Цудоўным кніжным выданнем парадавалі Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пефціеў

У лепшых традыцыях

Цудоўным кніжным выданнем парадавалі Уладзімір Ліхадзедаў і Уладзімір Пефціеў


Выдатна аформленая і выдадзеная кніга па праву можа лічыцца адным з лепшых выданняў, прымеркаваных да 1000-годдзя з дня смерці святога Уладзіміра. Разам з тым яна з’яўляецца працягам кніжнай серыі, якая выдаецца ў рамках навукова-асветніцкага праекта “У пошуках страчанага”, што ажыццяўляецца аўтарамі сумесна з газетай “СБ. Беларусь сегодня” і Выдавецкім домам “Звязда”.
Як мы памятаем, 2015 год азнаменаваўся для Беларусі, Украіны і Расіі святкаваннем 1000-годдзя з дня смерці святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра — Хрысціцеля Русі. Да гэтай падзеі быў прымеркаваны цэлы шэраг царкоўных, дзяржаўных і грамадскіх мерапрыемстваў: адкрываліся помнікі, закладваліся і асвячаліся храмы ў гонар святога князя, праводзіліся навуковыя канферэнцыі, выходзілі шматлікія публікацыі ды асобныя выданні. Адным з такіх выданняў стала кніга-альбом — “Святы роўнаапостальны князь Уладзімір”, падрыхтаваная Ліхадзедавым і Пефціевым. Аснову кнігі склаў ілюстрацыйны матэрыял са збораў аўтараў, прадстаўлены галоўным чынам старадаўнімі паштоўкамі ды фотаздымкамі з выявай праваслаўных храмаў у імя роўнаапостальнага князя, помнікаў яму, а таксама гарадоў, праспектаў, вуліц ды іншых месцаў і ўстаноў, названых іменем святога Уладзіміра. Выданне пачынаецца з гістарычнага нарыса, прысвечанага жыццю і подзвігу Хрысціцеля Русі, яго мошчам і разнастайным формам шанавання.

Імя гісторыка, філакартыста і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава сёння шырока вядомае ў Беларусі дзякуючы ў першую чаргу яго шматлікім публікацыям і выдатным кнігам. У серыі “У пошуках страчанага” ім выдадзены альбомы: “Святы Аляксандр Неўскі”, “1812 год”, “Мінск: падарожжа ў часе”, “Тадэвуш Касцюшка на старых паштоўках і ў графіцы”, “Сінагогі”, “Знічкі Айчыны”, “Беларусь праз аб’ектыў нямецкага салдата 1915-1918”, “Адам Міцкевіч” і інш. Кнігі Ліхадзедава прэзентаваліся ў бібліятэцы кангрэса ЗША, на кніжных выставах у Франкфурце, Варшаве, Вільнюсе. Акрамя таго, ім арганізаваны шэраг выстаў паштовак і фатаграфій, якія расказваюць пра Беларусь канца XIX — пачатку XX стагоддзяў.

Нястомны энтузіяст У. Ліхадзедаў плануе стварыць у Мінску і Вілейцы музей друкарскай і папяровай справы, дзе будуць узноўлены старажытныя друкарскія станкі, на якіх можна будзе нават паўтарыць, напрыклад, выданні Францыска Скарыны або Івана Фёдарава, друкаваць старажытныя гравюры і афорты. У якасці эксперыменту ён ужо распачаў з дапамогай тэхналогій XVI стагоддзя ўзнаўленне скарынаўскай Бібліі. Гісторык вывучыў друкарскую справу, звярнуўся да розных дакументаў з апісаннем тэхналогіі стварэння паперы і друкарскага працэсу. Па гравюрах часоў Скарыны быў выраблены друкарскі станок, для якога спецыяльна адлілі матрыцы і формы з тэкстам Бібліі. Кніга аддрукавана на самаробнай ільняной паперы, вырабленай па старажытнай тэхналогіі вычэрпвання. Усяго на адноўленым станку было выраблена сем асобнікаў скарынаўскай Бібліі. Такіх унікальных дзеючых старажытных станкоў у свеце адноўлена ўсяго некалькі. І адзін з іх у Беларусі! Якасць аддрукаванай на ім кнігі высока ацанілі беларускія спецыялісты, а таксама эксперты з Санкт-Пецярбурга і Масквы. Кніга практычна не адрозніваецца ад арыгінала. Хочацца адзначыць, што пры сённяшнім узроўні тэхнічных сродкаў ажыццявіць факсімільнае або рэпрынтнае выданне нескладана, а вось аднавіць кнігу па старажытнай тэхналогіі — справа рэдкая.

У будучыні Ліхадзедаў марыць аддрукаваць і іншыя кнігі, якія выдаваліся ў беларускіх друкарнях у XVI-XVII стагоддзях. Праектам ужо зацікавіліся ў Расіі, Польшчы і Германіі. У прыватнасці, палякі цікавяцца магчымасцю аднаўлення Заблудаўскага Евангелля.


Уладзімір Ліхадзедаў, як вядома, у 2006 годзе быў удастоены прэміі “За духоўнае адраджэнне”. Яго таварыш і калега Уладзімір Пефціеў больш вядомы ў дзелавых колах і сярод прадстаўнікоў бізнес-эліт. Але разам з тым ён захоплены краязнаўца, збіральнік, мецэнат, які нямала часу ўдзяляе і, па сутнасці, з’яўляецца прадаўжальнікам лепшых традыцый вядомых прадстаўнікоў дзелавой эліты, такіх як фабрыкант А. Поснікаў, купцы-збіральнікі А. Сарокін, П. Траццякоў, П. Шчукін, І. Вахрамееў (прадзед мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева)) ды інш. Іх імёны памятаюць не таму, што яны былі багатымі людзьмі, а таму, што яны ўнеслі значны ўклад у захаванне і прымнажэнне культурных каштоўнасцяў. Імя У. Пефціева таксама застанецца ў беларускай гісторыі не з-за яго камерцыйных поспехаў, а дзякуючы таму, што камерцыйныя набыткі ён ставіць на служэнне культуры, а значыць грамадству, нацыі. І чым больш ён зробіць на гэтай ніве, тым больш трывалай пра яго будзе памяць.

Паміж Ліхадзедавым і Пефціевым ужо даўно склаўся творчы тандэм. Так, напрыклад, да 200-годдзя памяці вайны 1812 года імі сумесна пад­рыхтаваны і выдадзены альбом “Храналогія Айчыннай вайны 1812 года на старых паштоўках і ў графіцы”, арганізавана тэматычная выстава, недалёка ад Вілейкі адноўлены манумент усім загінулым у вайне 1812-га. Іх аб’ядноўваюць агульныя інтарэсы, захапленні, а галоўнае — нязменная цяга да культурнага стварэння. Застаецца толькі вітаць нястомных аўтараў і пажадаць поспехаў у іх высакароднай дзейнасці!

Святар Гардзей Шчаглоў, прафесар Мінскай духоўнай акадэміі
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter