У лесе, дзе так чароўна...

Нядаўна паспрабавала зiма, як кажуць, рэзка турнуць восень, раней часу заняць яе месца. Нават, каб запалохаць, стукнула першымi маразамi, завiхурыла. Але пакуль не яе пара, таму нiчога i не выйшла. Першы снег яшчэ не зiма, ён заўсёды сыходзiць з зямлi

Нядаўна паспрабавала зiма, як кажуць, рэзка турнуць восень, раней часу заняць яе месца. Нават, каб запалохаць, стукнула першымi маразамi, завiхурыла. Але пакуль не яе пара, таму нiчога i не выйшла. Першы снег яшчэ не зiма, ён заўсёды сыходзiць з зямлi. I першыя маразы таксама нясмелыя, iх часта перабiвае мяккая адлiга, прыносячы з сабою крыху цяпла. Менавiта такое надвор’е зараз у Беларусi. Па календары зiма пачынаецца 1 снежня. Вучоныя ж лiчаць яе ўпэўнены прыход аж 21 снежня, калi самая доўгая ноч. 

Не трымаецца першы сняжок, 

Ужо так павялося ў прыродзе. 

Хоць прыпушаны цiхi лужок, 

Лес сумотна гамонку заводзiць. 

Болей светлых дзянёчкаў няма, 

Толькi восень не хоча здавацца: 

Мо яшчэ пачакае зiма, 

Халадам мо не трэба спяшацца?.. 

Спяшаюся ў лес: што ж там цяпер адбываецца?.. Чараўнiца прырода зрабiла лес па-свойму прыгожым i цiкавым. У мудрым задуменнi стаяць магутныя дубы. Яны яшчэ трымаюць на сваiх вершалiнах рэшткi крэпкага лiсця, быццам адлiтага з металу. Сярод iх выглядаюць моцныя жалуды. Прыцiхлi ў маркоце бярозы, iм вельмi нязвыкла заставацца без багатага ўбору, такога зялёнага летам, залатога восенню. Каля канавы застыла вольха, яе галiнкi ўсыпаны пацеркамi — невялiкiмi чорнымi шышачкамi. 

Нетаропка крочу далей, каб поўнасцю адчуць усю асалоду, якая пануе зараз у лесе. Вось невялiчкая палянка, дбайна атуленая густой ляшчынай. Тут зграбная сямейка маладых сасонак, яны цiснуцца адна да адной, быццам хочуць сагрэцца. Побач зелянее кучаравы ядловец. Я падыходжу да яго, зрываю некалькi ягадак, расцiраю пальцамi, падношу да свайго твару i нюхаю. Надзвычай прыемны, густы пах смалы, быццам гэтыя маленькiя ягадкi збераглi ў сабе крыху цёплага сонечнага лета. Успамiнаю, як калiсьцi жанчыны нашай вёскi галiнкамi ядлоўцу выпарвалi бочкi, у якiх салiлi агуркi i замочвалi яблыкi. I калi зiмою iх даставалi i клалi на стол, па ўсёй хаце разлiваўся незвычайны водар. 

Свае малюнкi, свая аздоба ў лесе. Я збочыў са сцежкi, iду памiж дрэў. Раптам спыняюся, зачараваны: перада мною сярод жоўтай iглiцы — зялёны ручнiчок. Гэта палоска моху, такая акуратная, прыгожая, быццам папрацаваў над ёю хтосьцi спецыяльна, з вялiкай любасцю. Дакранаюся да незвычайнага ручнiка рукою, адчуваю яго гаючую свежасць i чысцiню. 

Радуюць вока несамавiтыя кусцiкi бруснiц — зялёныя, на iх паблiскваюць маленькiя лiсточкi, дзе-нiдзе яшчэ трымаюцца чырвоныя ягадкi. Каштую iх — да чаго ж смачныя, зусiм як i восенню. Бруснiцы — вечназялёныя раслiны, зiмы нiколькi не баяцца. 

Пайшлi старыя ялiны з густымi вершалiнамi, i ў лесе пацямнела. А што гэта? Пад разгалiстай ялiнай — зялёныя лапiкi густой травы. Яна такая свежая, сакавiтая, быццам яе толькi што абмыў цёплы дождж. Усё зразумела: пад ялiнай трава знайшла ўтульнае зацiшнае месца, куды не так проста дабрацца першым маразам, калючым вятрам. Само ж дрэва захавала з лета цяпло, тут адчуваецца нейкая свая энергетыка, якая дае сiлы траве. Дзякуй табе, ялiна, што так клапатлiва беражэш гэты маленькi зялёны куточак. 

Так i сярод людзей. Калi чалавек добры, дык ён праз усё сваё жыццё аддае сваiм блiзкiм пяшчоту, ласку i цеплыню... 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter