У КРАІНЕ

Рэкі, на выхад! На Дзвіне, Прыпяці і Сожы ў пачатку красавіка можа здарыцца сур’ёзная паводка

У рэспубліканскім гідраметэацэнтры супакойваюць: у маштабе краіны не будзе вялікага разводдзя. Аднак жыхарам некаторых рэгіёнаў варта перасцерагчыся. Рэкі выйдуць з берагоў на асобных участках. А наколькі сур’ёзныя могуць быць наступствы — залежыць ад колькасці ападкаў у канцы сакавіка.
“Заходняя Дзвіна разліецца ніжэй Полацка, у прыватнасці, у раёне ўпа-дзення ў яе ракі Дрыса. Побач знаходзіцца горад Верхнядзвінск. Жыхарам, якія маюць жытло каля ракі, трэба ўжо сёння патурбавацца”, — папярэджвае Марына Нагібіна, начальнік аддзела гідралагічных прагнозаў рэспубліканскага гідраметэацэнтра.
Са слоў Марыны Ягораўны, аналагічныя праблемы могуць узнікнуць у жыхароў ваколіц Добруша. Тут ужо не першы год разліваецца рака Харапуць — прыток Сожа. Яшчэ адзін “сюрпрыз” можа прынесці Сож праз свой прыток Проню жыхарам вёскі Скварск у Чавускім раёне. Побач знаходзіцца жалезабетонны мост, які з-за няправільнага праектавання неаднаразова заліваўся талай вадой.
На Прыпяці максімум вады фіксаваўся ў канцы лютага — на пачатку сакавіка. Вялікай паводкі тут скарэй за ўсё ўжо не будзе. Аднак калі не спыніцца снег і дождж, а да канца сакавіка прагноз несуцяшальны — ападкі будуць, то і на Палессі можа яшчэ здарыцца затапленне, асабліва ў Жыткавіцкім і Столінскім раёнах.
Тым часам жыхары берагоў Нёмана могуць не турбавацца — паводле прагнозу, звычайна спакойная ўвесну рака і гэтым разам бушаваць не збіраецца. Апошняе катастрафічнае навадненне на Нёмане было зафіксавана ў 1958 годзе.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter