У Ляскавічах прэзентуюць «Ганаровага палешука»

Яго імя і «кошык» іншых сюрпрызаў рыхтуе да 23 жніўня «Покліч Палесся»

Яго імя і «кошык» іншых сюрпрызаў рыхтуе да 23 жніўня «Покліч Палесся»


Сёлетні фестываль этнакультурных традыцый, які «прапісаўся» ў петрыкаўскіх Ляскавічах, — трэці па ліку. І пройдзе ён з большым, чым у мінулыя разы, размахам: «Поклічу Палесся» нададзены статус міжнароднага. Дадалі арганізатары фэсту не толькі ў геаграфіі ўдзельнікаў, але разнастаілі праграму. Якім журналісты «СГ» запомнілі два папярэдніх ляскавіцкіх фестывалі? Чым здзівіць цяперашні «Покліч Палесся»?

2010 год. Да гэтага часу аграгарадок Ляскавічы, дзе прапісаўся галоўны офіс Нацыянальнага парка «Прыпяцкі», набыў новае аблічча. Дзякуючы адной з самых буйных і аўтарытэтных турыстычных арганізацый краіны сяло стромка змянілася. У Ляскавічах тады я пабывала ўпершыню. Перада мной была амаль еўрапейская вёска з новенькімі дамамі, будынкамі сацкультбыта, ідэальна роўным асфальтам, добраўпарадкаванымі газонамі, кветнікамі… Такой развітай інфраструктуры пазайздросцілі б шматлікія райцэнтры. Цяпер ясна, чаму «пертыкоўцы» (так чамусьці завуцца мясцовыя жыхары) маюць права ганарыцца гэтай вёскай. У першае 10-годдзе ХХI стагоддзя палеская вёска на беразе паўнаводнай Прыпяці ўвайшла не толькі з новым тварам, але і са сваёй «фішкай». Прычым арганізатары «Покліча Палесся» першапачаткова не ставілі мэтай зрабіць з новаспечанага фэсту камерцыйна паспяховы турыстычны прадукт.

Ідэю зрабіць своеасаблівы агульны сбор для землякоў, гасцей з суседніх краін і ў першую чаргу для вяскоўцаў не адзін год выношваў Сцяпан Бамбіза, генеральны дырэктар Нацыянальнага парка «Прыпяцкі». Аб гэтым Сцяпан Мікалаевіч па сакрэце шапнуў мне падчас інтэрв’ю для спецвыпуска нашай газеты (у той час «Белорусской нивы»), які рыхтаваўся да фэсту. Дарэчы, мы і зараз застаемся інфармацыйным партнёрам «Покліча Палесся» і збіраемся падтрымліваць яго і напярэдадні, і падчас яго правядзення сёлета.

А чатыры гады таму над канцэпцыяй прынцыпова новага для Беларусі фэсту, а можа, і для ўсяго постсавецкага абшару, ламалі галовы лепшыя навуковыя і творчыя профі сваёй справы. Якім павінен быць «Покліч Палесся»? Чым ён будзе адрознівацца ад дзясяткаў падобных? Апрыёры разумелася: фэст павінен падштурхнуць Ляскавічы і іх абсягі да развіцця.

Упершыню пазыўныя «Покліча Палесся» прагучалі 17—18 верасня 2010 года. У Ляскавічах пабывала амаль 10 тысяч чалавек, прычым толькі выканаўцаў і захавальнікаў народнай культуры — больш за 500, майстроў і рамеснікаў з 8 раё-наў Гомельскай і 3 — Брэсцкай абласцей. Старт фэсту даў тагачасны Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі…

У 2012 годзе ў фармат ляскавіцкага фэсту дадалі некалькі штрыхоў. Каб скіраваць усё ў асэнсаванае рэчышча, правялі пашыраную навукова-практычную канферэнцыю на тэму этнакультурных традыцый і асаблівасцей Палесся. Дадалі ў канцэпцыю самую вялікую экспазіцыйную пляцоўку — тэматычныя падворкі ад кожнага палескага раёна. Менавіта на традыцыях і зрабілі акцэнт. Былі і забавы: гандлёвыя шэрагі, дыскатэкі, конкурсы народных песень і многае іншае. Дарэчы, шматлікія артысты, разведаўшыя пра ўнікальную ляскавіцкую пляцоўку, самі тэлефанавалі арганізатарам і прасіліся выступіць на фэсце. На петрыкаўскай зямлі пабывалі высокія дэлегацыі з Расіі, Польшчы, Малдовы, Прыбалтыкі.

Але галоўнай падзеяй «Покліча Палесся-2012» стала адкрыццё Музея прыроды у Ляскавічах. Будынак гэты цікавы хаця б з пункта гледжання архітэктуры — мадэрновай. З выгляду — некалькі ссечаных цыліндраў, злучаных разам флігелем. Унутранае напаўненне музея — аповяд пра прыродныя комплексы, якія існуюць у Нацыянальным парку, і побыце мясцовых палешукоў. Новы культурны абъект адкрылі падчас другога фэсту — 25 жніўня, прычым на самым высокім узроўні.

Аляксандр Лукашэнка першым ацаніў «жамчужыну» музейнай справы. Прэзідэнт быў ганаровым госцем, прапанаваў надаць рэспубліканскаму фэсту статут міжнароднага. «У Беларусі ладзіцца шмат маштабных форумаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Аднак менавіта гэты фэст валодае асобай душэўнасцю, сыходзіць каранямі ў мінулае».

23 жніўня. Сёлета ў Ляскавічах ізноў будзе свята. Нагадаю: галоўныя героі «Покліча Палесся» — 11 палескіх раёнаў. Гэта Жыткавіцкі, Ельскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Хойніцкі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі. Наладжвальнікаў цяперашняга фэсту — дзевять. Гэта Брэсцкі і Гомельскі аблвыканкамы, міністэрствы інфармацыі, культуры, сельскай гаспадаркі і харчавання, прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя, Нацыянальны парк «Прыпяцкі», Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Белаграпрамбанк.

Але фестываліць Петрыкаўшчына пачне ўжо з 15 жніўня — з 8-дзённага мастацкага пленэра «Зямля пад белымі крыламі». У самой жа святочнай палітры з дзясятак міні-праектаў, якія пачынаюцца з прэамбулы «ўпершыню». Гэта, да прыкладу, — цырымонія ўручэння памятнага знака «Ганаровы паляшук» і гашэнне паштовай маркі; свята ручніка; конкурс маладой сям’і «Уладар Палесся»; фотавыстава «Знакамітыя палешукі» і вернісаж па выніках фотаконкурсу «Зачараванне Палесся»; катанне на паветраным шары…

Чым яшчэ захопіць «Покліч Палесся»? На гэтае пытанне хітрыя «пертыкоўцы» шматзначна ўздыхаюць: маўляў, прыгатавалі для гасцей «з кошык» сюрпрызаў-неспадзяванак. Але карэспандэнту «СГ» палешукі адмовіць не змаглі і паведмілі некаторыя падрабязнасці ляскавіцкага фэсту. Якія — чытайце ў бліжэйшых нумарах газеты.

Таццяна УСКОВА, «СГ»
Фото Паўла ЧУЙКО, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter