В Глубоком назвали лауреатов традиционной районной премии «Признание»

У кожнага свая вяршыня

«Маладая сям'я года» — Юрый і Марыя СКІРМАНТ з дзецьмі.
Прайшла ў Глыбокім ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі «Прызнанне-2022», прадстаўнікоў моладзі, якія дасягнулі найлепшых вынікаў у працы, вучобе, спорце, творчасці і іншай прафесійнай дзейнасці.

Прэмія традыцыйная, уручаецца восьмы год запар. І кожны раз — адкрыццё новых імёнаў, высокіх рэкордаў. І на гэты раз не без сенсацый.

У Глыбокім, ды і ў Беларусі, няма вялікіх гор. Тым не менш глыбачанін Аляксей Гуляшка, начальнік каравула Глыбоцкай РАНС, у складзе расійска-беларускай каманды падняўся на Эльбрус — і адзначаны ў намінацыі «Адкрыццё года».

Што пацягнула ў горы, патлумачыў:

— Падчас вучобы ва Універсітэце грамадзянскай абароны захапляўся прамысловым турызмам. Марыў узысці на Эльбрус. Шмат трэніраваўся, і нарэшце мроі здзейсніліся. З хваляваннем падымаў на яго вяршыні беларускі сцяг.

Ну а на гэты год Аляксей рашучы ўзяць вяршыню ў асабістым жыцці: намечаны шлюб з каханай.

Сюрпрызам можна лічыць і вызначэнне Юрыя і Марыі Скірмант «Маладой сям'ёй года». Юрый — майстар мэблевага цэха, Марыя — настаўніца (ездзіла ў вясковы Залескі дзіцячы сад — сярэднюю школу). Маюць свой дом, але, улічваючы павелічэнне сям'і (у іх трое дзяцей), адважыліся на пашырэнне жыллёвай плошчы.

Падзеяй года названа другое месца сям'і Дзмітрыя і Вікторыі Дундзер, якая атрымала серабро ў рэспубліканскім праекце «Уладар сяла».

— Удзельнічалі ў конкурсе першы раз, — расказвае Вікторыя. — З намі выступалі дзеці: сямігадовы Кірыл і чатырохгадовы Захар. Роўна прайшлі этапы, бо ўсё нам знаёма. Самі з вёскі, жывём у аграгарадку Абруб у прэзідэнцкім доме. Гадуем жывёлу: курэй, свіней і бычка. Я — эканаміст у мясцовым сельгаспрадпрыемстве, а муж Дзмітрый — механізатар, працуе на трактары «Амкадор». Работа круглы год: і на полі, і на ферме. І нават на дарозе: снег расчышчаў у вёках, калі яго шмат выпала. Люблю вёску, прыроду і не пераношу гарадскога тлуму.

Шмат добрых спраў зрабіў валанцёрскі атрад «Твой выбар». На рахунку 25 маладых рабочых падрыхтоўка горада да «Дажынак», добраўпарадкаванне тэрыторыі новага храма, дапамога адзінокім і іншае. Створаны атрад пры Глыбоцкім райкаме БРСМ.

Знамянальны след пакінуў і «Маладзёжны праект года», у рамках якога праведзены міжрэгіянальныя патрыятычныя чытанні «Мы помнім! Мы ганарымся!» і гістарычны батл «Гісторыя ў тваіх руках». Важкі ўклад зрабілі і супрацоўнікі мясцовага гісторыка-этнаграфічнага музея.

Маладзёжным лідарам года названа педагог-арганізатар СШ № 1 Дар'я Смольская, а прафсаюзным актывістам — юркансультант ДУ «Цэнтр забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый і дзяржаўных органаў Глыбоцкага раёна» Юлія Бука.

Усяго прэмія «Прызнанне-2022» вызначана ў 13 намінацыях. Пераможцам уручаны спецыяльныя статуэткі і сертыфікаты.

sulich@bk.ru

Фота Анастасіі СТАНКЕВІЧ.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter