В лесах появились первые сморчки и строчки

У краіну прыйшоў грыб

Ледзь сышоў снег, а нецярплівыя грыбнікі ўжо адпраўляюцца ў лес. Па што? Зразумела, па грыбы. Дзякуючы цёпламу надвор’ю, якое ўстанавілася ў краіне на апошнім тыдні, у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца паведамленні пра пачатак грыбнога сезона. Першыя дары лесу знаходзілі ў Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Карэспандэнт «Р» даведалася, якія грыбы ўжо цяпер можна збіраць і чым яны небяспечныя.

Першыя грыбы знаходзілі ў Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях.
vk.com

Грыбы з’яўляюцца хвалямі. Першая хваля прыходзіцца на сярэдзіну чэрвеня і доўжыцца нядоўга — адзін-два тыдні, другая выпадае на канец ліпеня і доўжыцца крыху больш — два-тры тыдні. Самая працяглая — трэцяя хваля — доўжыцца з сярэдзіны жніўня да сярэдзіны кастрычніка. Аднак ужо з сярэдзіны красавіка самых нецярплівых грыбнікоў радуюць першыя смаржкі і страчкі.

Смаржкі з’яўляюцца ядо­мымі грыбамі, страчкі — умоў­на ядомымі. Згодна з санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі для арганізацый, якія ажыццяўляюць нарыхтоўку, перапрацоўку і продаж грыбоў, зацверджанымі пастановай Міністэрства аховы здароўя, страчок звычайны ўнесены ў пералік атрутных і неядомых грыбоў. Смаржкі адносяцца да ядомых, іх дазваляюць нарыхтоўваць і перапрацоўваць на тэрыторыі краіны.

Аднак некаторыя грыбнікі блытаюць лясных братоў, з-за чаго часам трапляюць у бальніцы з атручэннем. Каб страчок памылкова не прыняць за смаржок, важна ведаць і добра распазнаваць іх батанічныя прыкметы. Якія менавіта, расказала кіраўнік лабараторыі мікалогіі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя Купрэвіча Акадэміі навук Таццяна Шабашова:

— Смаржкі любяць сасновыя і шыракалістыя лясы, асабліва рэдкалессе, высечкі. Гэта значыць, тыя мясціны, дзе больш святла і вільгаці. Пладовае цела дасягае ў вышыню 5—15 сантыметраў. Узрост грыба падкажа колер ножкі. У маладога яна белая або бэжавая, у старога — бурая. Адрозніць смаржкі і страчкі даволі проста. Унутры яны ідэнтычныя: у адных і другіх полыя целы. Але знешнім выглядам смаржок нагадвае сапраўдны грыб, у яго ёсць і ножка, і шапачка. Шапачка полая, пясочна-карычневая, канічнай формы. Паверхня гэтага конуса ўся ў зморшчынах, якія нагадваюць няроўныя пчаліныя соты. У страчкоў шапачка цёмна-бурая, «гумавая» навобмацак, з-за шматлікіх хаатычных зморшчын нагадвае грэцкі арэх.

Таццяна Шабашова: «Смаржкі любяць сасновыя і шыракалістыя лясы, асабліва рэдкалессе і высечкі». 
botany.by

У нашай краіне сустракаюцца чатыры разнавіднасці смаржкоў. Самы распаўсюджаны — смаржок ядомы. Ёсць яшчэ смаржок высокі, канічны і смаржковая шапачка. Грыбнікі, якія гандлююць гэтымі вясновымі дарамі лесу ля Камароўскага рынку ў Мінску, кажуць, што знайсці смаржкі ў лесе ўжо можна. Але трэба спяшацца. Да сярэдзіны мая пара смаржкоў пройдзе. Аднак па паўночнай частцы краіны яны могуць пладаносіць да канца мая. Усё залежыць ад надвор’я. Зараз у лесе для іх масавага з’яўлення сухавата: мала дажджоў, ды і зіма была маласнежнай. Але калі пройдуць дажджы, то аматары «ціхага палявання» могуць разлічваць на добры ўраджай.

— Праз пару тыдняў у лясах можна будзе знайсці яшчэ адзін ядомы від грыбоў — радоўку майскую, — дадала Таццяна Шабашова. — Яна аддае перавагу асветленым участкам лесу, абочынам палявых і лясных дарог, лугам і садам. Яе шапачка, ножка і пласцінкі аднаго колеру — белаватага ці крэмавага. Часам пачаткоўцы-грыбнікі блытаюць радоўку майскую з шампіньёнамі.

Для атручэння грыбамі характэрна сезоннасць. Так, у красавіку — маі інцыдэнты бываюць звязаныя са смаржкамі і страчкамі. Да непрыемнасцей часцей за ўсё прыводзяць няведанне іх відавога складу, парушэнне тэхналогіі прыгатавання і ўмоў захоўвання. Адсюль лічбы: летась зафіксавана 86 выпадкаў атручэння грыбамі, у гэтым годзе — ужо 8. Такія даныя Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

Каб пазбегнуць атручэння, ужываць смаржкі можна толькі пасля стараннага мыцця і кулінарнай апрацоўкі. Нарэзаныя грыбы пажадана пракіпяціць некалькі разоў на працягу 15—20 хвілін, абавязкова зліць адвар і прамыць лясныя дары ў халоднай вадзе. Толькі пасля гатаваць страву: варыць суп, смажыць, тушыць...

Але не ўсе выконваюць гэтыя правілы, у выніку трапляюць на бальнічныя ложкі. У 2017 годзе, які быў вельмі ўраджайным на смаржкі і страчкі, адбылося адразу некалькі сур’ёзных атручэнняў гэтымі грыбамі. Жыхар Ляхавіцкага раёна з’еў смаржкі і трапіў у рэанімацыю. Праз некалькі тыдняў выпадак атручэння смаржкамі быў зафіксаваны ў Магілёўскім раёне — 29-гадовая жанчына памерла.

— У гэтым годзе пацыенты з атручэннем грыбамі да нас яшчэ не паступалі, — кажа выконваючы абавязкі загадчыка таксікалагічнага аддзялення УАЗ «Гарадская клінічная бальніца хуткай медыцынскай дапамогі» Мінска Віталь Ляўшукоў. — Часцей за ўсё атручэнні звязаны з ужываннем у ежу ўмоўна ядомых грыбоў пры парушэнні тэхналогіі іх кулінарнай апрацоўкі. Гэта тыя ж зонцікі, зелянушкі, падзялёнкі і іншыя. Атручэнні страчкамі таксама былі. Першыя сімптомы звычайна праяўляюцца праз 6 гадзін. Клініка атручэння пачынаецца з вострага гастраэнтэрыту. З’яўляецца боль у страўніку, млоснасць, рвота, часты вадкі стул. Могуць назірацца недамаганне, слабасць, галаўны боль. Пры цяжкім атручэнні на другія суткі з’яўляюцца прыкметы жаўтухі, павялічваецца печань, селязёнка, ёсць прыкметы нырачнай недастатковасці. Пры першым падазрэнні на атручэнне грыбамі трэба адразу звяртацца па медыцынскую дапамогу. 

gorbatenko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter