У Хацілах што хочуць, тое і маюць!

ААТ «Хацілы», якое ўзначальвае Вячаслаў Крыштафовіч, — перадавая гаспадарка не толькі ў Пастаўскім раёне, але і вобласці. Яна амаль кожны год удзельнічае ў рэспубліканскіх «Дажынках». Двойчы была першай на іх па ўраджайнасці зерневых. У тым ліку — сёлета, сабраўшы на круг па 45,7 цэнтнера. А яшчэ ААТ «Хацілы» ведаюць у краіне па тым, што тут на малочна-таварным комплексе «Волахі» аператараў машыннага даення замяняюць 12 робатаў, якія абслугоўваюць 684 галавы статка. За 11 месяцаў на гэтай ферме надой ад каровы склаў 6849 кілаграмаў малака. Сёння ў суткі ад адной жывёліны ў сярэднім тут атрымліваюць 22,7 кілаграма. Усё малако прадаецца сортам «экстра». МТК «Волахі» дае трэцюю частку выручкі ў бюджэт гаспадаркі. Сярэднямесячная зарплата работнікаў — 4 мільёны 800 тысяч рублёў.

Двойчы была першай на іх па ўраджайнасці зерневых

ААТ «Хацілы», якое ўзначальвае Вячаслаў Крыштафовіч, — перадавая гаспадарка не толькі ў Пастаўскім раёне, але і вобласці. Яна амаль кожны год удзельнічае ў рэспубліканскіх «Дажынках». Двойчы была першай на іх па ўраджайнасці зерневых. У тым ліку — сёлета, сабраўшы на круг па 45,7 цэнтнера. А яшчэ ААТ «Хацілы» ведаюць у краіне па тым, што тут на малочна-таварным комплексе «Волахі» аператараў машыннага даення замяняюць 12 робатаў, якія абслугоўваюць 684 галавы статка. За 11 месяцаў на гэтай ферме надой ад каровы склаў 6849 кілаграмаў малака. Сёння ў суткі ад адной жывёліны ў сярэднім тут атрымліваюць 22,7 кілаграма. Усё малако прадаецца сортам «экстра». МТК «Волахі» дае трэцюю частку выручкі ў бюджэт гаспадаркі. Сярэднямесячная зарплата работнікаў — 4 мільёны 800 тысяч рублёў.

МТК «Волахі» — фабрыка малака

Усяго ў ААТ «Хацілы» 1325 кароў. Палова з іх знаходзіцца на МТК «Волахі», дзе замест даярак працуюць робаты.

Сам комплекс узведзены гады чатыры таму назад у полі за Хаціламі, калі яшчэ не было такога буму на будаўніцтва і мадэрнізацыю малочна-таварных фермаў. Але хацілаўскі дырэктар Вячаслаў Крыштафовіч прадбачліва глядзеў наперад. Ён не толькі ўзвёў самы сучасны, як кажуць, па апошняму слову тэхнікі, комплекс, але і аснасціў яго робатамі, пра якія ў гэтых краях тады яшчэ ніхто не чуў.

Разам са Святланай Адамковіч, ветурачом, якая на гэты час выконвала абавязкі начальніка комплексу — замяняла свайго мужа Аляксандра на час адпачынку, — мы робім невялікую экскурсію па МТК.

Каровы знаходзяцца ў двух вялікіх прасторных цэхах на беспрывязным утрыманні. У кожным — па 400 галоў. Акрамя дойных кароў, яшчэ ёсць сухастойныя, цялушкі, першачкі. Пасярод цэха ў два рады выстраіліся 6 чырвоных робатаў.

— Нагрузка на аднаго робата — 70 кароў, — патлумачвае Святлана. — Дояцца яны на працягу сутак. У сярэднім кожная — па тры разы. Ёсць такія, што і часцей. Гэта адносіцца да першачак, якіх трэба раздаіць.

Перыядычнасць даення залежыць ад таго, якая праграма закладзена на тую ці іншую карову. Усе яны маюць чыпы і нумары. Каб карова ахвотней ішла на дойку, робат «частуе» яе камбікормам. У сярэднім цяпер тут дояць па 22,7 килаграма малака ў разліку на галаву. Аднак некаторыя даюць па 35 і 40. А карова пад нумарам 435, якую якраз абслугоўваў робат, паставіла рэкорд — 45 кілаграмаў.

«Праспаць» дойку ніводнай жывёліне не ўдаецца. За гэтым зорка сочыць па спецыяльным табло, што ёсць на кожным робаце, аператар. Жанчына дае каманду загоншчыку, і той накіроўвае карову да апарата.

