У мэтах нацыянальнай бяспекі

Вядома, што нацыянальная бяспека мае шмат вымярэнняў. Шэраг яе складнікаў апынуўся ў інфатопах бягучага тыдня. Найважнейшымі з такіх напрамкаў, па-ранейшаму, з’яўляюцца харчовая бяспека краіны і экспартны патэнцыял айчыннай сельскай гаспадаркі. Паняцці гэтыя адно з адным звязаны непарыўна.

Недарэмна актуальнасць згаданай тэматыкі днямі зноў пацвердзілі на самым высокім узроўні падчас нарады ў Прэзідэнта.

“Значнасць мяса і малака і надалей будзе ўзрастаць і найперш на нашым асноўным расійскім рынку. Ужо абвальна ідзе інфармацыя аб тым, што мясныя прадукты ў Расіі моцна падаражэюць, абгрунтоўваецца гэта тым, што даражэе сыравіна. Значыць, у Расіі няма мяса. Таму трэба падрыхтавацца да гандлю на нашых асноўных рынках, але не забываць пра свой унутраны. І пытанне цэнаўтварэння — за гэта нехта можа згубіць галаву”, — зазначыў кіраўнік дзяржавы. Гаворачы аб развіцці ў Беларусі малочнай вытворчасці, Аляксандр Лукашэнка паведаміў: зробленыя раней крокі ў гэтай галіне спраўдзіліся, аднак задача па ўзвядзенню малочна-таварных комплексаў застаецца — усе запланаваныя аб’екты неабходна дабудаваць.

У падтрымку сказанага Прэзідэнтам лічбы Белстата: у першым паўгоддзі 2018-га ў гаспадарках усіх катэгорый вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў бягучых цэнах склала 5,9 мільярда рублёў, павялічыўшыся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 1,7 працэнта (у супастаўных цэнах). Назіраецца тэндэнцыя стабільнага павышэння аб’ёмаў гандлю сельгаспрадукцыяй. Пры гэтым экспарт прадукцыі беларускага АПК толькі за пяць месяцаў бягучага года павялічыўся на 6,5 працэнта і дасягнуў 2,071 мільярда долараў. Пазітыўная дынаміка назіраецца па таварах мясной групы — рост у гэтым сегменце рынку на 12 працэнтаў. Пастаўкі беларускай малочкі за мяжу склалі сёлета 1,6 мільёна тон (супадае з паказчыкамі за студзень — май 2017 года). Нагадаю таксама, што за 2017 год Беларусь экспартавала сельгаспрадукцыі на суму 5 мільярдаў долараў.

 І яшчэ крыху аб значнасці “сельскагаспадарчага пытання”. Паводле нядаўняй заявы кіраўніка праграмы экспартнага развіцця Food From Finland Эса Уранга, толькі праз чатыры гады Фінляндыя змагла пераадолець наступствы расійскага прадуктовага эмбарга і вяртаецца да ўзроўню экспарту ўласнай сельгаспрадукцыі напярэдадні ўвядзення расійскіх контрсанкцый у 2014 годзе. Пад забарону рэалізацыі ў Расіі тады трапілі: мяса, каўбасы, рыба і морапрадукты, садавіна, агародніна і ўся малочка. Дык вось па выніках мінулага года экспарт прадуктаў харчавання з Фінляндыі змог дасягнуць 1,6 мільярда еўра (вынік 2014-га). Стратэгічная мэта фінаў — рост сельгасэкспарту да канца 2020 года да ўзроўню трох мільярдаў.

Адчувальнай застаецца харчовая праблема і для буйных развітых краін. Вялікабрытанія насамрэч забяспечвае зараз толькі дзве трэціх часткі ад неабходнага краіне харчавання — летась тут быў выраблены 61 працэнт ад патрэбнага. Сёлетняя спякота можа негатыўна паўплываць і на гэтую статыстыку для насельніцтва вострава. Асабліва на фоне практычнай рэалізацыі ідэй брэксіта.

Такім чынам, тэма харчовай бяспекі выходзіць сёння ў свеце на пярэдні план.

Іншым важным рашэннем тыдня для энергетычнай бяспекі Беларусі стала пастанова Урада № 579, дзе былі ўнесены змяненні ў комплексны план развіцця электраэнергетычнай сферы краіны да 2025 года з улікам уводу ў эксплуатацыю Беларускай АЭС (па факту атамная энергетыка ў агульным энергетычным балансе нашай краіны зойме 45 працэнтаў). Зацверджаны ў тым ліку міжгаліновы комплекс захадаў па павелічэнні ўжывання электраэнергіі да 2025 года. На рэалізацыю яго мерапрыемстваў Беларусі патрабуецца каля 7,7 мільярда рублёў. Як стала вядома, аб’ём выкарыстання электраэнергіі да 2026 года ў нас узрасце на 3,38 мільярда кВт.г.

Да ведама: летась спажыванне электраэнергіі ў нашай краіне склала каля 37 мільярдаў кВт.г (імпарт быў у аб’ёме 2,7 мільярда кВт.г). Сёлета Беларусь не мае такога імпарту. У 2020 годзе два рэактары БелАЭС вырабяць 18 мільярдаў кВт.г электраэнергіі — гэта вялікі рэсурс для нацыянальнай эканомікі па замяшчэнні на электрычнасць прыроднага газу і іншых відаў паліва.

Вось такія навіны. Сустрэнемся..
Ігар Савосценка, галоўны рэдактар

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter