С начала сентября грибники все чаще попадают в оперативные сводки

У лабiрынтах цiхага палявання

Лясныя пейзажы i мары пра духмяны грыбны супчык так i вабяць аматараў цiхага палявання ў лес. Дзеля самых смачных грыбоў i ягад некаторыя накiроўваюцца ў самую глыб гушчароў. I губляюцца. Карэспандэнт «Р» даведалася, як не трапiць у палон лясных абшараў i што рабiць, калi вы збiлiся са шляху?

Дарогу дадому без дапамогi ратавальнiкаў знаходзяць не ўсе аматары цiхага палявання.

Знайдзi мяне

Грыбны сезон у разгары. Аматары цiхага палявання навыперадкi спяшаюцца з кошыкамi ў лес. Дарогу назад без дапамогi ратавальнiкаў знаходзяць не ўсе. У сярэднiм у лясах губляецца 350—400 чалавек у год. Часцей за ўсё гэта пажылыя людзi i дзецi.

У Вiцебскай вобласцi, напрыклад, толькi за адны суткi ратавальнiкi знайшлi пяць чалавек, якiя заблудзiлiся ў лесе. У Вiцебскiм абласным упраўленнi МНС удакладнiлi, што дапамога ратавальнiкаў спатрэбiлася пенсiянерам, мужу з жонкай, ля вёскi Евiна Гарадоцкага раёна, пенсiянерцы i яе дачцэ ля вёскi Руда Бешанковiцкага раёна i яшчэ адной пенсiянерцы ля вёскi Гендзiкi Полацкага раёна. Ва ўсiх выпадках людзi адправiлiся ў лес для збору грыбоў i ягад, аднак дарогу дадому самастойна знайсцi не змаглi. Для пошукавых работ задзейнiчалi ратавальнiкаў i супрацоўнiкаў мiлiцыi. Аматары цiхага палявання былi знойдзены работнiкамi МНС, у медыцынскай дапамозе не мелi патрэбу.

Дарэчы, пошукава-выратавальная служба МНС была створана ў 2018 годзе — з тых часоў ратавальнiкi разам з валанцёрамi, работнiкамi мiлiцыi i лясной гаспадаркi ўжо знайшлi сотнi чалавек. У 2018 годзе — 279 чалавек (з iх 31 дзiця), у мiнулым — 425 дарослых i 26 дзяцей, а за шэсць месяцаў гэтага года — 64 чалавекi, у тым лiку 8 ​​дзяцей.

Стаяць, не рухацца

Як пайсцi ў лес i вярнуцца дадому да пачатку любiмага серыяла? Самае галоўнае — не спадзявайцеся на «пранясе». Губляюцца ўсе — ад малога да вялiкага, i няма нiводнай прычыны, чаму менавiта вы павiнны стаць шчаслiвым выключэннем з правiлаў. У МНС упэўнены: вас не выратуе тое, што прадзед быў заўзятым грыбнiком i вы на ўзроўнi ДНК лёгка знойдзеце дарогу.

Аматары цiхага палявання навыперадкi спяшаюцца з кошыкамi ў лес. 

Старанна падрыхтуйцеся да вылазкi. Абавязкова папярэдзьце сваякоў цi суседзяў пра прыблiзны маршрут i час вяртання. Калi вы не збiраецеся партызанiць — хавайце далей бацькоўскi камуфляж, бо, злiўшыся з лiстотай, станеце незаўважным не толькi для цешчы, але i для ратавальнiкаў. 

Адзенне павiнна быць шчыльнае i яркае. У iдэале патрэбна чырвоная кепка. Захапiце з сабой нож, запалкi, лекi i ваду. У спiсе неабходных атрыбутаў любога грыбнiка павiнен быць компас. Калi ваш дыягназ «тапаграфiчны крэцiнiзм», то наступная парада вам дакладна спатрэбiцца. Цалкам зарадзiце тэлефон i ўстанавiце дадатак «навiгатар» — пажадана, каб ён працаваў нават без iнтэрнэту. У лясным гушчары ён можа стаць вашым збавiцелем.

Дапусцiм, вы няўважлiва прачыталi папярэднi абзац i ўсё-такi згубiлiся. Афiцыйны прадстаўнiк МНС Вiталь Навiцкi параiў арыентавацца на лiнii электраперадачы, прасекi i сцяжынкi:

— Выявiўшы адзiн з гэтых аб’ектаў, прытрымлiвайцеся яго — i вы абавязкова выйдзеце да людзей. Ручай цi рэчка таксама выдатныя арыенцiры. Смела рухайцеся ўнiз па цячэннi, яно заўсёды прывядзе да людзей. Пакiдайце за сабой сляды: ламайце галiнкi, вешайце стужачкi — так вас лягчэй будзе знайсцi. Можна ўзяць свiсток. 

Самае галоўнае — не панiкаваць! Спынiцеся, выдыхнiце i прыслухайцеся. Трактар, напрыклад, чуваць за 4 кiламетры, сабачы брэх — за 3, а цягнiк — за 10. Павольна i ўпэўнена рухайцеся да мэты. 

Што тычыцца надвор’я, то яно на баку грыбнiкоў. Па дадзеных на ранiцу пятнiцы, толькi ў шасцi раёнах краiны працягвае дзейнiчаць забарона на наведванне лясоў (Мiнская i Гомельская вобласцi). 

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter