У лідэрах бібліятэка і возера

“А я не пішу пра чужыя шыроты. Я джунглі і ў нас адшукаць сумею. Сцяблінка звычайнай расянкі балотнай Цікавей жыве за ўсе архідэі. Райскія птушкі (сіваваронкі) Ў джунглях дрымучых (лясах Белавежы) Ў краі нязнаемым (роднай старонцы) Ў мімозы сядаюць (у верас бязмежны). Што мне да кінутых храмаў Мая, Калі жывуць легенды ў народзе, Калі на выспах глухіх адкрываю Крокі мінулых тысячагоддзяў”...

Гэты верш, частку якога я працытавала, Уладзімір Караткевіч напісаў паўстагоддзя назад — у 1957 годзе. А атрымалася, што эпіграфа ці дэвіза да нашай пошукавай кампаніі пад назвай “Сем цудаў Беларусі” лепшага знарок не прыдумаеш. Больш за ўсё мне падабаецца назва верша — “Калумбы зямлі нязнаемай”. Вам не здаецца, шаноўныя чытачы, што гэта акурат пра нас? Мы адкрываем для іншых, але найперш і для саміх сябе нашу родную краіну. Варта толькі паглядзець на тое, што вакол вас, іншымі вачыма — вачыма зацікаўленага вадроўніка, які бачыць усё ўпершыню. Гэта нескладана — трэба толькі захацець і пачаць захапляцца сваёй радзімай. Спыніцца будзе ўжо цяжка, дый вы, упэўнена, і не захочаце спыняцца...
А наша пошта сведчыць пра тое, што “Калумбы зямлі нязнаемай” на гэтай самай зямлі прысутнічаюць у дастатковай колькасці. Пасля трох выпускаў нашай рубрыкі цудаў ужо налічылася не сем, а ўсе дваццаць сем (калі не больш). І ў новай пошце — новыя “кандыдаты”. Так яно і павінна быць — у самай цудоўнай у свеце краіне (наўрад ці хто з нашых чытачоў у тым сумняваецца) павінна быць не сем цудаў, а семдзесят сем разоў па сем. А сем самых-самых цудоўных аб’ектаў прыроды, архітэктуры, культуры мы выберам у канцы года па выніках вашага пісьмовага галасавання. Так што не лянуйцеся, пішыце нам, прымайце ўдзел, а то ваша цуда так і застанецца за кадрам, будзе крыўдна, а крыўдзіцца давядзецца толькі на самога сябе: вы ж пра тое дзіва ведалі, а не напісалі. Так што пішыце! Абяцаю: кожнае пісьмо з новай прапановай будзе працытавана ў выпуску рубрыкі, а прапанаваны вамі аб’ект “выстаўлены на галасаванне”. Калі ж вы проста аддасце свой голас за ўжо прапанаванае на старонках “НГ” цуда, ён абавязкова будзе ўлічаны і можа паўплываць на канчатковы вынік.
Дарэчы, што датычыцца ўжо аддадзеных вамі галасоў за цуды, пра якія мы пісалі раней. У несумненныя лідэры выйшлі будынак Нацыянальнай бібліятэкі і возера Нарач, але ўсё яшчэ можа змяніцца дзякуючы вашым лістам. Тым больш што наш карабель першаадкрывальнікаў яшчэ зусім недалёка ад пачатковага пункту. А наперадзе — доўгае цікавае падарожжа, якое, паўтаруся, без вашага ўдзелу спраўдзіцца з вялікай цяжкасцю.
 А пакуль — новыя пісьмы-прапановы і аповед Анатоля Бутэвіча пра сапраўднае дзіва чалавечай веры, натхнення і таленту — гродзенскую Каложу. Чытайце, здзіўляйцеся, захапляйцеся, згаджайцеся або спрачайцеся — карацей, пішыце (не забываючыся да адраса рэдакцыі дапісаць на канверце пазнаку “Сем цудаў Беларусі). Далучайцеся да кагорты калумбаў роднай зямлі!

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Але рабіць высновы яшчэ рана...

z4.jpg“Я жыву ў Брэсце, і лічу, што Брэсцкая крэпасць павінна быць у спісе цудаў. Яна, канешне, не такая старая, як Бярэсце, музей пад адкрытым небам, пра які ўжо пісалася. Але гэта таксама наша гісторыя і наша памяць. І  яшчэ — жывы сведка чалавечага подзвігу. Таццяна Кавалёнак.”

 

z5.jpg“У спісе гарадоў, якія вартыя, каб іх назвалі цудам, значацца Полацк і Рагачоў. Прапаную ў “намінанты” не менш варты гэтага ганаровага звання горад — наша Заслаўе”, — піша Міхась Свірыдовіч. Адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў з найбагацейшай гісторыяй — чаго вартая толькі летапісная легенда пра яго заснаванне, адна з самых драматычных ва ўсходнеславянскіх летапісах наогул. А калі дадаць яшчэ і неразгаданую таямніцу... Археолагі ўжо колькі дзесяцігоддзяў шукаюць у наваколлі магілу Рагнеды — той самай непакорнай княгіні, якая, помсцячы за бацьку і братоў, ледзь не забіла кіеўскага князя Уладзіміра, і якую ён разам з сынам Ізяславам, які стаў на абарону маці, выслаў у гэтыя мясціны, заснаваўшы горад  з іменем сына. Ізяслаў з часам стаў княжыць у Полацку, а Рагнеда пад манаскім іменем Анастасія дажывала век у Заслаўі, дзе і была пахавана. Усё адбывалася амаль тысячу год назад, але некаторыя даследчыкі ўсё ж спадзяюцца знайсці магілу, бо лічаць, што такія асобы не сыходзяць у нябыт бясследна.

z3.jpgЧытаючы вашы допісы, я ўвесь час здзіўлялася: чаму сярод прапаноў няма Мірскага замка? Пасля пачала хвалявацца: а раптам яго зусім ніхто з чытачоў не ўспомніць? Як тады быць? Адзін з сімвалаў нашай краіны, занесены ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, — і раптам ніхто не назаве. Непакой быў дарэмны: спачатку прыйшло пісьмо ад Тамары Рогач з Маладзечна, а праз дзень на нашым сайце (дзе таксама вядзецца галасаванне) Len@ з Клецка прапанавала ўключыць у спіс цудаў Мірскі замак. Вы цалкам згодны, бо таксама хадзілі ў захапленні ля яго чырвоных сцен і ўсюды адчувалі на сабе позірк вялізных, жывых вачэй Збавіцеля, якія глядзелі іменна на вас са сцен капліцы?
  Напішыце нам пра гэта!

z2.jpgТая ж Len@ прапанавала ўнесці ў спіс сямі цудаў Беларусі Сафійскі сабор у Полацку. У адным з папярэдніх выпускаў праекта мы друкавалі ліст іншай нашай чытачкі, яна кандыдатам на  “цудоўную сямёрку” называла ўвесь Полацк. “Сафійка”, канешне, ад Полацка неаддзельная, але яна і асобна можа прэтэндаваць на права лічыцца адным з найвялікшых цудаў нашай зямлі. Пабудаваная Усяславам Чарадзеем, яна прастаяла на беразе Дзвіны амаль семсот гадоў. Падчас Паўночнай вайны войскі Пятра І размясцілі ў храме парахавы склад, і сабор аднойчы проста ўзляцеў у паветра. Вандалы — катэгорыя не адносная да нейкай эпохі, яны былі заўсёды... Але Сафійка дзякуючы ўменню і таленту дойлідаў уваскрэсла. Непазнавальна відазмененая — ва ўсёй спеўнасці і раскошы нашага, беларускага стылю — віленскага барока, яна і сёння стаіць на стромым беразе ракі, бы вялікі белы птах, які прысеў адпачыць і ўжо гатовы зноў узляцець да неба... А ў сярэдзіне гэты дзівосны па прыгажосці храм рыхтуе яшчэ адзін цуд — скляпенні таго першага сабора, якія захаваліся пасля выбуху, якія помняць Усяслава і Ефрасінню. Уражанняў — праз край. Нездарма ж наведвальнікі кідаюць на падлогу манеткі — каб вярнуцца туды яшчэ раз.

z1.jpg“Уважліва  чытаю вашу газету, таму хачу прапанаваць уключыць у спіс цудаў пасёлак, пра дзівосы якога вы шмат пісалі на сваіх старонках, — Юравічы на Гомельшчыне. Ён таго заслугоўвае: то ікона цудоўным чынам знойдзецца, то галаву маманта пры раскопках адкапаюць... Дзе яшчэ такое на Беларусі адбываецца? Не здзіўлюся, калі ў хуткім часе вашым карэспандэнтам давядзецца пісаць пра чарговую сенсацыю з Юравіч. Васіль Міхалевіч, Бабруйскі раён.”

 

“Не ведаю, ці ўнеслі вы ў спіс прэтэндэнтаў крычаўскую суднаверф, пра якую ў апошнім выпуску рубрыкі так цікава напісаў Анатоль Бутэвіч. Калі не — абавязкова гэта зрабіце. Я сама вырасла ў Крычаве, але не ведала пра тое, што ў нашым горадзе будавалі сапраўдныя караблі. Не цікавілася гэтым, у школе пра гэта не казалі... Сапраўднае адкрыццё! Цяпер з гонарам расказваю сваім сталічным унукам пра сваю малую радзіму. Летам абавязкова туды паедзем. Антаніна Пятроўна Грыбава, г.Мінск”.  КАЛОЖСКАЯ ЦАРКВА

Адкуль ўзнікла назва Каложа?
У 1405 годзе вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Вітаўт Вялікі хадзіў паходам на Пскоў. Там ён узяў у палон 11 тысяч жыхароў прыгарада Каложы і пасяліў іх у Гародні, паблізу ад царквы Барыса і Глеба. Перасяленцы назвалі месца свайго новага побыту Каложай — як памяць пра сваіх продкаў. Пазней і царкву сталі называць Каложскай.

Як вядома, на пачатку было Слова. I Слова было ў Бога. I Богам было Слова. У Слове пульсавала жыццё, і Слова з’яўлялася святлом для людзей.
Пасля словы пачалі складвацца ў сказы, сказы — у рознага кшталту аповеды. I паплыло, забурліла, заштарміла слоўнае мора, усё больш адыходзячы ад сваёй першаасновы. А ў моры гэтым пачало тануць тое першаснае і глыбокае, адзінае і магутнае Слова, якое было на пачатку.
I тады, думаецца мне, мудрыя божыя людзі знайшлі варты спосаб захавання Слова. Яны сталі будаваць цэрквы. Дзе можна пачуць справядлівае і гаючае Слова ад Бога. I дзе можна ўзнесці на Вышыні, прашаптаць да Бога сваё слова-маленне, слова-пакаянне, слова-падзяку. Каб не хадзіць поначы, не блукаць у цемры духоўнай, не блудзіць па чужых сцежках, беларусы прагна шукалі сваю дарогу да храма. Ва ўсе часы — спрыяння і нягоды, радасці і смутку, богапакланення і бязбожжа яны захоўвалі павагу да Слова, будавалі храмы і цэрквы. У іх, акрамя ўсяго, увасаблялася агульная культура чалавека, яго духоўны стан, светапогляд грамадства.
Таму і ззяюць сапраўднымі дыяментамі на беларускай зямлі шмат якія даўнія храмы, што ўвасобілі ў сваёй архітэктуры і духоўнай аўры спрадвечныя памкненні беларусаў да дасканаласці, да лепшай долі, да самапазнання.
Адным з такіх несмяротных свяцілішчаў з’яўляецца Барыса-глебская царква ў Гродне. Або Каложская, або проста Каложа. Гэта унікальны помнік праваслаўнага дойлідства XII стагоддзя, калі на Гродзеншчыну прыйшло хрысціянства. Каложа — адзіны беларускі храм такога кшталту, арыгінальны і непаўторны. Як сведчаць спецыялісты, Каложская царква не мае сабе падобных ні ў старажытнарускім, ні ў балканскім храмабудаўніцтве. Яна сталася першапачаткам Гарадзенскай архітэктурнай школы, якая выявілася восем стагоддзяў таму. Выдатнымі помнікамі гэтай школы з’яўляліся Ніжняя, Прачысценская цэрквы ў Гародні, княскі палац.
Слынныя гарадзенскія дой-ліды, як і кожны сапраўдны майстар, мелі свае сакрэты будаўніцтва. Яны кемна выкарыстоўвалі розныя аздобы, узоры з прыродных камянёў, з каляровай паліванай кафлі. Рабілі ўсё, каб будынак меў прывабную выразную архітэктурную форму.
А тое, што будаўніцтву Барысаглебскай царквы спрыялі майстры з Грэцыі, сведчыць пра плённыя сувязі тагачаснай беларускай праваслаўнай культуры з багатым візантыйскім духоўным жыццём. Пераймаючы іншазямельныя традыцыі, беларускія дойліды аднак выштукавалі свой храм, які без суперніцтва займае вартае месца сярод найслынных помнікаў хрысціянскага царкоўнага будаўніцтва.
Пра назву Барысаглебскай царквы існуюць розныя паданні. Адам Кіркор — вядомы гісторык, этнограф і археолаг — звязвае гэта з часам княжання ў Гародні праўнука Яраслава Мудрага Усевалада Давыдавіча. У 1167 годзе ён ажаніўся з дачкой Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. У іх было двое сыноў: Барыс і Глеб. Пасля несправядлівага забойства яны першымі’ на ўсходнеславянскіх землях былі ўзведзены царквой у сан святых. Вернікі вельмі шанавалі іх, пакланяліся, будавалі ў іх гонар шматлікія храмы. Лічыцца, што менавіта яны і заклалі на высокім беразе Нёмана самы старажытны праваслаўны храм у Гародні.
Духоўная моц дойлідаў, іх высокае ўмельства спрыялі з’яўленню выдатнага помніка. Але майстры не здолелі засцерагчы святыню ад розных
нягод. Царква зведала разбуральную сілу сярэднявечных сечаў, шведскай вайны. Хуткаплынны Нёман таксама нарабіў шкоды. Яму хацелася так блізенька плысці ля гэтай непрыступнай прыгажуні, што ён і не заўважыў, як бурлівыя хвалі падтачылі бераг. У 1853 і 1899 гадах разам з берагам у нёманскую ваду абрынуліся паўднёвая і ўсходняя сцены, скляпенні. Царкве былі нанесены іншыя страты. Аднак Слова Божае зноў паклікала да сябе людзей. I ў канцы XIX стагоддзя царква, ахаваная Духам Святым, была адноўлена — дабудаваны драўляныя сцены, дах.
Узведзеная на рошчыне людской дабрыні і любові да Бога, Барысаглебская царква і да гэтага часу здзіўляе сваёй выразнасцю, кампактнасцю, годнасцю, дасканаласцю формы і практычнага прызначэння. Мураваныя сцены храма ўгары маюць адзіныя на сённяшні дзень у Беларусі галаснікі. Гэта керамічныя ўстаўкі, якія нагадваюць высокія збаны з доўгай шыяй. Іх умуроўвалі ў сцены горлам унутр, што спрыяла акустыцы будынка. Галаснікі надавалі богаслужэнню асаблівую ўрачыстасць, узнёсласць і выразнасць. Кажуць, калі царква ўжо ззяла сваім купалам, гарадзенцы папрасілі дазволу выпрабаваць гэтыя невядомыя галаснікі і пагукаць у храме. Нават самі злякаліся ўласнага голасу такой уратавальнай моцай і дужасцю, пераканаўчасцю і верай гучаў ён. Даўней сцены царквы былі аздоблены фрэскамі. Некаторыя фрагменты іх выяўлены ў XX стагоддзі.
Асаблівую цікавасць і непаўторную адметнасць гэтаму старадаўняму помніку хрысціянства надаюць устаўкі ў знадворныя чырвонацагляныя сцены паліраваных рознакаляровых валуноў і маёлікавых плітак зялёнага, карычневага і жоўтага колераў.
Згодна з даўно заведзеным правілам, апрацоўка камянёў для храма праводзілася загадзя, далёка ад месца будоўлі. Таму ля царкоўных сцен ніколі не было непатрэбнай мітусні, шуму і грукату. Паважлівасць і пашанотнасць да храма пачыналася на стадыі будаўніцтва.
3 каляровых плітак на вонкавых сценах Каложскай царквы выкладзены рознай велічыні крыжы. Гэтыя колеравыя ўстаўкі з’яўляюцца важным элементам архітэктурнай адметнасці храма і яго апазнавальным знакам. Такім чынам даўнія майстры ўвасобілі ў камені ідэю ўсёстваральнай і ўсёпераможнай Божай сілы.
У незвычайных крыжах Каложы сцвердзілася не толькі майстэрства дойлідаў, а і мудрая прадбачлівасць. У іх закладзены глыбокі сімвалічны сэнс, які падкрэсліваецца не толькі колерам, але і бляскам, свячэннем. У сонечны дзень царкоўная сцяна ажно праменіцца таямнічым мігценнем, дыхае магутнай стваральнай энергіяй. Адпаведна царкоўнай традыцыі, на візантыйскіх мазаіках Хрыста заўсёды атачала залатая прастора, якая валодала цудадзейнай аберагаючай сілай. Яно, гэтае таямнічае і моцнае святло, укрыжаванае ў сценах Каложы, ахоўвала і абараняла саму царкву і яе вернікаў-прыхаджан ад злога, нядобрага, дадавала стваральнага настрою і хрысціянскай цярплівасці ў імя дабра роднай зямлі.
Калі над маёй васільковай Беларуссю раннім досвіткам прахопліваецца клапатлівае сонейка, яно ў любую пару года найперш кідае свой ласкавы погляд на Каложу. Дзіўным жыватворным ззяннем успыхваюць яе каляровыя камяні ў сценах, абярэжнай і жыццядайнай сілай свецяцца яе крыжы. I тады здаецца, што гэты шэдэўр беларускага дойлідства, які горда ўзвышаецца на магутных далонях бацькі-Нёмана, не толькі сам поўніцца і праменіцца веліччу і годнасцю, але насычае душы вернікаў, любасцю і дабрынёй гоіць душэўны неспакой, узвялічвае справы і дзеі людзей Белай Русі.
А калі трапяткія нябесныя сузор’і буйнымі арабінавымі гронкамі зачаравана трымцяць у нёманскіх хвалях побач з абрысамі Каложы — гэтай праўдзівай перліны хрысціянскага свету, тады здаецца, што ў нерухомай цішыні пранікліва гучыць сказанае Богам: “I вочы мае, і сэрца маё будуць там ва ўсе дні”.
Анатоль БУТЭВІЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter