цікавыя палотны. У адзін з залаў наогул можна будзе ўвайсці толькі з фанарыкам, бо святла ў ім не будзе зусім. Пра фанарыкі, дарэчы, раяць паклапаціцца загадзя і ўзяць з сабой з дому. Гэтак жа, як кніжкі для сляпога буккросінгу пад наглядам Францыска Скарыны. Першадрукар пацікавіцца, што чытаюць сучасныя аматары літаратуры. Нясумным абяцае быць і цыкл кароткіх лекцый у стылі TED. Тэмы — займальныя. Накшталт «10 фактаў пра іконы на панэлі вашага аўто» або «Як стаць для свайго дзіцяці гідам па музеі, у якім сам нічога не разумееш».

Гасцей чакаюць з 19.00 да 00.00. 

Кошт білетаў — звычайны, 5 рублёў. На выстаўку графікі Рэмбранта — уваход асобны.

Гісторыя з кантрабандай і канспірацыяй


У нацыянальным гістарычным музеi асноўныя мерапрыемствы — з 20.00 да 2.30. Ноч аб’яўлена кантрабандысцкай, пройдзе пад знакам Вялікай Мядзведзіцы — адсылка да вядомага рамана Сяргея Пясецкага — і прымеркавана да закрыцця маштабнага выставачнага праекта «Гандаль Беларусі на шалях гісторыі».

У наведвальнікаў з’явіцца магчымасць убачыць гандаль у іншым святле і раскрыць яго самыя таемныя бакі. Гасцей чакаюць квест «Тайнымі сцежкамі кантрабандыстаў», перформансы, фільмы, фотазоны і шмат іншых, звязаных з тэмай сюрпрызаў.

Кошт білетаў — ад 1 да 3 рублёў. Праграма ў музейным дворыку — бясплатная. Тут выступяць музычныя гурты, будуць працаваць хэнд-мэйд-кірмаш і гіганцкі лега-лабірынт для дзяцей.

У філіяле гістарычнага музея — Доме-музеі I з’езда РСДРП узгадаюць сёлетняе 100-годдзе Кастрычніцкай рэвалюцыі і правядуць ноч канспірацыі. Наведвальнікам адкрыюць мемарыяльную зону, дазволяць пасядзець за гістарычным сталом і адчуць сябе ўдзельнікам тайнай суполкі заснавальнікаў Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Жадаючыя змогуць асвоіць азбуку Морзе, прыёмы шыфравання, а таксама патанцаваць.

Праграма разлічана да 00.00. Квіткі на ноч канспірацыі — 1—2 рублі.

Танцуюць усе


У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча перафразавалі вядомую прымаўку і ўзяліся праверыць: хто танцуе, таму шанцуе? У выніку — танцуюць усе. 3 16.00 да 18.00 — дзіцячая праграма з народнымі гульнямі і забавамі ад фальклорнага калектыву «Калыханка». У гэты час можна будзе таксама бясплатна прайсціся па абноўленай экспазіцыі музея і паслухаць экскурсію. Далей — праграма на любы густ: танцы сярэдневяковыя, традыцыйныя, сучасныя. А для шчырых прыхільнікаў літаратуры — прэзентацыя кнігі Мікіты Найдзёнава «Развітанцы», якая летась увайшла ў шорт-ліст прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

Уваходны квiток — 3 рублi. 

З 16.00 да 18.00 — уваход вольны.

Ніякіх паўмер


У галерэі «Арт-Беларусь», якая нядаўна пачала работу ў Палацы мастацтваў, плануюць не спаць даўжэй за ўсіх. Кажуць: ніякіх паўмер, экспазіцыя адкрыта да рання. Старт — у 22.30. Фініш — у 5.00.

Толькі гэтай ноччу тут можна ўбачыць выставу «Неабыякавыя». Увесь месяц пасля адкрыцця за гасцямі галерэі назіралі, каб даведацца, якія карціны калекцыі найбольш палюбіліся, напалохалі або ўзрушылі гледачоў. Цяпер наведвальнікам прадставяць топ «неабыякавых» і раскажуць гісторыю кожнага экспаната.

Бесперабойна да світання можна будзе слухаць выступленні электроннага тэатра «Тэатроніка». А «Напоі пра мастацтва» прапануе школа барменаў «19/33». Хто не ў тэме: у назве — не проста набор лічбаў, гэта перыяд сухога закона ў ЗША, у час якога ў нелегальных спікізі-барах зараджалася залатая эпоха кактэйляў. Так што захаванне сакрэтнасці – умова абавязковая. Бар давядзецца пашукаць. Дарэчы, менавіта там можна выйграць карту пастаяннага госця галерэі «Арт-Беларусь».

І якая Ноч музеяў без майстар-класаў! Малюем на сценах? Даведваемся пра сакрэт абстракцыі? Адкрываем таямніцы колеру Суціна? 

Уваход — 2 рублі, але кожны 10-ы госць пройдзе бясплатна.

svirko@sb.by

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Автор фото: Виталий ГИЛЬ
Версия для печати
Заполните форму или Авторизуйтесь
 
*
 
 
 
*
 
Написать сообщение …Загрузить файлы?