На ўвесь комплекс — усяго 6 аператараў. Хацелася напісаць «машыннага даення». Але гэта  была б памылка. Яны тут выконваюць зусім іншыя абавязкі.

— Рукамі я фактычна амаль нічога не раблю, — расказала Святлана Малец. — Сачу за тым, каб кожная карова своечасова выйшла на дойку да робата, а яшчэ падстрахоўваю тых кароў, у якіх праблемныя саскі. Ну і мыю саміх робатаў. Вось і ўсё. Работа няцяжкая. Так як дойка ідзе кругласутачна, то і мы працуем у тры змены. Зарплатай задаволена.

Галоўным жа здабыткам рабатызаванага комплексу з’яўляецца тое, што тут выключаны чалавечы фактар. Робат заўсёды выдасць поўную інфармацыю і аб здароўі каровы.

— Канечне, робат — гэта машына, і яна калі-нікалі выходзіць са строю. Але гэта бывае не так часта, па-першае. А па-другое, тады па «гарачай» лініі можна выклікаць майстроў пастаўшчыка аўтаматаў — спецыялістаў «Біяком-тэхналогіі». Яны прыбываюць самае большае праз 4 гадзіны.

Калі пакідалі комплекс, звярнулі ўвагу на рулоны ў белай плёнцы каля траншэй з сенажом.

— Гэта нарыхтоўвалі кармы па новай тэхналогіі, — пракаменціравала Святлана Адамковіч. — У такіх кармах у два разы больш пратэіну.

Нарыхтавана іх такім чынам сёлета 4 тысячы тон. А яшчэ гаспадарка пабудавала заводзік па вытворчасці ўласных камбікармоў. Пакуль што ён выдае толькі рассыпныя, але ў недалёкім будучым з’явіцца і лінія грануляваных. Цяпер пакуль што спецыяльныя камбікармы для МТК даводзіцца завозіць ажно з Полацка, за 150 кіламетраў.

Надой ад каровы на МТК «Волахі» за 11 месяцаў склаў 6849 кілаграмаў — плюс 408 кілаграмаў да адпаведнага перыяду мінулага года. 99,9 працэнта малака прададзена сортам «экстра». Толькі з-за гэтага атрымана дадаткова 2,5 мільярда рублёў . А ў цэлым за прадукцыю комплексу на рахунак акцыянернага таварыства пералічана 17,5 мільярда, што складае трэцюю частку ад усёй рэалізаванай прадукцыі гаспадаркі. Рэнтабельнасць — 20 працэнтаў.

Ураджай не толькі для сябе

ААТ «Хацілы» вось ужо 14 гадоў як насенняводчая гаспадарка. За гэты час яна дабілася нямалых поспехаў у гэтым накірунку. Вось і сёлета тут сабралі на круг па 47,5 цэнтнера з гектара і занялі першае месца ў вобласці, другі раз у гісторыі і каторы раз у якасці ўдзельнікаў рэспубліканскіх «Дажынак».

Галоўны сакрэт дасягненняў — гэта ні на крок не адступаць ад тэхналогіі. Патрэбна вызначаная колькасць угнаенняў, значыць, яна абавязкова будзе ўнесена. Неабходна правесці вызначаныя мерапрыемствы па абароне раслін — яны абавязкова будуць. Між іншым, дакладнасць выканання апошняга і выратавала сёлетні ўраджай ад засухі. Тут на палі з зерневымі, калі праводзілі хімпраполку, унеслі ў глебу і амінакіслоты, так званыя стымулятары росту. Яшчэ па-народнаму іх  называюць «антыстрэсавы прэпарат». Хаця заплацілі за яго 168 мільёнаў, але ён спаўна апраўдаў сябе. Калі ў многіх іншых гаспадарках зерневыя пасля засухі так і не набралі моцы, то ў Хацілах яны выглядалі цудоўна.

Яшчэ адна адметнасць: тутэйшыя хлебаробы не працуюць з імпартнымі сартамі. Як вядома, для заходняга сорту патрэбна і адпаведная тэхналогія. У нас яе вытрымаць немагчыма, бо скарочаны перыяд вегетацыі. У гаспадарцы прыжыліся выдатна свае беларускія сарты: пшаніцы «ода» і «ядвіся», ячменя «бацька», «магутны», «фэст», «зубр», аўса «лідзія» і іншыя, якія даюць на небагатых землях Віцебшчыны па 60—80 цэнтнераў з гектара. Праўда, тэхналогія тэхналогіяй, а галоўны аграном акцыянернага таварыства Надзея Брыльянтава-Кірплюк выдае галоўную ісціну:

—Трэба любіць зямлю. Не лічыць, што яна — пакаранне нам. А хаця б разы тры на тыдзень наведвацца на поле, пацікавіцца, як адчуваюць сябе расліны. Да іх патрэбна адносіцца, як да жывых людзей.

Валавы збор зерня ў ААТ «Хацілы» склаў сёлета 7545 тон, што амаль у 7 разоў перакрыла заданне па продажы зерня дзяржаве. Пры плане 200 тон адвезлі 1350.

Вырашаюць хацілаўскія хлебаробы і галоўную сваю задачу: забяспечыць гаспадаркі вобласці элітным насеннем, якога дастаткова ў засеках. Праўда, тут узніклі некаторыя цяжкасці: у большасці гаспадарак няма чым заплаціць. Таму даводзіцца адпускаць насенне па бартэру, або ў лік будучага ўраджаю. Але ж грошы патрэбны цяпер, каб набыць тыя ж мінеральныя ўгнаенні. А тут таксама ўзнікла праблема. Пад ураджай сёлетняга года значную частку ўгнаенняў адпускалі спачатку за кошт бюджэту, з агаворкай, што калі ў ім не будзе грошай, то давядзецца потым заплаціць. Нарэшце, так і здарылася. Цяпер трэба разлічвацца як за мінеральныя ўгнаенні гэтага года, так і наступнага...

Тым не менш хлебаробы робяць усё, каб каравай новага года быў яшчэ цяжэйшы. Рамантуецца старая тэхніка, набываецца новая. На двары майстэрняў з’явіўся спецыяльны агрэгат «Мекасан» на высокіх колах для ўнясення гербіцыдаў пад зерневыя ў стадыі калашэння і рапс, калі расліна зацвітае. Гэта дазволіць значна павысіць ураджайнасць, пазбегнуць дарэмных страт.

Беражлівасць не заканчваецца Годам беражлівасці

Расказ намесніка дырэктара па эканоміцы Ганны ШУБЕЛЬКА:

— Уся гаспадарчая дзейнасць нашага калектыву накіравана на атрыманне станоўчага фінансавага выніку. Галоўнымі фактарамі рэнтабельнай вытворчасці з’яўляюцца эканомія матэрыяльных рэсурсаў, беражлівыя адносіны да асноўных сродкаў вытворчасці, павелічэнне выручкі за кошт якасці прадукцыі, зніжэнне затрат у выніку ўкаранення перадавых тэхналогій.

На ўвесь тэхналагічны працэс вытворчасці ў гаспадарцы штогод распрацоўваюцца мерапрыемствы па зніжэнні затрат. Гэта ў першую чаргу жорсткі кантроль за расходаваннем гаруча-змазачных матэрыялаў, запчастак, угнаенняў.

Бухгалтарска-эканамічнай службай кожны дзень кантралюецца спісанне паліва на выконваемыя работы, праводзяцца замеры гаручага ў баках. Інжынерная служба сочыць за спраўнасцю спідометраў, своечасовай заменай масла ў рухавіку. Пры закупе запчастак абавязкова параўноўваюцца цэны на іх некалькіх пастаўшчыкоў. Аграномы кантралююць штодзень якасць выконваемых работ. Ад апошняга фактару напрамую залежыць зарплата работніка. Пры сярэднямесячнай зарплаце механізатара ў 7500 мільёнаў рублёў за якасць ён атрымлівае 5 мільёнаў. Згубіць такія грошы ніхто не захоча.

Для дапрацоўкі насення пабудавана новая сушылка КЗСВ-30 на прыродным газе, што дазволіла зменшыць затраты  ў  2,5 раза. Запушчана таксама зернеачышчальная лінія магутнасцю 5 тон у гадзіну, на якой затраты па падрыхтоўцы  насення эліты і суперэліты скараціліся ў 1,5 раза.

Па новай тэхналогіі пачалі нарыхтоўваць корм павышанай якасці — гэта сянаж у герметычна ўпакаваных рулонах. У адной тоне такога  корму засваяльнага  пратэіну ў 2 разы больш, чым у сенажы, што ў траншэі. Кармы размешчаны каля фермаў. Гэта змяншае затраты пры перавозцы.

Штогод праводзіцца мадэрнізацыя ў жывёлагадоўлі: замена клетачнага ўтрымання жывёлы на беспрывязна-выгульнае. У выніку значна скараціўся расход электраэнергіі, павялічылася колькасць месц для жывёлы, вызваліліся людскія рэсурсы.

І нарэшце, узвядзенне чатыры гады таму назад фермы «Волахі» з 12 робатамі. Рэнтабельнасць яе складае 20 працэнтаў, у той час як звычайнай — 4. І акупіць сябе такая ферма за 8 год.

Уладзімір САУЛІЧ, “БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter