Новая форма стимулирования учеников

У лірыкаў фізіка ўключае логіку

Менавіта праз такую педагагічную формулу стымулюе сельскіх вучняў ганцавіцкі настаўнік Дзмітрый Бондар

Сёння ў сталіцы завяршаецца фінал рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2014». Паў- сотні педагогаў — пераможцаў на рэгіянальных этапах — змагаліся за галоўны прыз — «Крыштальны журавель».

Сярод прэтэндэнтаў і малады настаўнік фізікі Хатыніцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Ганцавіцкага раёна Дзмітрый БОНДАР.


22-2.png



Пасля заканчэння вучобы ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універ- сітэце імя Максіма Танка яму прапаноўвалі застацца ў роднай альма-матар з перспектывай навуковай працы. Але сын палескіх педагогаў цвёрда вырашыў працягваць іх справу ў родных мясцінах. Адслужыў тэрміновую службу ў арміі і вярнуўся дамоў. У Ганцавіцкім раённым аддзеле адукацыі яго накіравалі выкладаць фізіку ў Хатыніцкай сярэдняй школе. Сем гадоў настаўнічае Дзмітрый у вёсцы. Удастоены ў раёне ганаровага звання «Чалавек года», дэпутат Ганцавіцкага раённага Савета дэпутатаў.

Выгнутая дугой амаль у шэсць кіламетраў вёска Хатынічы праз балоты суседнічае з вёсачкай Люсіна, куды некалі «…прыехаў у першую сваю школку ў глухой палескай вёсцы» літаратурны герой Лабановіч з трыголіі «На ростанях» Якуба Коласа. Маладому настаўніку, прататыпам якога стаў аўтар, «…па душы быў і гэты глухі куток Палесся, аб якім яшчэ дома так многа цікавага наслухаўся ад аднаго старога аб’ездчыка, і гэты народ з яго асаблівай моваю і звычаямі, так не падобнымі да мовы і звычаяў тых беларусаў, з гушчы якіх выйшаў Лабановіч». Хатыніцкі настаўнік фізікі Дзмітрый Бондар, у адрозненне ад коласаўскага героя, тутэйшы. Яго продкаў адорвалі навакольныя балоты і густыя бары сваімі дарамі, невялікія лапікі-палі не заўсёды ўдосталь кармілі хлебам. З дзяцінства захаваліся ў памяці расповеды маці пра пасляваеннае жыццё ў аддаленай ганцавіцкай вёсцы Лактышы. Вяскоўцы збіраліся ў іх хаце, што вокнамі глядзела на рачулку Лань. На дзедавым дубовым чоўне з прыбярэжных лугоў вазілі сена, запасаліся дрывамі на зіму. Паўстагоддзя таму меліяратары спрамілі раку, ды так, што пераўтварылася яна ў звычайны водны канал.


22-1.png

Дзмітрый і Галіна БОНДАРЫ з дзецьмі


Як птушкі з роднага гнязда, разляцеліся пяцёра дзяцей франтавіка Іосіфа Сяргеевіча і яго жонкі Алены Фёдараўны Бондараў. Вясковай настаўніцай стала дачка Марыя, а муж яе Станіслаў доўгі час выкладаў асновы меліярацыі ў Ганцавіцкім прафтэхвучылішчы сельскай гаспадаркі нумар 157. Яго выхаванцы і цяпер працуюць на добраўпарадкаванні меліяраваных зямель. У часы масавай кампаніі асушэння Палесся зносіліся хутары, будаваліся новыя гаспадаркі.

Дзецям і ўнукам расказвае сямідзесяцігадовы Станіслаў Апанасавіч, як разбіралі іх хутарскую хату і гаспадарчыя пабудовы і перавозілі ў бліжэйшую пінскую вёску Чамля. Засталіся на былой сядзібе толькі яблыні, якія за мінулыя паўвека ўжо здзічэлі. Балючай ранай засталося ў яго сэрцы вымушанае перасяленне, незадоўга да якога бацька кінуў маці з шасцярымі дзецьмі. Выстаяла загартаваная жыццём Малання Сідарэвіч. Усе дзеці знайшлі сябе ў жыцці. Малодшы з сыноў Станіслаў, каб мець сродкі на вучобу, тройчы выязджаў на асваенне цаліны, і свайго дасягнуў — атрымаў вышэйшую адукацыю. Пры заключэнні шлюбу не пажадаў, каб новая сям’я насіла прозвішча яго бацькі, які кінуў іх на выжыванне. Станіслаў Апанасавіч узяў прозвішча жонкі і стаў Бондарам. Чатыры сыны і дачку падарыла яму Марыя Іосіфаўна.

– Уся радня дапамагала нас выхоўваць, — распавядае Дзмітрый Бондар. — Я пайшоў у першы клас, і ў тую восень бацькі трапілі на матацыкле ў аварыю. Год не падымаўся з бальнічнага ложка бацька, а маці пяць гадоў перакідвалася па бальніцах. Нас глядзела цётка Марыя. Ёй дапамагалі старэйшы мой брат Яўген і сястра Наталля, якую трохгадовы Алесік называў мамай. І ў першы клас Наталля яго выпраўляла. Вучоба ўсім нам давалася без напругі. Пасля дзевяці класаў я падаў дакументы ў прафтэхвучылішча, у якім выкладаў бацька. Там абвясцілі прыём у фізіка-матэматычную групу, і гэта мяне зацікавіла. За тры гады атрымаў спецыяльнасць майстра сельскагаспадарчай вытворчасці з паглыбленым вывучэннем фізікі і матэматыкі, а таксама займеў пасведчанне вадзіцеля матацыкла і аўтамабіля. У час вучобы пастаянна прымаў удзел і перамагаў на алімпіядах па матэматычных навуках. Атрымаў атэстат з адзнакаю і адразу падаў дакументы ў тры вышэйшыя навучальныя ўстановы. Гэта дазвалялася. Паступіў у Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

— Які выбралі для вучобы?

— Бацька параіў вучыцца на настаўніка. Пяць гадоў студэнцтва на факультэце фізікі і інфарматыкі быў старастам групы. Захапляўся ўдакладненнем музычных інструментаў, выступаў у студэнцкіх канцэртах. Універсітэт мне даў прафесію, сяброў, пашырыў кругагляд. Цяжкавата было фінансава, бо сястра Наталля і брат Яўген таксама вучыліся ў вышэйшых навучальных установах. Разам з сябрамі выгружалі вагоны. А днём слухалі лекцыі, праходзілі практыку ў сталічных школах. Мог настаўнічаць і ў райцэнтры, але ў вёсцы хутчэй вырашаецца жыллёвая праблема.

— Вам адразу прапанавалі жыллё ў вёсцы?

— Год ездзіў аўтобусам за 15 кіламетраў на працу. Жыў з бацькамі ў Ганцавічах. Хатыніцкая сярэдняя школа — адна з найбольшых вясковых у раёне. Каля трохсот вучняў у нас, і ў перспектыве прагназуецца рост.

— Многа маладых сем’яў у вёсцы?

— Моладзь ёсць, але працы ўсім не стае ў мясцовай гаспадарцы. Мужчыны едуць на заробкі ў Расію. А жанчыны зарабляюць на чарніцах, грыбах, журавінах, якімі багаты навакольныя мясціны. Адтоку вяскоўцаў няма. Нават павялічваецца колькасць маладых сем’яў.

— І ў вас тут з’явілася сям’я?

— У першы год настаўніцтва спадабалася вучаніца выпускнога класа Галя. Чарнявая, лагодная. Зачаравала мяне. Пад канец навучальнага года ляцеў у адзінаццаты клас, каб хутчэй яе ўбачыць. Толькі пасля апошняга званка ў клубе асмеліўся запрасіць яе на танец. Правёў дамоў. У вёсцы ўсё навідавоку. Галя паехала паступаць у медуніверсітэт, але не прайшла па конкурсе і вярнулася дамоў. Праз год пасватаўся. Пачалі планаваць сваё далейшае жыццё і вырашылі купіць вясковую хату, у якой вясною згулялі вяселле, а летам хатыніцкі айцец Сергій нас абвянчаў. Ужо падрастаюць Мацвейка і Серафіма. Спадзяюся, што сям’я будзе расці.

— Ці ёсць неабходнасць сённяшняму вясковаму настаўніку трымаць гаспадарку?

— Без яе цяжка, таму завялі трусоў, мяса якіх вельмі карысна для дзяцей. Карову не адважваемся купляць. На некаторых хатыніцкіх падворках і па дзве трымаюць. Здача малака дае добры прыбытак. Свіней нявыгадна трымаць, фураж дарагі. Ды і хатняя гаспадарка час адбірае, а настаўніку ён так патрэбен.

— Як вас прынялі вяскоўцы?

— Палешукі доўга прыглядаюцца да прыезджых, не спяшаюцца прымаць у сваё жыццё.

— Як бабулька асцярожна прыглядалася да паныча Лабановіча ў коласаўскай трылогіі «На ростанях». Ці не адчулі вы сябе тут тым самым Лабановічам?

— Ну што вы. Лабановіч развітаўся з палескай глыбінкай у роспачы з-за кахання без узаемнасці. А мне ж пашчасціла з Галяй. Яна мяне тут назаўсёды затрымала. Сённяшнія палескія вёскі не адрозніваюцца ад прысталічных. Тут нават цікавей. Усе даброты цывілізацыі, але і традыцыі моцныя. Калі я застаўся тут жыць, то павінен прымаць мясцовы статут.

— Які ж ён?

— Што можа сабе дазволіць іншы вясковец, настаўнік павінен кантраляваць. Нават нашы адносіны ў сям’і пад пільным вокам суседзяў. І ў школе трэба высока планку трымаць.

У прасторным драўляным доме на дзве палавіны, дзе шэсць вялікіх вокнаў, побач з абразамі, што пакінулі былыя гаспадары, камп’ютар, музычная апаратура, шырокафарматны тэлевізар. За вялікай печчу ў кутку душавая кабіна. Узвышаецца маразільнік, побач — мікрахвалевая печ. У сенцах, больш падобных на гасціную, — газавая пліта, умывальнік з бойлерам. Каля грубкі прыстаўлены двух’ярусны дзіцячы ложак. Усё ў доме расстаўлена з густам. Нічога лішняга. Можа, толькі цацак занадта. Але ж сям’я перспектыўная. Пад разгалістай старой яблыняй для дзяцей зладжаны арэлі, побач з якімі збіты дашчаты стол з лаўкамі абапал. За сеткай у вальеры дае знаць пра сябе дварняжка. А з-за хлява блішчыць люстэрка сажалкі, якую гаспадар пачысціў, паглыбіў і запусціў малькоў рыбы, з чым ніяк не можа змірыцца аўдавелая суседка, для якой вадаём быў звычайнай звалкай.

— Вясковы чалавек больш просты, чым гараджанін, — разважае Дзмітрый Станіслававіч. — Праз гутаркі з бацькамі даведваюся пра іх вытокі.

— Вёска захоўвае радавыя кланы?

— Мо, не так, як бывала, але радні трымаюцца.

— На вучнях гэта  відаць?

— Адны ўпартыя да вучобы, іншыя — да працы. Здольнасці раскрываюцца звычайна ў старэйшых класах. Хто стараннем дабіваецца поспеху, а каму вучоба лёгка даецца. Фізіку на памяць не вывучыш. Тут павінна ўключыцца логіка. Адразу праблема з выдатнікамі. Бацькі скардзяцца, што па ўсіх прадметах выдатна, а з фізікай не атрымліваецца.

— Як вы тут паступаеце?

— Прапаную дадатковыя заняткі пасля ўрокаў і на канікулах. Гэта дае плён. Яны пачынаюць адчуваць, што фізіку не вызубрыш. Трэба сур’ёзна паглыбляцца ў прадмет.

— Не ва ўсіх бацькоў ёсць магчымасць сачыць за справамі школьніка.

— Прызначэнне настаўніка — дапамагаць бацькам. Ні аднаго вучня я не пакідаю па-за ўвагай. Бяда ў тым, што бацькі нашых вучняў з заробкаў прывозяць вялікія грошы. У дзяцей гэта стварае адмоўную рэакцыю на вучобу. Яны лічаць, навошта вучыцца, калі пасля вышэйшай адукацыі такіх грошай мець не будзеш. Імкнёмся іх пераканаць. У некаторых сем’ях дзяцей настройваюць на вучобу і пужаюць, што калі не вывучацца, то давядзецца бадзяцца па заробках, якія не заўсёды ўдалыя. Вучням раю рэалізоўваць свае магчымасці ў тым, да чаго душа ляжыць.

— Дзмітрый Станіслававіч, як вы сталі фіналістам рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў?

— Выпрацаваў свой погляд на выкладанне фізікі для вясковых дзяцей, хаця асаблівай розніцы быццам і няма. Пастаянна ўдасканальваю методыку. Гэта заўважылі метадысты. Удзельнічаў у абласным конкурсе настаўнікаў, дзе акрамя прафесіяналізму ўлічваліся ўменне трымацца перад аўдыторыяй, вакальныя здольнасці і многае іншае.

— Канкурэнты на этапах конкурсу былі моцныя?

— У раёне я іх не адчуваў, а ў вобласці заўважыў цікавага настаўніка фізікі з Баранавіч. У яго інтэрактыўная дошка выкладання. Пасля майстар-класа, які правёў у Жабінкаўскай сярэдняй школе нумар 1, журы аддало мне перавагу.

— А па фінале рэспубліканскага конкурсу ведаеце сапернікаў?

— Мы ў жніўні сустракаліся. Усе даволі здольныя і вартыя перамогі. Перамога садзейнічае кар’еры. Але гэта не пра мяне, бо я не планую нічога ў сваім жыцці мяняць. Я вёску выбраў назаўсёды. Перакананы, што жыццё тут больш багатае, чым у гараджан. Па дарозе ў школу мяне праводзяць векавыя дрэвы, якія на вачах вясною распускаюцца, у летнюю спякоту ўкрываюць цяньком, а зараз загараюцца золатам восені. Навакольнае хараство дорыць настрой. Мяне чакаюць чыстыя душы вучняў, якім я прызначаны даваць веды. Сённяшнія школьнікі далёка не такія, як дзесяць, дваццаць гадоў таму. Час дыктуе свае ўмовы, і мы, педагогі, павінны пастаянна адчуваць пульс сучаснасці.

Мае дзеці, якім яшчэ да школы ёсць час, будуць адрознівацца ад сённяшніх школьнікаў. А я, як настаўнік, павінен ісці ўперадзе гэтых перамен, шукаць варыянты падачы школьнага матэрыялу так, каб гэта было цікава і давала плён. А шукаць лепшае месца для жыхарства — вялікае глупства. Вёска толькі абагачае мяне. На жаль, праца настаўніка нізка аплачваецца. У час адпачынку езджу ў заробкі. У вершы народнага паэта Беларусі Максіма Танка ёсць такі радок: «Для мяне найлепшы адпачынак — праца». Гэта і пра мяне.

— Некалі перад настаўнікам на вёсцы капялюш здымалі. А як зараз?

— Хтосьці здыме, а хто і так пройдзе.

У час размовы з Дзмітрыем на лавачцы перад яго падворкам маленькія Мацвейка і Серафіма гойдаліся на арэлях. А па залітай асеннім святлом вясковай вуліцы праходзілі і праязджалі на веласіпедах сяляне, і ўсе паважліва віталіся. І ў гэтым, як у люстэрку, бачылася іх павага да маладога настаўніка.

Ганцавіцкі раён
Уладзімір Субат
Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter