Пачатак мая — вельмі адметная пара для журналістаў у Беларусі.

У люстэрку сучаснасці

Пачатак мая — вельмі адметная пара для журналістаў у Беларусі.
Пачатак мая — вельмі адметная  пара для журналістаў у Беларусі. 1 мая — Дзень працы. 5 мая — Дзень друку, 7 мая — Дзень работнікаў радыё і тэлебачання. 9 мая — Дзень Перамогі... Шмат святаў, і з іх два — прафесійныя.

Адзначаць бы! Але такі парадокс прафесіі: калі ўся краіна адпачывае, брація, якая піша і вяшчае, выходзіць на вуліцы, садзіцца за тэлефоны. 1 і 9 мая асвятляюць, як суайчыннікі праводзяць гэтыя дні. 5-га і 7-га пішуць рэпартажы пра тое, якіх поспехаў дабіліся калегі. Тым больш што ў гэтыя дні галоўныя прафесійныя ўзнагароды — статуэтку “Залатая Літара” і ганаровы знак “Залатое пяро” — традыцыйна ўручаюць лепшым аўтарам у Міністэрстве інфармацыі і Беларускім саюзе журналістаў. Многія з тых калег, пра каго я раскажу, маюць гэтыя сімвалы прызнання поспехаў у прафесіі. Але не гэта галоўнае ў іх жыцці.

Тыя, хто бяруць у рукі ручку, мікрафон, ідуць да гэтага з самых ранніх гадоў. А галоўная матывацыя: падзяліцца тым, што ўбачыў вакол, з іншымі. Бо большасць з нас бачыць толькі той свет, які побач. А большасць інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне, свеце, атрымлівае з газет, з экранаў тэлевізараў. Ад такіх жа па сутнасці людзей, якія адрозніваюцца толькі адной характэрнай рысай: тое, што ўбачыў, не апусціў у калодзеж памяці, а выказаў на паперы або зазняў і перадаў у эфір — каб тысячы, мільёны іншых суайчыннікаў, замежнікаў таксама ведалі пра штосьці толькі табе пакуль што вядомае: новае, незвычайнае, важнае.

Пазнаёмімся з імі бліжэй, з гэтымі летапісцамі нашых дзён.

Вольга Сахарава. Лепшы гід па Мінску

Olga Sakharova believes that there is special Minsk character: “We are very friendly, and tourists always notice it. If somebody approaches us and asks how to get somewhere, we will always explain the way in details or can even lead a person there. For me Minsk is a comfortable house where I want to return, a city for soul.”
Вольга Сахарава верыць, што існуе асаблівы мінскі характар: “Мы вельмі дружалюбныя, што заўсёды адзначаюць турысты. Калі хто падыдзе і спытае, як прайсці куды-небудзь, то абавязкова падрабязна раскажам, а то і адвядзем. Для мяне Мінск — утульны дом, у які хочацца вяртацца, горад для душы”. Фото Аляксандра Ружачка

Вольга Сахарава займае на тэлеканале СТБ высокую пасаду — дырэктар дырэкцыі мастацкіх праграм, а для гледачоў яна — вядучая праграмы “Мінск і мінчане”. І гэта яе другое амплуа, на мой погляд, больш важнае. Па сутнасці Вольга выконвае ўнікальную ролю: яна тэлегід па Мінску. Сталіцу Беларусі амаль за 10 гадоў існавання свайго праекта на тэлебачанні аб’ездзіла, абхадзіла ўздоўж і ўпоперак. Думаю, што па яе перадачах, жывучы нават у Новай Зеландыі, можна вывучыць горад настолькі дасканала, што, прыехаўшы ў Мінск, будзеш лепшым яго знаўцам, чым любы мясцовы жыхар.

Вядома, яна нарадзілася ў Мінску. Хоць гэта магло быць і іншае месца,расказала журналістка:
— Так, я — мінчанка. Хоць “па плане” павінна была нарадзіцца ў сталіцы Комі — Сыктыўкары, куды па службе накіравалі майго бацьку з сям’ёй. Маці ж незадоўга да майго з’яўлення на свет вырашыла праведаць сваякоў у Мінску: прыляцела і літаральна адразу адправілася ў раддом.
Вольга з тых, хто верыць: работа журналіста мае розгалас. Яна заўсёды рада водгукам жыхароў на свае рэпартажы. Таму што гэтыя сюжэты бударажаць і мясцовую ўладу, і абывацеляў, прымушаюць усіх разам вырашаць агульныя праблемы.

— Праграма “Мінск і мінчане” шмат гадоў з’яўляецца своеасаблівай інтэрактыўнай пляцоўкай, дзе жыхары могуць выказаць свае пажаданні наконт будучыні горада. У эфіры па ўсіх пытаннях даюцца дакладныя адказы ад прадстаўнікоў улады.

Вольга любіць задаваць пытанні і атрымліваць на іх зразумелыя адказы. Гэта частка прыроды сапраўднага журналіста.  

Алег Лукашэвіч. Паляўнічы на прыгожае

Oleg Lukashevich became the first Belarusian journalist accredited at the Cannes International Film Festival in May 1996. He interviewed a lot of classics of the world cinema, among them: Peter Greenaway, Wim Wenders, Paul Verhoeven, Krzysztof Zanussi, Takeshi Kitano, Catherine Breillat, Nikita Mikhalkov,  Pedro Almodovar,  Ken Loach,  Andrzej Wajda, Alexander Sokurov.
 Алег Лукашэвіч стаў першым беларускім журналістам, акрэдытаваным на Міжнародным Канскім кінафестывалі ў маі 1996 года. Ён праінтэрв`юваў  многіх класікаў сусветнага кіно, сярод іх: Пітэр Грынуэй, Вім Вендэрс, Пол Верхувэн, Кшыштаф Занусі, Такэсі Кітана, Катрын Брэй, Мікіта Міхалкоў, Пэдра Альмадовар, Кен Лоўч, Анджэй Вайда, Аляксандр Сакураў. Фото Аляксандра Ружачка

Чуццё на тое, што цікава гледачу, і разуменне таго, што зробіць яго і яго праграму папулярнымі, — вось што ўласціва тэлежурналісту Алегу Лукашэвічу. Ён праславіўся дзякуючы серыі рэпартажаў, прысвечаных пошуку слядоў вялікіх ураджэнцаў Беларусі за мяжой: Марка Шагала ў Францыі, Ігната Дамейкі ў Чылі, Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Польшчы. І многіх іншых знакамітасцяў. Алег калясіў па свеце і ўпершыню паказваў беларусам месца, дзе ступала нага іх землякоў з сусветнымі імёнамі.

Лукашэвіч заўсёды ставіць сабе высокую планку ў творчасці. Ён хоча зрабіць і робіць лепшы і арыгінальны прадукт — ці то на тэ­лебачанні, ці то ў кніжнай справе. Пасля вандровак па Беларусі выйшаў яго альбом “Спадчына Беларусі” (у суаўтарстве з калегам Аляксандрам Аляксеевым). Там сабраныя здымкі сапраўдных шэдэўраў дойлідства краіны. Заадно Алег праявіў сябе і як фотамастак. Той альбом цяпер упрыгожвае лепшыя бібліятэкі свету — ад каралевы Брытаніі да Папы рымскага. І гэта, па прызнанні супрацоўнікаў кнігарань краіны, лепшае, што можна купіць падарожніку на памяць пра Беларусь.

Лукашэвіча прываблівае цудоўнае: гісторыя, культура, яркія асобы, шэдэўры дойлідства. І ён умее іх падаваць на экране, на глянцавых старонках альбомаў. Ён выйшаў за рамкі журналістыкі, ён працуе ўжо як своеасаблівы дыпламат — распаўсюджваючы веды пра родную краіну па свеце, паказваючы яе толькі з лепшага боку.

Вольга Макей. У палёце за фактамі

Olga Makey is ready to risk her life for a good story: “We were shooting a story on safety at the stations. Exactly at that time a passage at the railway station was closed off, the people were being evacuated. The militiamen advised us: go away from here. But I decided to stay. The mine deactivating group with dogs came at once, a robot was set off.. There were no other journalists there. Finally it turned out that there was garbage in the box...”
Вольга Макей, каб зняць цікавы сюжэт, гатовая рызыкнуць жыццём: ”Здымалі сюжэт пра бяспеку на вакзалах. У той час на чыгуначным якраз ачапілі пераход, эвакуіявалі народ. Міліцыянеры і нам параілі: рабіце хутчэй ногі. Але я вырашыла застацца. Аказалася, знайшлі нейкую каробку. Тут жа прыехала група размініравання з сабакамі, запускалі нават робата ... Іншых журналістаў там не было. А ў скрынцы ж аказалася смецце ... “ Фото Віталія Гіля

Калі Вольга Сахарава шмат гадоў марыць лятаць на самалётах (калісьці хацела стаць сцюардэсай), то яе калега па тэлебачанні Вольга Макей часта бывае на вышыні птушак. Яна падарожнічае па свеце, каб расказваць з розных куткоў планеты пра міждзяржаўныя перагаворы Беларусі і дружалюбных ёй краін.

Некалькі гадоў таму яна атрымала прэстыжную ўзнагароду тэлевізійнай супольнасці Беларусі — статуэтку “Тэлевяршыня” ў намінацыі “Лепшы рэпарцёр”. Зняла рэпартаж пра прыбыццё ў порт Адэсы першага танкера з венесуэльскай нафтай для Беларусі. Апынулася там раней за ўсіх. Толькі на наступны дзень падцягнуліся “канкурэнты” з іншых сродкаў масавай інфармацыі. 

Спачатку здымала займальныя сюжэты, а потым стала асвятляць сур’ёзныя тэмы. Макей з цяжкасцю сябе ўяўляе без работы:

— Калі іду ў адпачынак, становіцца сумна. Мне падабаецца бегаць, старацца паспець, не палохаюць пазаштатныя сітуацыі, калі даводзіцца імправізаваць у прамым эфіры. У пагоні за эксклюзівам я гатовая на ўсё. Адкуль такая смеласць? У дзяцінстве я займалася конным спортам. Стала кандыдатам у майстры па канкуры — пераадоленні перашкод. Вельмі траўманебяспечны занятак. “Даскакалася” да тытула віцэ-чэмпіёнкі краіны. Дзіцем кожны дзень ездзіла трэніравацца за 35 км ад дома — на спартыўную базу пад Маладзечна. На спадарожных машынах. Уяўляеце? А маці казала, што дабіралася аўтобусам. Проста рэгулярны транспарт туды хадзіў раз у суткі, у нязручны для мяне час... 

Пра Вольгу я сказаў бы, перафразуючы вядомы выраз аб тым, што “такіх не бяруць у касманаўты”, — узялі б! А ў журналістыцы такія на вагу золата. Бо, акрамя сваёй вынослівасці, Макей яшчэ і выдатна глядзіцца ў кадры. Як гавораць прафесіяналы, камера яе любіць. А без гэтага на ТБ дамагчыся поспеху немагчыма, якімі б іншымі талентамі ты ні валодаў.

Алесь Карлюкевіч. Рыбак на літаратурным беразе

Ales Karlyukevich heads not just  a newspaper  and a publishing house: ‘Zvyazda’ is a legendary brand of Belarusian journalism, existing since 1917.
Алесь Карюкевич узначальвае не проста газету і выдавецтва. “Звязда” — гэта — легендарны брэнд беларускай журналістыкі, які існуе з 1917 года. Фото Аляксандра Ружачка

Што ўражвае, калі заходзіш у кабінет Алеся Карлюкевіча, галоўнага рэдактара — дырэктара Выдавецкага дома “Звязда” і газеты “Звязда”? Яго працоўны стол не падобны ні на які іншы ў краіне. На ім узвышаюцца стосы кніг, часопісаў, газет. І ўсё гэта не толькі прадукцыя “Звязды”. Карлю­кевіч паспявае прачытваць усё, што друкуецца пра Беларусь у краіне і за мяжой. І нягледзячы на цэйтнот — рэдактару і дырэктару даводзіцца вырашаць больш гаспадарчых, чым творчых пытанняў — піша рэцэнзіі на многія кнігі.

Бадай, лепш за Алеся Мікалаевіча мала хто арыентуецца ў тым кніжным моры літаратуры па беларусазнаўстве, якая з’яўляецца штодня з-пад пяра многіх навукоўцаў. А ў Карлюкевіча гэта адна са страсцей: пазнаваць родны край. Адпраўляцца разам з іншымі аўтарамі ў бяздонныя глыбіні гісторыі. Алесь Мікалаевіч праводзіць і ўласныя даследаванні. Яго кнігі чакаюць тысячы чытачоў. І не толькі дарослыя, але і дзеці. Такая шматгранная асоба Карлюкевіч — яшчэ і дзіцячы пісьменнік.
Але што яшчэ важна: Алесь Мікалаевіч як выдавец пільна шукае вартыя працы калег па пяры — краязнаўцаў, пісьменнікаў, каб надрукаваць пад маркай “Звязды”. Як прафесійны журналіст, ён нацэлены на вылоўліванне лепшага інфармацыйнага прадукту, каб першым данесці яго да тысяч чытачоў.

Таццяна Сівец. Паэтэса выходзіць у эфір

From 2005 to 2008 Tatiana Sivets was a postgraduate student of the Institute of Literature named after Y. Kolas and Y. Kupala of the National Academy of Sciences of Belarus, where she studied topic ‘George G. Byron and Byronism in Belarusian poetry: translations and influences’
Таццяна Сівец з 2005 па 2008 год была аспіранткай Інстытута літаратуры ім.  Якуба Коласа і Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзе даследавала тэму “Дж. Г. Байран і байранізм у беларускай паэзіі: пераклады і ўплывы”. Фото Юрыя Мазалеўскага

Упэўнены, Таццяне зайздросцяць многія майстры пяра. Яна паэтэса. А нямногія з тых, хто піша вершы, могуць прабіцца на тэлеэкраны. Тым больш стаць вядучай сваёй праграмы. Тое, што ў Таццяны “свой эфір”, — вялікая ўдача. Але яна не злоўжывае тым, што ёй падаравала фартуна. Не “корміць” гледача сваімі рыфмамі. Яна сустракаецца з цікавымі людзьмі, задае ім пытанні — займаецца класічнай журналістыкай.

А раскрыць творчых людзей, якіх запрашае Таццяна ў эфір, прымусіць іх шчыра пагаварыць — гэта цэлае мастацтва. Часцяком таленавітыя людзі закрытыя, жывуць у сваім кокане і не вельмі хочуць адкрываць душу ўсяму свету. Праяўляючыся толькі ў творчасці. Але Сівец, як ніхто іншы, ведае псіхалогію людзей літаратуры і мастацтва. Бо яна, акрамя таго, яшчэ і галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва”, у якой нараджаюцца імёны будучых літаратурных класікаў. Існуючае з 1930-х гадоў выданне стала школай, трыбунай для многіх вядомых беларускіх літаратараў. Таццяна працягвае работу па адборы зерня ад мякіны — лепшых узораў беларускага слова ад графаманскіх практыкаванняў. А рэдактар — гэта вышэйшая прыступка ў журналісцкай кар’еры. І адказнасць. Не дай бог праявіш скепсіс да сапраўднага таленту, не разгледзіш талент. Напэўна, паэтэса-рэдактарка сапраўды не выпусціць сапраўднага майстра з-пад увагі.

Канстанцін Юманаў. Голас народа

Konstantin  Yumanov was  at some period  of time a host  of  ‘Devourers  of kilometers’— the real auto races, illustrated on air.
Канстанцін Юманаў быў у свой час вядучым на радыё шоў “Пажыральнікі кіламетраў” — рэальных аўтагонак, якія паказваліся ў прамым эфіры. Фото Аляксандра Ружачка

Хтосьці ведае Канстанціна Юманава як вядучага карпаратыўных святаў, яшчэ камусьці ён вядомы як дыджэй на радыё. А для мяне ён у першую чаргу вядучы папулярнай перадачы “Белорусское времечко”. Але і там, і тут Юманаў заўсёды застаецца адзін — жыццярадасны і гумарны. І адначасова разумны суразмоўца. А такое спалучэнне — рэдкасць.

Як тэлежурналіст ён мае непасрэдныя зносіны з народам. У “Белорусское времечко” тэлефануюць — у прамы эфір — людзі з усёй краіны са сваімі клопатамі. І Юманаў ведае, як падказаць той адказ, які дапаможа гледачу справіцца з жыццёвай праблемай.

Вельмі важна, што эфір на радыё і тэ­лебачанні для Канстанціна — гэта не толькі работа:

— Я ўпершыню выйшаў у прамы эфір у 1998 годзе і не мог уявіць, што з радыё, тэлебачаннем будзе звязана ўсё маё жыццё. Перыпетыі асобаснага росту і нястомныя пошукі прымушалі падарожнічаць па розных FM-станцыях і тэлеканалах, набіраючыся новых ведаў і атрымліваючы бясцэнны досвед. Тут адбывалася станаўленне мяне як творчай асобы, зарадзіліся трывалыя сяброўскія сувязі. Тут я сустрэў сваё сапраўднае каханне — цяпер мы разам гадуем нашага сына. Тут, у эфіры, мой другі дом.

Людміла Рублеўская. Дзень і ноч за пісьмовым сталом

Lyudmila Rublevskaya didn’t come to literature at once. In 1984 she graduated from Minsk State Architectural-Civil engineering College. She worked at the development laboratory of  ‘Horizont’ manufacturing group as a technician-architect. In 1986-1987 studied at the Literature Institute in Moscow, at the faculty of poetry. Her way to literature began since that time.
Людміла Рублеўская не адразу прыйшла ў літаратуру. У 1984 годзе скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум. Працавала ў канструктарскім бюро ВА “Гарызонт”, тэхнікам-архітэктарам. У 1986-1987 гадах вучылася ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, на аддзяленні паэзіі. Адтуль і пачаўся шлях да славеснасці. Фото Аляксандра Ружачка

Калісьці пісьменніца Людміла Рублеўская таксама працавала ў газеце “Літаратура і мастацтва”, а цяпер яна — літаратурны аглядальнік газеты “Советская Белоруссия”. З 2002 года ў галоўным выданні краіны яна расказвае 400 тысячам чытачоў пра тое, што лепш пачытаць з сусветнай і беларускай класікі. Місія небяспечная. Бо паспрабуй не тое парай — атрымаеш па пошце масу незадаволеных водгукаў. Аднак Людміла мае тонкі густ. І таму да яе прыходзяць не толькі лісты з падзякамі, але і просьбамі ад аўтараў-пачаткоўцаў ацаніць іх творчасць.

Меркаванні Рублеўскай пра літаратуру цэняць высока і яе калегі па пісьменніцкім цэху. Зрэшты, самае галоўнае, што сама Людміла — не толькі крытык, але і стваральніца цікавых раманаў, аповесцяў на тэмы беларускай гісторыі. Яны не друкуюцца на старонках газеты, а выходзяць асобнымі кнігамі, якія хутка раскупляюцца. І Рублеўская піша новыя гісторыі. Неяк я спытаў, як у вас хапае на ўсё часу — і займацца літаратурнай крытыкай, і пісаць тоўстыя тамы з прыгодніцкімі апавяданнямі? Яна адказала:

— Літаратурнай творчасцю займаюся пасля работы. Пішу па начах.

Ці не подзвіг гэта? Мне падаецца, гэта натуральная патрэбнасць сапраўднага літаратара — выказацца на паперы. Аднак у выпадку Рублеўскай дзейнічае вельмі важны фактар: яе думкі цэняцца іншымі людзьмі, і таму не залежваюцца ў пісьмовым стале, а ідуць у друкарню і, адзетыя ў пераплёт, з’яўляюцца ў кнігарнях.

Такога актыўнага журналіста і пісьменніка ў адной асобе ў сучаснай Беларусі я больш не ведаю. Гэтым Рублеўская і вылучаецца і сярод журналістаў, і сярод пісьменнікаў. 

Таццяна Сулімава. Сіла слабага полу

Tatiana Sulimova can enchant both by the voice and the turn of phrase.
Таццяна Сулімава ўмее зачараваць і голасам, і тэкстам. Фото Артура Прупаса

Шмат гадоў я толькі чуў яе. Але не бачыў. Яна была зоркай адной з мінскіх радыёстанцый. Я сказаў бы больш: яна была голасам цэлай эпохі, пераломнага часу паміж двума тысячагоддзямі. Слухаць Таццяну Сулімаву заўсёды было цікава. 

Цяпер я яе чытаю. На старонках газеты “Советская Белоруссия” яна ярка праявіла сябе як публіцыст. У першую чаргу тэма яе аўтарскіх калонак — жанчыны і тое, як яны жывуць у сучасным свеце, як спраўляюцца з рознымі цяжкасцямі, у чым адрозненне “слабага полу” ў Беларусі і за мяжой і ў чым яго сіла. Таццяна піша з разлікам на тое, што жанчыны яе зразумеюць і яна ім раскажа нешта карыснае, з чым можна далей крочыць па жыцці лягчэй, весялей. 

Яна — голас добрага настрою. Калі б настрой мог гучаць.

А мужчынам яе публіцыстыка карысная як своеасаблівая споведзь жаночага “ўнутранага голасу”, які не падслухаеш у сваёй жонкі, маці, сяброўкі, але гучанне якога важна ведаць, каб правільна абыходзіцца з роднымі людзьмі. Сулімава не шкадуе парадаў і думак. І гаворыць па справе. У гэтым сакрэт папулярнасці яе і як радыёжурналіста, і як калумніста ў газеце.

Іван Падрэз. Джэнтльмен, адным словам

Ivan Podrez, entering musical school at the age of 5, said that he wants to play the guitar like Vysotsky. But he studied piano there. He mastered the guitar already at the conscious age. Since that time music in this or that form takes practically all his free time. In 2004, already having experience of work on television, he graduated from the linguistic university.
Іван Падрэз паступаючы ў 5 гадоў у музычную школу, сказаў, што хоча іграць на гітары, як Высоцкі. Але адвучыўся па класе фартэпіяна. Гітару асвоіў ужо ў свядомым узросце. З тых часоў музыка, у той ці іншай форме, займае практычна ўвесь яго вольны час. У 2004 годзе, ужо маючы досвед працы на тэлебачанні, скончыў Лінгвістычны ўніверсітэт. Фото Аляксандра Ружачка

Адзін з апошніх праектаў Івана Падрэза, які прыцягнуў маю ўвагу на экране, — перадача пра зорак рок-музыкі. Зроблена настолькі якасна, што падаецца, быццам гэта праграма імпартная, аднекуль з-за акіяна. І толькі голас Івана, які на чыстай беларускай мове расказвае пра сусветных знакамітасцяў, падказвае: гэта прадукцыя нашага ТБ. І я ганаруся тым, што знаёмы з Падрэзам. Якога ведаю і як музыканта, і як радыёвядучага.

Але ўсё ж такі ён незаменны менавіта на экране. Вядучы самых папулярных шоу, ён не толькі яркая асоба, якую эфектна “высвечвае” экран, але і вялікі інтэлектуал. Розум, інтэлігентнасць — выгадныя бакі хлопца, якія вылучаюць яго на фоне пошласці, што захапіла многія электронныя СМІ ў нашы дні. Адным словам — джэнтльмен. Самы сапраўдны. Беларускі.

Калі чую, што ў Беларусі няма цікавых журналістаў, злуюся. Гэта няпраўда. Так гавораць тыя, хто не чытае газет, не глядзіць тэлебачанне, не слухае радыё. Тыя, хто ідэалізуе замежнае і не любіць сваё. Я сцвярджаю на прыкладзе ўсяго 9 маіх калег, што прафесійныя рэпарцёры, вядучыя былі і ёсць у Беларусі, як і ў любой краіне. Іх больш. І вы, чытачы, упэўнены, назавяце шмат іншых імёнаў. Я таксама гатовы пашырыць гэты спіс. Хоць было б нясціпла “рэкламаваць”, напрыклад, калег па часопісе “Беларусь. Belarus”. У гэтыя святочныя дні дазвольце вам проста даць параду: больш чытайце, глядзіце добрых выданняў, перадач. Як гавораць здаўна, веды — сіла. З дапамогай журналістаў у вас заўсёды ёсць унікальная магчымасць пазнаць Беларусь і свет

Віктар Корбут
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter