Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Дні беларускай культуры ў Латвіі пачаліся з горада Лудзы

У Лудзе — родныя людзі

Беларусы Латвіі ўвосень праводзяць Дні беларускай культуры, прысвячаючы іх адметным датам з гісторыі Бацькаўшчыны. Сёлета ж Дні, якія праходзяць пад знакам 135-х угодкаў Янкі Купалы і Якуба Коласа, пачаліся 16 верасня ў вялікай зале Народнага дома горада Лудзы.

Госці з Даўгаўпілса ў Лудзе
Фота: анатоль лісавец

Ладзіла імпрэзу Лудзэнскае таварыства беларускай культуры “Крыніца”, запрасіўшы на свята й таленавітых энтузіястаў з Зілупскага беларускага таварыства “Пралеска” ды творчыя гурты Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры. А далей Дні пройдуць у іншых гарадах Латвіі. Пра тое, што прысвячаюцца яны 135-м угодкам Песняроў, гаварыў, адкрываючы свята, намеснік старшыні лудзэнскай беларускай суполкі Анатоль Лісавец. Ён жа згадаў, як стваралася суполка ды тых, хто быў ля яе вытокаў. Лудзэнцаў і гасцей горада віталі намесніца старшыні Лудзэнскай краёвай Думы па пытаннях адукацыі ды культуры Яўгенія Кушча, іншыя прадстаўнікі ўлады.

Вядучая вечарыны Рыта Кучанэ, супрацоўніца Лудзэнскага краязнаўчага музея і сяброўка суполкі “Крыніца”, гаварыла пра велізарны ўнёсак Янкі Купалы і Якуба Коласа ў станаўленне беларускай літаратуры. Вершы класікаў чыталі старшыня зілупскай суполкі “Пралеска” Наталля Мірцхулава і яе выхаванкі-школьніцы Ліза Туміна і Катрына Матуленка, кіраўніца Даўгаўпілскага ЦБК Жанна Раманоўская. Пад знакам пашаны да Песняроў, Бацькаўшчыны, культурнай спадчыны беларусаў прайшоў святочны канцэрт, які падрыхтавалі вакальна-інструментальны гурт “Пралескі” ды тэатральная студыя “Паўлінка” з Даўгаўпілса. Апошні творчы калектыў нядаўна святкаваў 10-годдзе, прадставіўшы на суд гледачоў прэм’еру: спектакль “У Калядны вечар” паводле апавядання Валянціны Казлоўскай. Яна была жыхаркаю Лудзы ў міжваенны перыяд Латвіі, а калі вучылася ў беларускіх гімназіях Лудзы й Даўгаўпілса, то пісала вершы й прозу на беларускай мове, перакладала на яе вершы Райніса. У яе быў літпсеўданім Лясная Кветка. Да сёлетніх 110-х угодкаў Валянціны Казлоўскай у Мінску выйшаў зборнік “Пятро Сакол. Валянціна Казлоўская. Выбраныя творы”. З сотні асобнікаў выдавец Міхась Казлоўскі, як быў у гасцях у Даўгаўпілсе, адзін падарыў ЦБК, а другі — Лудзэнскаму краязнаўчаму музею. На вечарыне Жанна Раманоўская перадала падарунак Рыце Кучанэ.

І на свяце ў Лудзе з поспехам прайшоў спектакль “У Калядны вечар” (рэжысёр Інэса Казлоўская). А гурт “Пралескі”, якім кіруе Настасся Малышава, спяваў песні на беларускай, латышскай і латгальскай мовах. Шмат было апладысментаў. Паэт з Даўгаўпілса Станіслаў Валодзька чытаў свае вершы, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу.

На завяршэнне вечарыны дэпутат Сэйма, старшыня рыжскай суполкі “Прамень” і член праўлення Саюза беларусаў Латвіі Алена Лазарава павіншавала ўсіх са святам. Распавяла пра творчы праект “Беларускі ручнік” — вялікае палатно беларускія суполкі Латвіі вышываюць да 100-годдзя Латвійскай Рэспублікі. Старшыня вілянскай суполкі “Сябры” Віктар Гардзейка перадаў часткова ўжо вышыты ручнік старшыні зілупскай суполкі  “Пралеска” Наталлі Мірцхулаве. Майстрыхі-беларускі з горада Зілупэ ўжо вышываюць на палатне назвы свайго горада й таварыства.

Шмат месцаў на карце Латвіі, звязаных з гісторыяй беларусаў, паяднаных лёсамі вядомых людзей Латвіі ды Беларусі. Лудза — адно з іх, таму мы з цікавасцю знаёміліся з горадам, а Рыта Кучанэ вяла экскурсію. Генерал Якаў Кульнеў, беларуская пісьменніца Вольга Сахарава-Нікановіч ды яе бацька, святар Феадор Нікановіч... Дарэчы, пры яго актыўным садзеянні ў 1910-м адбылося перанясенне мошчаў прападобнай Еўфрасінні Полацкай з Кіева ў Полацк.

Наведалі мы й будынак былой Лудзэнскай беларускай гімназіі на вуліцы Латгалес (Латгальскай).

Жанна Раманоўская

Рыта Кучанэ

Даўгаўпілс — Лудза, Латвія

Голас Радзімы № 38 (3542), чацвер, 5 кастрычніка, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter