У Лёзна выдалі кнігі пра знакамітых землякоў

СУПРАЦОЎНІКІ Лёзненскай цэнтралізаванай бібліятэкі саставілі дзевяць зборнікаў пра сваіх знакамітых землякоў

Героямі кніг сталі людзі, якія нарадзіліся на Лёзненшчыне, унеслі значны ўклад у развіццё раёна, а таксама праславіліся сваёй прафесійнай ці грамадскай дзейнасцю у Беларусі і за яе межамі.

— Многія імёны ў раёне добра вядомы, — зазначае метадыст бібліятэкі Ірына Заруцкая. — Напрыклад, Уладзімір Андрэйчанка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, або Яфім Фамін, палкавы камісар, намеснік камандзіра 84-га стралковага палка, адзін з кіраўнікоў абароны Брэсцкай крэпасці. Але значная частка імён стане для многіх нават лёзненцаў адкрыццём. Так, ці шмат людзей ведаюць нават у самой вёсцы Зубкі, што тут нарадзіўся канструктар Волжскага аўтазавода П. М. Прусаў; што сухапутнае Лёзна дало вялікаму СССР капітана Леаніда Хоцькіна, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, імя якога носіць адзін з параходаў; што яшчэ адзін жыхар Лёзненшчыны, Аляксандр Сахараў, галоўны хірург ваеннага клінічнага шпіталю імя Бурдэнка, лаўрэат некалькіх нацыянальных прэмій, заслужаны ўрач Расійскай Федэрацыі, генерал медыцынскай службы, да гэтай пары выратоўвае жыцці хворых ракам...

У зборніках сабраны звесткі пра 11 Герояў Савецкага Саюза, 11 Герояў Сацыялістычнай Працы, 5 поўных кавалераў ордэна Славы, 25 дзеячаў навукі, 22 — літаратуры і мастацтва... У кожнай кнізе — свая намінацыя. Прычым зборнікі папаўняюцца новымі імёнамі…

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

 

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter