Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускія вучоныя завяршаюць працу па падрыхтоўцы да выдання апошняга, 4-га тома “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”

У люстэрку гістарычных фактаў

Салідныя тамы! Прыемны сюрпрыз для ўсіх, хто ўсур’ёз цікавіцца праўдзівай беларускай гісторыяй. Па словах куратара выдання, кандыдата гістарычных навук Валянціны Яноўскай, гэта вялікае дасягненне і ўнікальная па сваёй сутнасці праца. І асноўная мэта, якую паставілі перад сабой вучоныя: праўдзіва паказаць увесь гістарычны шлях Беларусі, яе народа, грунтуючыся на архіўных матэрыялах і найноўшых адкрыццях гісторыкаў. “Па гэты час такіх фундаментальных выданняў у Беларусі не было, няма іх пакуль і ў нашых суседзяў”, — падкрэсліла ў размове са мной Валянціна Васілеўна.

Навукоўцы, якія працуюць над выданнем “Вялікі гістарычны атлас Беларусi”

Першапачаткова, як расказала навукоўца, “Вялікі гістарычны атлас Беларусі” планаваўся ў трох тамах, але пасля выхаду 1-га тома ў 2009-м рэдкалегія прыняла важнае рашэнне: змяніць яго структуру, падрыхтаваць і 4-ы том. І ўжо тры з іх выйшлі з друку. Давайце прыгледзімся, пра што там апавядаецца.

У першым томе Атласа шмат цікавай інфармацыі пра раннія перыяды гісторыі: ад найстаражытных слядоў першабытнага чалавека на беларускай зямлі да сярэдзіны XVI стагоддзя. Калі канкрэтней, то да 1569 года: менавіта ж тады ў выніку Люблінскай уніі беларускія землі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Выданне ілюстравана ўнікальнымі старадаўнімі картамі — каштоўнымі, нагляднымі сведчаннямі пра нашу багатую і даўнюю гісторыю. На картах у храналагічным парадку адлюстраваны працэсы зараджэння, эвалюцыі першых дзяржаўных утварэнняў: Полацкага, Турава-Пінскага старажытных княстваў. Значная ўвага ў томе надаецца этнічнай гісторыі беларускага народа, прасочваецца, як паступова фарміравалася беларуская народнасць Бо гэта ж быў працяглы й складаны працэс, які ўключаў фарміраванне агульнай тэрыторыі, станаўленне і развіццё мовы, агульных звычаяў, абрадаў, традыцый.
Валянціна Яноўская

Другі том (выйшаў у 2013-м) ахоплівае перыяд ад 1569-га да канца XVIII стагоддзя, калі ў выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) беларускія землі былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі. У той перыяд лёс Беларусі, яе народа быў цесна спалучаны з лёсамі народаў іншых, якія ўтваралі Рэч Паспалітую: літоўцаў, палякаў, украінцаў, яўрэяў, татараў ды іншых этнічных меншасцяў. “Вось таму ў працы над Атласам скарыстоўвалі мы не толькі матэрыялы айчынных навукоўцаў, але й улічвалі досвед вучоных суседніх краін: Літвы, Латвіі, Польшчы, Украіны, Расіі, — распавядае Валянціна Васілеўна. — І ўсё — дзеля таго, каб даць максімальна поўныя, навукова абгрунтаваныя картаграфічныя выявы найважнейшага перыяду беларускай гісторыі. Пры падрыхтоўцы тома, дарэчы, прынялі мы такое рашэнне: пры абазначэнні назваў населеных пунктаў перавагу аддаваць тым спрадвечным, гістарычным формам, якія ўмацаваліся ў крыніцах на старабеларускай мове. Хоць у польскіх выданнях, датаваных XVIII стагоддзем, такія формы часам і не прыжыліся”.

У 2016-м выйшаў трэці том Атласа. Ён ахоплівае перыяд ад першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) да рэвалюцыйных падзей лютага 1917 года. “Як вядома, у выніку падзелу Рэчы Паспалітай беларуска-літоўскія землі ператварыліся ў фарпост Расійскай імперыі на захадзе: з канца XVIII стагоддзя тут праходзіла дзяржаўная мяжа, — прадаўжае аповед Валянціна Васілеўна. — Таму расійскія ўлады шмат увагі надавалі ўмацаванню новай заходняй мяжы імперыі, а ваенныя інжынеры распрацоўвалі праекты па арганізацыі фартыфікацыйнай лініі абароны. І шэраг карт Атласа прысвечаны якраз ваенна-палітычным падзеям, адлюстраванню адміністрацыйна-тэрытарыяльных пераўтварэнняў на беларускіх землях. У асобным раздзеле прадстаўлены асноўныя вехі грамадска-палітычнага жыцця і нацыянальнага руху. Падборка рэпрадукцый старадаўніх карт і планаў, створаных у асноўным расійскімі картографамі, адлюстроўвае працэс асваення беларускай тэрыторыі новымі ўладамі”.

Апошні, чацвёрты том, які хутка з’явіцца на паліцах кнігарняў, завершыць маштабную працу беларускіх гісторыкаў над выданнем. Ён будзе прысвечаны савецкаму перыяду і сучаснаму этапу беларускай дзяржаўнасці. “Калі задумвалі чацвёрты том, то нам здавалася, што праца пойдзе нашмат лягчэй, чым над іншымі тамамі: гэта ўсё ж блізкія нам падзеі, — згадвае Валянціна Васілеўна. — Па гэты час, як нам здавалася, было выдадзена ўжо шмат карт, розных атласаў. Але, як апынулася, усё нашмат складаней. Самымі цяжкімі для нанясення на карту сталі 20-30-я гады нашай гісторыі. Адлюстраваць графічна было вельмі складана тыя шматлікія ваенна-палітычныя падзеі, што адбываліся на нашых тэрыторыях, тыя то аддзяленні, то далучэнні беларускіх зямель да Расіі, Польшчы, Украіны. Сталі таксама складанасцю й гістарычныя карты таго перыяду. Іх у нас проста не было. І вось нядаўна, у пошуках іншых матэрыялаў, я зусім выпадкова ў пратаколах Прэзідыума Акадэміі навук выявіла запіс аб тым, што, аказваецца, у 30-х гадах у Інстытуце эканомікі рыхтаваўся да выдання “Вялікі атлас БССР”. Больш ніякіх запісаў пра тое не знайшла. Пакуль магу толькі выказаць здагадку: наступіў 37-ы год і тыя, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы атласа, былі рэпрэсаваныя — магчыма, нават за нейкія залішнія падрабязнасці. Вядома ж, мы адразу заняліся архіўнымі пошукамі хоць нейкіх напрацовак па гэтай тэме. І вось нядаўна мне патэлефанаваў супрацоўнік Цэнтральнага навуковага архіва НАН Беларусі Кірыл Сыцько. Паведаміў: знайшоў-такі ён тыя напрацоўкі беларускіх вучоных. Ёсць яшчэ адна праблема: дагэтуль рэдкалегія не прыйшла да адзінага меркавання, якую ж мову нам выкарыстоўваць у назвах гарадоў: пісаць сучасныя назвы ці ўсё ж захаваць гістарызм? Бо перыяд, які мы апісваем у чацвёртым томе, характэрны тым, што ў невялікім прамежку часу змяняліся не толькі межы нашай дзяржавы, але й назвы гарадоў, адміністрацыйных цэнтраў. То яны былі на старабеларускай мове, то — русіфікаваныя, то набывалі сучаснае гучанне. Гэтая праблема, мяркую, павінна вырашыцца ў бліжэйшы час”.

“Вялікі гістарычны атлас Беларусі”, праца над якім завяршаецца, можна будзе назваць самым фундаментальным беларускім гістарычным выданнем апошняга часу. У ім адлюстраваны менавіта беларускі погляд на айчынную гісторыю, пачынаючы ад першых паселішчаў людзей на тэрыторыі Беларусі да сучаснасці. Несумненна, гэта вельмі патрэбныя і своечасовыя кнігі. 

Іна Ганчаровіч

Голас Радзімы № 44 (3548), чацвер, 23 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter