У лазні пабыць – здароўе набыць!

ТРАДЫЦЫЙНА летам і восенню работнікі культуры Докшыцкага раёна праводзяць святы ў вёсках. Іх разнастайнасць неверагодная! Гэта ўжо і папулярныя фэсты вёскі, вуліц, двароў, нават калодзежаў. Апошнім часам спіс папаўняецца новымі святамі — ручніка, мёду, бульбы, кветнікаў. У вёсцы Бярозаўка, да прыкладу, адбылося «Свята лазні». Прайшло ўпершыню не толькі ў вёсцы, але і ў раёне, ды першы блін не выйшаў камяком!

На докшыцкай зямлі ўвесь час пашыраюць «кола» вясковых святаў

ТРАДЫЦЫЙНА летам і восенню работнікі культуры Докшыцкага раёна праводзяць святы ў вёсках. Іх разнастайнасць неверагодная! Гэта ўжо і папулярныя фэсты вёскі, вуліц, двароў, нават калодзежаў. Апошнім часам спіс папаўняецца новымі святамі — ручніка, мёду, бульбы, кветнікаў. У вёсцы Бярозаўка, да прыкладу, адбылося «Свята лазні». Прайшло ўпершыню не толькі ў вёсцы, але і ў раёне, ды першы блін не выйшаў камяком!

Гаспадарамі свята былі Сяргей і Тамара Калягі, ля іх лазні і разгарнулася гулянне. Вяскоўцаў віталі дзве вясёлыя кабеткі-суседкі Магрэта і Лізавета, дзяўчаты-лазніцы Весяліна, Парына і самы галоўны персанаж — Лазнік.

Праграма, якую падрыхтавалі мастацкі кіраўнік Бярозаўскага СДК Ганна Машко і дырэктар Крыпульскага СДК Ірына Штоль, была вельмі багатай не толькі на спевы і гульні, але і на розныя карысныя парады. Вось некаторыя з іх. Лазню лепш паліць улетку: бярозавымі дроўцамі, а зімой дадаваць яшчэ і дубовыя. Для водару падлогу можна заслаць саломай ці лапнікам… Аматары папарыцца дазналіся, што бярозавы венік дае сілу, дубовы — для скуры карысны, хвойны — для спіны добры, а венік з крапівы — хоць і балючы, але вельмі гаючы. Даспадобы прысутным прыйшліся і гумарэскі, вершы, прымаўкі на лазневую тэматыку. Былі конкурсы, у час якіх і ваду на хуткасць насілі, і венікамі хвасталіся, і мыльныя пузыры надзімалі. Не было роўных у конкурсе прыпевак пра лазню Фаіне Сяргееўне Руцкой і Марыі Якаўлеўне Янэль. Усе ўдзельнікі атрымалі не толькі “порцыі”добрага настрою, але і памятныя падарункі.

Належным чынам падрыхтаваліся і самі гаспадары — Тамара Піліпаўна і Сяргей Антонавіч Калягі, якія з асаблівым нацыянальным каларытам упрыгожылі свой падворак і галоўную гераіню свята — лазню. Гасцей частавалі лазневай гарбатай, духмянай выпечкай, яблыкамі і грушамі. Вясковае свята атрымалася шчырым і вясёлым!

На свяце парылася Таццяна ШУЛЬГАТ

Фота аўтара

Рэцэпт лазневай гарбаты па-докшыцку

Узяць:

5 частак зверабою,

1 частку мяты,

0,5 часткі кветак ліпы,

2 часткі маліны,

0,5 часткі валяр’яны.

2 лыжкі гэтага збору заліць 1 літрам кіпеню. Спрабуйце — не пашкадуеце!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter