У Хойнiкi — праз хвойнiкi

У Хойнiкi хутка з’едуцца ўдзельнiкi Дня беларускага пiсьменства

У Хойнiкi — праз хвойнiкi неўзабаве з’едуцца ўдзельнiкi i госцi Дня беларускага пiсьменства

Слова “хвойнiкi” ў загалоўку – не проста рыфмаваная прыхамаць аўтара матэрыялу. Адна з верагодных версiй этымалогii назвы сёлетняй сталiцы свята пiсьменства якраз i звязана з хваёвымi лясамi, якiя колiсь блiзка падступалi да населенага пункта. Дарэчы, i сёння вакол Хойнiкаў iх нямала, але ў адрозненне ад старажытнага часу дабрацца сюды не складае анiякiх праблем. Тым больш зараз, напярэдаднi вялiкага нацыянальнага фэсту. Дарожнiкi i работнiкi лясной гаспадаркi падчас падрыхтоўкi да мерапрыемства шмат чаго зрабiлi, каб пад’езды да райцэнтра сваёй добраўпарадкаванасцю радавалi гасцей. Дарожныя работы, дарэчы, актыўна вялiся за горадам i ў iм самiм падчас майго наведвання Хойнiкаў, за некалькi дзён да пачатку свята.

Райцэнтр мiжволi нагадваў вялiкi мурашнiк. На цэнтральных вулiцах i аб’ектах, уключаных у святочную праграму, шмат люду i тэхнiкi, i ўсё гэта знаходзiлася ў пастаянным арганiзаваным руху. З часу першага пасяджэння рэспублiканскага аргкамiтэта па правядзеннi Дня беларускага пiсьменства прайшло некалькi месяцаў, але за гэты адносна невялiкi час горад карэнна змянiў сваё правiнцыяльнае аблiчча.

Сучасны цывiлiзаваны выгляд i святочны шарм ва ўсiм, асаблiва ён кiдаецца ў вочы на плошчы райцэнтра. Адзiн з будынкаў побач з плошчай — гандлёвы цэнтр. Ён яшчэ ў павуцiне рыштаванняў: будаўнiкi завяршаюць тут еўрааддзелку фасада. Праз вулiцу — у будучым Доме абрадаў — работнiкi гомельскай фiрмы шчыруюць на ўнутраных аддзелачных работах. Дарэчы, у межах свята ў новым Доме абрадаў пройдзе ўрачыстая рэ­гiстра­цыя шлюбу, а галоўнымi вiноўнiкамi ўрачыстасцi стануць маладыя спецыя­лiсты — намеснiк галоўнага ўрача раённага цэнтра гiгiены i эпiдэмiялогii Сяргей Краўчанка i настаўнiца адной са школ райцэнтра Iна Кушнiр.

...Асноўнае рабочае месца начальнiка Хойнiцкага райаддзела культуры Валянцiна Баранава ў гэтыя днi — на аб’ектах галiны, што задзейнiчаны ў арганiзацыi святочных мерапрыемстваў. Каля капiтальна адрамантаванай раённай дзiцячай бiблiятэкi i сустрэў яго.

— На больш значных з аб’ектаў — раённым Доме культуры, сядзiбна-паркавым комплексе, дзiцячай бiблiятэцы i дзiцячай школе мастацтваў — асноўныя будаўнiчыя работы па капiтальным рамонце i мадэрнiзацыi будынкаў выкананы, тут завяршаецца ўнутраная аддзелка памяшканняў, вядзецца добраўпарадкаванне тэрыторыi, — распавёў Валянцiн Iгнатавiч. — Афiцыйнае ад­крыццё пасля рэканструкцыi помнiка архiтэктуры ХIХ стагоддзя — будынка былога дома-сядзiбы купца Аўраамава (пазней тут размяшчалiся шпiталь, iнтэрнат, Дом пiянераў i дзiцячая музычная школа) — значыцца ў лiку галоўных дзей Дня пiсьменства. Тут атрымае прапiску раённы краязнаўчы музей з карцiннай галерэяй, ён дагэтуль тулiўся ў малапрыстасаваным памяшканнi па вулiцы Савецкай.

Апавядаць аб перадсвяточных Хойнi­ках i не наведаць гэты адметны аб’ект, пабудаваны ў стылi неакласiцызму, было б недаравальна. Сёння над напаўненнем сямi музейных залаў дакументамi i экспанатамi аб багатай гiсторыi i су­часнасцi цудоўнага куточка беларускага Палесся сумесна працуюць навукоўцы, музейныя работнiкi, гiсторыкi i края­знаўцы. Падчас свята ў музеi будуць выстаўлены лепшыя мастацкiя работы з калекцыi Гомельскага палацава-паркавага ансамбля, сярод iх i створаныя ўдзельнiкамi пленэру «Хойнiкшчына сучасная» — ён завершыцца напярэдаднi Дня пiсьменства. Лепшыя карцiны мастакоў будуць перададзены ў дар музею.

— Здагадалiся, што за прылада? — падводзiць мяне да адной з вiтрын дырэктар Гомельскага мастацкага вучы­лiшча Аляксандр Фядотаў (разам з сынам Генадзем, выкладчыкам таго ж вучылiшча, ён займаецца афармленнем музейных экспазiцый). За шклом — кола, дошчачка, вяроўкi. Пачуўшы ў адказ нешта няпэўнае, Аляксандр Iванавiч тлумачыць: — перад вамi — пад’ёмнае прыстасаванне. Менавiта такiя выка­рыстоў­­валi нашы дзяды i прадзеды, што займалiся бортнiцтвам...

...Кожны, хто наведае абноўлены хойнiцкi паркавы ансамбль, мусiць злавiць сябе на думцы: даўнiна i сучаснасць тут пасялiлiся ў блiзкiм суседстве. Жоўтая брукаванка вакол дома-сядзiбы (па гiстарычных дакументах, сцежкi раней адсыпалi рачным пяском), пакiнутыя для агляду векавыя дрэвы (некаторыя з iх яшчэ, вiдаць, памятаюць былых ула­дальнiкаў маёнтка — Шуйскiх, Прозараў, Аўраамавых), калоны старадаўняй уваходнай брамы з iнiцыяламi «А.А.» (сына купца Аўраамава Андрэя, пры якiм рамантаваўся маёнтак напачатку ХХ стагоддзя). А побач з гэтым — новае: дзiцячая пляцоўка з арэлямi, гульнявымi дамкамi, спартыўнымi збудаваннямi, сучасны, узведзены за некалькi месяцаў па арыгiнальным праекце, летнi амфi­тэатр. Тут пройдзе цырымонiя ўзнагароджвання пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнiгi», а таксама фэст ушанавання пераможцаў рэспуб­лiканскага конкурсу ў паэзii, прозе, драматургii, iншых лiтаратурных жанрах. Прыцягальнае месца ў парку — фiзкультурна-аздараўленчы комплекс i стадыён на 1500 месцаў. З каментатарскай кабiнай, электронным табло. Яму, бадай, змогуць пазайздрос­цiць лепшыя спартыўныя пляцоўкi сталiцы i абласных цэнтраў.

На ўзвядзеннi, рэканструкцыi аб’ектаў Хойнiкаў некалькi месяцаў працуюць шматлiкiя будаўнiчыя арганiзацыi Гомельшчыны. Самы актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да значнай культурна-грамадскай падзеi прымаюць жыхары Хойнiкаў. У райвыканкаме назвалi дзесяткi прыкладаў здаровай iнiцыятывы. Праведзена некалькi суботнiкаў па добраўпарад­каваннi сталiцы Дня пiсьменства. Прыватныя прадпрымальнiкi Барыс Шахнiцкi i Юрый Рэвяка, да прыкладу, узвялi ў цэнтры горада сучасныя гандлёвыя ўстановы, работ­нiкi ветлячэб­нiцы Аляксандр i Аксана Фiлiпчык пабудавалi ля свайго дома на вулiцы Калiнiна прывабную агароджу i добраўпарадкавалi тэрыторыю вакол...

Рэкламныя шчыты i расцяжкi з сiмволiкай свята — сонца i месяц на фоне герба Хойнiкаў — ужо з’явiлiся ў парку, на вулi­цах райцэнтра. Адно з прад­прыемстваў фестывальнага горада — мясцовая фабрыка мастац­кiх вырабаў, прадукцыя якой (каля 500 вiдаў) з’яўляецца вiзiтнай карткай радзiмы мастака слова Iвана Мележа. Да Дня пiсьменства тут распра­ца­валi каля 30 вырабаў з адбеленай саломкi i iншых натуральных беларускiх матэрыялаў. Больш за палову з iх: кепкi, шкатулкi, дэкаратыўныя талеркi-пано, льняныя сурвэткi i ручнiкi, iншая прадукцыя, пазначаная атрыбутыкай святочнай дзеi, — ужо запушчана ў вытворчасць. Па словах дырэктара прадпрыемства Iгара Пятрунiна, вырабы прызначаны для падарункаў гасцям мерапрыемства, продажу ў днi нацыянальнага фэсту, рэалiзацыi праз гандлёвую сетку краiны...

— Асноўныя падзеi Дня беларускага пiсьменства на хойнiцкай зямлi разгорнуцца 5 верасня, — зазначыла начальнiк аддзела iдэалагiчнай работы Хойнiцкага райвыканкама Жанна Чарняўская. — Старт мерапрыемствам дасць пасадка знакамiтымi гасцямi i прадстаўнiкамi раённых улад Саду Малiтвы — 17 каштанаў (сёлетняе свята — 17-е па лiку. — Аўт.) каля мемарыяла смутку па захаваных пасля Чарнобыля вёсках раёна. Працягнецца цырымонiя хрэсным ходам з жыватворным агнём i лiтургiяй у Свята-Пакроўскiм храме. Затым цэнтр свята перамесцiцца да плошчы. Адным з сюрпрызаў для яго ўдзельнiкаў стане адкрыццё ў гарадскiм парку скульптурнай кампазiцыi па творах класiка беларускай лiтаратуры Iвана Мележа.  

--------------------------------------

Каментарый в тему

Старшыня Хойнiцкага райвыканкама Аляксандр Бiчан

— Хойнiкшчыне выпаў вялiкi гонар. Праз некалькi дзён на гэтай гасцiннай зямлi адбудзецца адна са значных культурных, гiстарычных, духоўных падзей не толькi для творчай i навуковай элiты краiны, але i кожнай беларускай сям’i — Дзень беларускага пiсьменства. Старт святу, па сутнасцi, быў дадзены 26 красавiка 2008 года — акурат у чарговую гадавiну сумна вядомай катастрофы. Наведаўшы радзiму Мележа, сённяшнi аграгарадок Глiнiшча, Прэзiдэнт краiны Аляксандр Лукашэнка заявiў, што менавiта тут павiнна адбыцца наступнае свята пiсьменства. У падрыхтоўцы да важнага мерапрыемства многае зроблена: на асноўных аб’ектах яго, добраўпарадкаваннi райцэнтра i населеных пунктаў раёна асвоена звыш 60 мiльярдаў рублёў. Яны выдаткаваны праз крэдытную лiнiю абласным бюджэтам. Апрача таго, свой фiнансавы, матэрыяльны ўклад у падрыхтоўку да свята ўнеслi многiя мiнiстэрствы i ведамствы, шматлiкiя працоўныя калектывы краiны. Не засталiся ў баку i самi жыхары Хойнiкшчыны, якiя, па добрай традыцыi, падрыхтавалi свае падарункi значнаму дзяржаўнаму мерапрыемству. Нягледзячы на анамальныя спякотныя ўмовы надвор’я, хлебаробы раёна сёлета атрымалi на круг каля 30,5 цэнтнера збожжа з гектара, сабралi i ўнеслi ў агульнарэспублiканскi хлебны каравай 27 тысяч тон зерня. На 103 працэнты выканана заданне па яго продажы.

Клопату ў гаспадароў у апошнiя перадсвяточныя днi яшчэ шмат. Аднак упэўнены: усё намечанае будзе завершана ў вызначаныя тэрмiны. Карыстаючыся выпадкам, хачу праз урадавую газету падзякаваць усiм, хто дапамог нам дастойна падрыхтавацца да адказнага рэспублiканскага мерапрыемства, аказаў фiнансавую i маральную падтрымку i тым самым упiсаў выразныя радкi ў найноўшую гiсторыю раёна i краiны. Спадзяюся, што нашы землякi, блiзкiя i далёкiя госцi, што прымуць удзел у Днi беларускага пiсьменства, захаваюць аб нашым палескiм куточку самыя лепшыя ўспамiны i светлыя ўражаннi. Шчыра запрашаем на свята!

--------------------------------------

На здымку: сувенiрную прадукцыю з сiмволiкай Дня беларускага пiсьмен­ства прэзентуюць вядучы бухгалтар Хойнiцкай фабрыкi мастацкiх вырабаў Людмiла Гарбунова i мастак участка саломапляцення Таццяна Смолiна.

Фота: Мiкалай ЖДАНОВIЧ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter