У Міры пабывала прынцэса дэ Бурбон Пармская

На днях прынцэса дэ Бурбон Пармская разам з мужам Луі Арно Л’Ерб’е ўпершыню наведала Беларусь
Прамы нашчадак Людовіка XIV і кузіна ледзь не ўсіх цяперашніх еўрапейскіх каралёў прынцэса дэ Бурбон Пармская, здаецца, ужо прывыкла да няёмкай паўзы, якая ўзнікае ў журналістаў пры звароце да яе. За высокім тытулам хаваецца чароўная 55-гадовая брунетка, прэзідэнт Французкай асацыяцыі па пашырэнні мастацтва ў свет бізнесу, уладальніца ўласнага брэнда Princesse Tania de Bourbon Parme і пасол моднага дома куцюр’е Дэні Дзюрана. 

На днях прынцэса дэ Бурбон Пармская разам з мужам Луі Арно Л’Ерб’е ўпершыню наведала Беларусь, дзе не толькі падтрымала даўняга сябра Дэні Дзюрана і адкрыла з ім першы франка-беларускі праект у галіне высокай моды Mir Couture, але і пазнаёмілася са спадчынай знакамітай княжацкай сям’і Радзівілаў.


Прынцэса Таня дэ Бурбон Пармская і французкі куцюр’е Дэні Дзюран на вернісажы ў Мірскім замку

Перад візітам у Мір прынцэса спецыяльна вывучыла сваё генеалагічнае дрэва — з Радзівіламі, як аказалася, яе звязваюць у тым ліку і роднасныя сувязі.

— Вытокі вядуць да лініі каралёў Даніі і Грэцыі. Унучку Георга I Грэчаскага завуць, дарэчы, Таццяна Радзівіл — гэта мая цётка. Калі Дэні Дзюран сказаў, што выстава яго ўбораў пройдзе ў замку, які належаў у свой час сям’і Радзівілаў, я вырашыла, што гэта лёс. Таму проста не магла адмовіцца ад запрашэння прыехаць у Беларусь.

Сам мэтр французкай моды ў нашай краіне ўжо бываў. Упершыню прыехаў тры гады назад — на цырымонію адкрыцця дваццатага кінафестывалю “Лiстапад”. Тады па чырвонай дарожцы ў ашаламляльных уборах ад Дзюрана прайшліся зоркі беларускага тэатральнага і кінасвету. На гэты раз ад зорнага дэфіле куцюр’е адмовіўся. Перад класічным подыумным паказам аддаў перавагу фармату стацыянарнай выставы. Задуму дызайнер тлумачыць так:

— Калекцыя прадстаўлена выключна на манекенах спецыяльна для таго, каб у гасцей была магчымасць у дэталях разгледзець фурнітуру, тканіну, аксесуары — тое, што на подыуме часцяком застаецца незаўважаным.


Пасол Беларусі ў Францыі П.Латушка на прэзентацыі

Што характэрна, выстава Mir Couture размясцілася пад самымі скляпеннямі замка, на паддашку. І справа не ў тым, што пятнаццаці вытанчаным туалетам не знайшлося месца ў шырокіх княжацкіх пакоях. Мсье Дзюран і тут на правах гаспадара свята выказаў арганізатарам сваё пажаданне — знайсці для яго нешта традыцыйна беларускае:

— На мой погляд, менавіта гэтая камерная абстаноўка дапамагае сукенкам зайграць, у вялікай зале ўборы злёгку згубіліся б. Акрамя таго, тут аўтэнтычная атмасфера — менавіта такую я шукаў у гэтых сценах.

Праект нездарма пазначаны як франка-беларускі: суаўтарам некалькіх сілуэтаў выступіў модны мінскі дызайнер Апці Эзіеў. Яго задачай было разбавіць класічны стыль Дзюрана элементамі са скуры і металу. 

Да творчай каманды таксама далучыліся ювелірны брэнд Zorka і дызайнер Аксана Вінаградава, кіраўнік брэнда ручнога ткацтва Heartiness — з іх тканіны французкі куцюр’е стварыў сціплую, але стыльную шлюбную сукенку. Прыклаў маэстра руку і яшчэ да аднаго ўбора — яго на вернісажы ў Міры прадставіла сама прынцэса Таня дэ Бурбон:

— З Дэні я супрацоўнічаю ўжо шмат гадоў. Колькі яго сукенак у маёй калекцыі? Каля дзесяці, думаю. Але гэта, спадзяюся, далёка не мяжа. У жыцці я аддаю перавагу апранацца сціпла, някідка. Шмат часу праводжу за пісьмовым сталом, але, калі выпадаюць моманты надзець вытанчаныя вячэрнія ўборы, з задавальненнем выкарыстоўваю магчымасць “выгуляць” сукенкі ад майго сябра Дэні.



Плануецца, што пасля Міра ўборы адправяцца туды, дзе пачынаўся іх шлях, — на Блакітны бераг Кан. Надз­вычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Францыі Павел Латушка таксама зазірнуў на вернісаж у Міры:

— Вельмі сімвалічна, што два буйныя праекты ў галіне культуры цяпер праходзяць у Беларусі і Францыі адначасова. У адзін дзень на I Беларускіх тэатральных сезонах у Парыжы наш Купалаўскі тэатр паказаў спектакль “Арт”, а тут, у Мірскім замку, адкрылася выстава французкага куцюр’е Дэні Дзюрана. Акрамя таго, у Мінску адбыліся беларуска-французкія кансультацыі паміж мінсітэрствамі замежных спраў. Усё гэта паказвае дынаміку нашых адносінаў. Важна, што пераплятаюцца менавіта культурны, эканамічны і палітычны складнік.

Юлія Лявонава

* * *

Выстава вячэрняй і вясельнай сукенкі Mir Couture будзе знаходзіцца ў замку да 15 верасня 2016 г. Затым праект адправіцца ў Францыю.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter