У кожнага чалавека свая рака

Нядаўна споўнілася 55 гадоў вядомаму беларускаму пісьменніку і публіцысту Уладзіміру Саламаху. Адразу скажу: ён мой зямляк і вучань. Шмат гадоў таму я расказваў чытачам “Рэспублікі” пра яго біяграфію, станаўленне як асобы. Сёння мой расказ аб некаторых аспектах творчасці Уладзіміра Саламахі.
Зямля нашай роднай Кіраўшчыны багата неардынарнымі, таленавітымі, гераічнымі людзьмі. Некаторыя з іх вызначыліся як барацьбіты за свабоду і незалежнасць Айчыны, асобныя праславілі родны край набыткамі ў сельскагаспадарчай вытворчасці, будаўніцтве і іншых галінах народнай гаспадаркі. А вось беларускі пісьменнік Уладзімір Пятровіч Саламаха ўзбагаціў духоўную спадчыну сваімі чыстымі, патрыятычна накіраванымі творамі. З гонарам сцвярджаю, што ў духоўным падмурку беларускай дзяржаўнасці ёсць цагліна і нашага земляка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі імя К.Каліноўскага, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Саламахі. Уладзімір Саламаха ўпершыню выступіў у друку са сваімі апавяданнямі ў 1977 годзе. Першыя ж кніжкі — “На ўзмежку радасці”, “Заўтра ў дарогу” — з’явіліся ў 1980-м. Некалькі біяграфічнай была аповесць “Напрадвесні”. Імкненне псіхалагічна напоўніць матэрыял і выйсці за рамкі тыповасці прывяло да напісання кнігі “Кавалёк – лесавая былінка” (1988 г.). Галоўны вобраз твора Міхась Кавалёк – “лесавік”, які ўяўляе сабой нешта адно цэлае з прыродай. Маленькі чалавек з “дна” сучаснага грамадства падымаецца на такую духоўную вышыню, да якой і “сталпам” ніколі не дацягнуцца. Асобныя эпізоды аповесці так лірычна акрэслены, што нагадваюць паэму ў прозе. Нечаканым паваротам у творчым пошуку Уладзіміра Саламахі стала кніга “Прывід у скураным крэсле”. Тут дзейнічаюць ужо не “маленькія людзі”, а чыноўнікі важнай установы. У пагоні за лепшым уладкаваннем асабістага жыцця яны “грызуцца”, як “павукі ў банцы”. Гэтыя “прывіды” вельмі небяспечныя, бо ўмела хаваюць сапраўдны твар, хочуць паказацца дабрадзеямі. У выніку – раздваенне асобы. На вялікі жаль, такіх “прывідаў” шмат і сярод сучаснага чыноўнага люду. У аповесці “Расступіся, зямля...” пісьменнік своеасабліва аналізуе падзеі мінулай вайны. Зломленыя маральна і фізічна жанчыны праз столькі гадоў знаходзяць у сабе сілы, каб пакараць гвалтаўніка. Справядлівае перамагае. У аповесці “Апазнаецца асоба мужчыны” (“Адысея душы”) выкрываецца хцівасць прыстасаванцаў, для якіх чужы лёс і чужы боль увогуле не існуюць. За чалавечнасць і духоўнасць у самых змрочных абставінах выступае аўтар твора. Багаты матэрыял для роздуму дае аповесць “Перакулены свет” (1997 г.). Гэта вельмі праўдзівы і псіхалагічна насычаны твор, у якім аўтару ўдалося глыбока пранікнуць у сутнасць негатыўных працэсаў, што прывялі да душэўных пакут шмат сумленных людзей. Пісьменнік высвечвае прычыны грамадскай хваробы. І яны не ў эканамічных і грамадскіх пераўтварэннях, а ў духоўных надломах і адступленнях ад народных традыцый. Духоўнае адраджэнне – вось галоўны клопат пісьменніка-патрыёта. Кніга Уладзіміра Саламахі “Званыя і выбраныя” (1999 г.) красамоўна сведчыць аб імкненні пісьменніка пашырыць кола прыхільнікаў мастацкага слова шляхам уключэння ў літаратурны працэс новых чытачоў і творцаў. У дадзеным выпадку мастацкая публіцыстыка даходзіць наўпрост да самых шырокіх слаёў нашага грамадства. Аўтар тактоўна, даверліва і проста даводзіць да чытача сваю пазіцыю ў літаратуры, з вялікай цеплынёй і павагай піша аб творчасці сучасных празаікаў і паэтаў розных пакаленняў. Класіка беларускай прозы І.П.Шамякіна шматлікія чытачы лічаць “люстэркам краіны”, гонарам нацыі, узорам творцы-пісьменніка. Але ж У.Саламаха ў сваім артыкуле “Вялікія таксама людзі, або Пра што расказалі дзённікі Шамякіна” даводзіць да чытача новую, самую тонкую грань талента майстра: гэта самы просты, а значыць, самы свабодны, даверлівы, самы добразычлівы чалавек і грамадзянін. І самі па сабе цягнуцца рукі да кніг народнага пісьменніка, каб яшчэ раз перачытаць, перадумаць, узбагаціцца духоўна. Ва ўсіх творах Уладзіміра Саламахі беларуская прырода служыць сімвалам прыгажосці, непаўторнасці і аб’ектам душэўнага замілавання. Згусткам усяго гэтага захаплення з’яўляюцца эсэ “На зялёных промнях Бярозы” і “У кожнага чалавека свая рака...”. Тут проста духоўна і матэрыяльна адчуваеш прыцягальную сілу роднай зямлі. Узнікае моцнае жаданне бачыць народ, які жыве на гэтай зямлі, свабодным і заможным.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter