У модзе зараз барбарысы

Дрэвы — як людзi: нараджаюцца, старэюць, памiраюць. На змену iм прыходзяць маладыя дрэўцы. Гледзячы на стромкiя сосны, якiя падпiраюць вершалiнамi неба, цяжка паверыць, што iх кволыя парасткi, такiя безабаронныя, гадавалi i песцiлi, бы немаўлят. Глебу ля iх старанна праполвалi, рыхлiлi, падкормлiвалi. Ужо потым падросшыя саджанцы пераводзяць у наступнае аддзяленне — “школьнае”.

Начальнiк дрэвагадавальнiка Вiлейскага лясгаса Алеся Фастовiч так i адносiцца да сваiх гадаванцаў — бы да дзяцей. На плошчы амаль 30 гектараў у яе знойдзецца ўсё: 10 парод хвойных i 40 — лiсцевых. Асноўную частку маладняку прадаюць на выставах i кiрмашах, таму зараз старанна рыхтуюцца да асеннiх кiрмашоў. Алесi i яе калегам ёсць што прапанаваць пакупнiкам.
— Восенню вялiкi попыт на нашу прадукцыю, — расказвае Алеся Леанiдаўна. — Для азелянення дачных i прысядзiбных участкаў усё больш выбiраюць самшыты, розныя вiды туi. Зараз вялiкiм попытам карыстаецца барбарыс. На яго нiбы мода пайшла.
Але мода — з’ява пераменлiвая i непастаянная, дрэва ж за адзiн год не вырасцiш. Таму лесаводы iмкнуцца не прадугадваць яе капрызы, а фармiраваць.
Для азелянення аграгарадкоў ахвотна купляюць лiпы, каштаны, тыя ж туi i кiпарысы. Сёлета для гэтых мэтаў ужо прадалi пасадачнага матэрыялу на 22 мiльёны рублёў.
Але асеннiя кiрмашы яшчэ наперадзе. Грошы лесаводам патрэбны, каб пакрыць iмi выдаткi на пасадачны матэрыял, сродкi догляду за раслiнамi. З гэтай мэтай i закладзены ў гадавальнiку плантацыi аронii i шыпшыны. Ягады прадаюць харчовым камбiнатам. Тым i зарабляюць. Ураджай сёлета парадаваў. На яго збор запрасiлi нават сезонных рабочых.
Прынамсi, не ўсё, напэўна, у раслiнным свеце так, як сярод людзей. За “пасынкамi” ў гадавальнiку нагляд асаблiва ўважлiвы. “Пасынкаванне” iдзе ў невялiкай цяплiцы, i кволых “пасынкаў” даглядаюць i песцяць, бы немаўлят. Лесаводы спадзяюцца, што, падросшы, яны аддзячаць за клопат — дадуць добры прыбытак пры продажы.
Але сапраўдны гонар Алесi Фастовiч i яе калег — плантацыя карэйскага кедра, на сённяшнi дзень — адзiная ў Беларусi. Яе пасадзiлi 27 гадоў таму, калi ў Куранецкiм ляснiцтве закладвалi гадавальнiк.
— Лiчыцца, што кедр пачынае прыносiць плады праз трыццаць гадоў жыцця, — дзелiцца сваiмi ведамi Алеся Леанiдаўна. — Нашай плантацыi толькi дваццаць сем, аднак сёлета мы сабралi першыя арэшкi. Няшмат, праўда, але зберагаем iх, як каштоўныя. Магчыма, менавiта з нашага лясгаса пачне распаўсюджвацца на Беларусi гэтая каштоўная культура.


 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter