Самыя каштоўныя скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея цяпер сабраны ў адной інтэрактыўнай кнізе

У мінулае — адным клікам

У  «будынку з пушкай» збіраюцца здзівіць сваёй інавацыйнай задумай — праекцыяй электроннай кнігі «Скарбы Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь». З аднаго боку, гэта не зусім свежая навіна, бо самыя адданыя наведвальнікі маглі ўжо бачыць нешта падобнае ў маі падчас «Ночы музеяў», але з іншага — за тры месяцы праект быў дапрацаваны і цяпер выглядае зусім інакш. Больш за тое, на афіцыйнае адкрыццё 30 жніўня запрошана заслужаная артыстка Беларусі Алена Ланская. Той яшчэ сюрпрыз.

Аляксей ЛЕСІН: «За тры месяцы гэты праект быў удасканалены, і сёння сам можа лічыцца музейным скарбам»
Фота аўтара

Месца ў музеі для гэтага праекта абралі самае што ні на ёсць годнае. Можна сказаць, што ён знаходзіцца ў самым сэрцы новай экспазіцыі «Беларусь: адраджэнне духоўнасці», адкрытай у канцы мінулага года і прысвечанай традыцыйнай духоўнай культуры краіны пачынаючы ад часоў паганства да сучаснага адраджэння рэлігійнасці. Усяго тры залы. Першая прысвечана самай старажытнай эпосе — дахрысціянскіх вераванняў: народныя звычаі, адзенне, архіялагічныя знаходкі і г.д. Другая — трыдыцыйным для Беларусі рэлігіям, тут некалькі каштоўных экспанатаў нават з іншых музеяў. Але самае-самае тут, вядома ж, пояс Вітаўта — гісторыка-культурная каштоўнасць першай катэгорыі, аб’ект міжнароднага значэння, які ўяўляе сабой набор сярэбраных пласцін канца XIV — пачатку XV стагоддзя і які, па легендзе, быў падораны крымскімі татарамі вялікаму князю Літоўскаму Вітаўту. Самая вялікая зала — даніна павагі духоўным традыцыям XIX стагоддзя і рэлігійнаму рэнесансу. У асноўным гэта жывапіс недалёкіх нам часоў, іконы і г.д. Сярод іх і месціцца новы мультымедыйны праект.

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь валодае найвялікшай у нашай краіне калекцыяй гісторыка-культурных каштоўнасцей, якая налічвае больш за 450 000 адзінак захоўвання. Вядома ж, штосьці з гэтага эксклюзіўнае, у адзінкавых экзэмплярах, штосьці больш таннае. У 2015-м у музеі стварылі адмысловы альбом, дзе і сабралі здымкі сапраўдных скарбаў, якімі ён валодае. Дык вось гэта інтэрактыўная кніга і зроблена на аснове друкаванага выдання. Праўда, альбом налічвае трохі больш экспанатаў, чым  мультымедыйны варыянт. Але і ў апошняга ёсць свае пэўныя перавагі.

Аб усім па парадку. Спачатку пра тое, чым сённяшні варыянт кнігі адрозніваецца ад папярэдняга. Па сутнасці, ён проста дапрацаваны: раней на вачах людзей стаяў праектар, цяпер ён замаскіраваны. Словам, выглядае больш удасканаленым. Да таго ж з’явілася дэкаратыўнае афармленне. Гэта сапраўды той выпадак, калі ўжо з гонарам можна паказваць наведвальнікам.

Цяпер пра тое, як гэта выглядае. Па сутнасці гэта звычайная кніга, праўда, з белымі старонкамі. На кожнай з іх адкрываецца QR-код, які аўтаматычна счытваецца, і адразу з’яўляецца выява таго ці іншага скарба. Усё гэта суправаджаецца фонавай музыкай і інфармацыйным паведамленнем пра экспанат. Лічбавая праекцыя выяў музейных каштоўнасцей зроблена з дапамогай тэхналогіі так званага відэамапінгу.

Адкрывае кнігу ўсё той жа пояс Вітаўта. Але каштоўнасць гэтага праекта якраз у тым і ёсць, што праецыруюцца не толькі тыя скарбы, якія даступныя кожнаму наведвальніку, але і тыя, што схаваныя ад вачэй людскіх. Напрыклад, той жа Мінскі клад, знойдзены ў сталіцы ў канцы 80-х. Гэта адзін з найбольш каштоўных скарбаў музея: вага сярэбраных прадметаў больш за дзесяць кілаграмаў. Яшчэ адна старонка — самая старая друкаваная кніга калекцыі НГМ — «Апостал» 1595 года, які быў выдадзены ў друкарні Мамонічаў у Вільні.

Варта ўзгадаць, што гэта не першы мультымедыйны праект у музеі. Тут сапраўды крочаць нага ў нагу з часам і новымі тэхналогіямі. У іншай зале месціцца комплекс, прысвечаны Францыску Скарыне. Ён зроблены па матэрыялах Маскоўскага гістарычнага музея, які на нейкі час прадстаўляў у Мінску арыгінал нашага першадрукара. Некалькі месяцаў таму яго адвезлі назад, а вось яго электронныя старонкі, складзеныя ў кнігу, засталіся. У пастаяннай экспазіцыі знаходзіцца і ЗD-праекцыя Крэўскага і Гальшанскага замкаў. Цяпер кожны жадаючы можа ўбачыць, як выглядалі гэтыя пабудовы стагоддзі таму, надзеўшы VR-акуляры.

Навуковы супрацоўнік музея Аляксей Лесін, які і дэманстраваў нам сучасныя магчымасці культурнай установы, расказаў, што ўсе гэтыя праекты пастаянна ўдасканальваюцца, а наперадзе і новыя падобныя сюрпрызы для наведвальнікаў.

Дык а што ж Алена Ланская будзе рабіць 30 жніўня ў музеі? Гасцям імпрэзы прадэманструюць магчымасці відэамапінгу на прыкладзе кліпаў спявачкі. Да таго ж артыстка сімвалічна перадасць Нацыянальнаму гістарычнаму музею Рэспублікі Беларусь правы на выкарыстанне сваіх песень у музейнай працы.


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter