Познаем Беларусь: 20 марта белорусскому писателю и переводчику Федору Жичке исполнилось бы 95 лет

У моры душы чалавечай

Як добра часам перагартаць старонкі кніг, якія былі сябрамі са школьных дзён. Здымаю з паліцы зборнікі вершаў і паэм Хведара Жычкі, дзіўлюся прыгажосці роднага слова:

Бацькоўскі край — гаючая крыніца,
лясы,
палі,
блакіт над галавой,
цябе любіць, табою ганарыцца —
сыноўні абавязак мой.

Хведар Дзмітрыевіч Жычка нара­дзіўся 20 сакавіка 1927 года ў мястэчку Марс (цяпер вёска Гелін) Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і. З дзяцінства захапляўся маляваннем, марыў паступіць у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднак гэтыя планы парушыла Вялікая Айчынная вайна. У 1944 годзе ён быў прызваны ў Чырвоную армію, але на фронт не трапіў, вайна блізілася да завяршэння. Летам 

1945-га Хведар Жычка пайшоў служыць на Балтыйскі ваенна-марскі флот. Тады і пачаў пісаць вершы, якія былі надрукаваны ў газеце «Страж Балтики».

Завочна вучыўся ў Калінінградскім электратэхнікуме. Пасля звальнення ў запас працаваў у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі». У 1959 годзе скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларусь», галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». 3 1976-га працаваў старшым рэдактарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Свае шматлікія творы Xведар Жычка адрасаваў дзецям і юнацтву. Напрыклад, вострасюжэтныя, з цікавымі характарамі персанажаў аповесці для дзяцей «Каштанавы «Масквіч», «Піфагоравы штаны», «Зброю бяруць сыны», «Зорачка-пяцёрачка», «Дзе растуць бяссмертнікі», «Дзень будзе ясны». Не меншую цікавасць і сёння ў шматлікіх чытачоў выклікаюць зборнікі паэзіі, апавяданняў і нарысаў, фельетонаў і гумарэсак, а таксама вершы, перакла­дзеныя ім на беларускую мову. Сярод іх, дарэчы, ёсць асобныя творы рускага пісьменніка Аляксея Талстога. На словы Хведара Жычкі напісаны шматлікія музычныя творы.

     
Хведар Дзмітрыевіч быў членам Саюза пісьменнікаў СССР, членам КПСС. Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», Ганаровай граматай і Граматай Вярхоўнага Савета БССР, медалямі.

Памёр Хведар Дзмітрыевіч Жычка ў 2007 годзе.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter