У каравуле цівуны ды есавулы, ці Правапіс устаўных літар

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Урокі для чытачоў “НГ” вядзе загадчык кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар, доктар філалагічных навук Віктар ІЎЧАНКАЎ.

Важнымі прыметамі слова з’яўляюцца яго аднаўляльнасць і непранікальнасць. Гэтыя паняцці цесна ўзаемазвязаны: слова толькі тады будзе аднаўляльным, калі яно пабудавана па пэўных фанетычных законах. Крануць яго гукавую абалонку без разбурэння сэнсу нельга. У мовах адбываюцца працэсы, якія вызначаюць іх адметнасць, выразна адлюстроўваюць прыродныя асаблівасці. Мы ўжо распавядалі пра выпадзенне гукаў (дыярэзу), пра прыстаўныя гукі (пратэзу). Сёння пагаворым пра ўстаўку гукаў у сярэдзіну слова, што яскрава вылучае родную мову ад іншых славянскіх. Мы не прыдумляем кожны раз новыя словы, а толькі аднаўляем іх. Такіх слоў тысячы. Адны ўжываем даволі часта, іншыя — зрэдку. Нязмушанаму чытачу нячаста прыходзіцца мець справу, напрыклад, са словамі дыярэза, пратэза, эпентэза. Кожны з гэтых тэрмінаў ёмка пазначае фанетычны працэс, уласцівы роднай мове. Аднак можна дапусціць, што нехта з чытачоў даведаўся пра іх значэнне толькі з нашай рубрыкі. І гэта натуральна. Слоўны запас чалавека розны і залежыць ад разумовых здольнасцей, узроўню адукаванасці, нават прафесіі. Але чым больш ён ведае слоў, тым больш доказнай будзе яго аргументацыя, больш выразным маўленне, а значыць, ён будзе больш паспяховым. Так ладзіцца наша жыццё, асабліва сучаснае, дзе слова набывае асаблівую каштоўнасць, назапашвае і акумулюе веды, якія ў эпоху інфармацыйнага грамадства становяцца жыццезабеспячальным рэсурсам. Аднак мы не можам ведаць усе словы. Калі слоў вызначаная колькасць, то як можна адрозніць звычайнага чалавека ад масцітага пісьменніка. Часам здаецца, што апошні прыдумляе словы. Калі так было б, то мы назіралі б прыблізна тую сітуацыю, у якую чытача заводзіць руская пісьменніца Людміла Петрушэўская. Вядомы яе казкі, створаныя не словамі, а толькі граматычнымі формамі. Вось адна з іх у адаптаваным да нашай мовы варыянце: Сяпала Калуша з Калушатамі па ўлешку. Увазіла Буцяўку і воліць: — Калушата! Калушатачкі! Буцявка! Калушата прысяпалі і Буцяўку страмкалі. І падудоніліся. А Калуша воліць: — Оее! Оее! Буцяўка ж некузявая! Калушата Буцяўку вычучылі. Буцяўка ўздрыкнулася, сапрыцюкнулася і ўсяпала з улешку. А Калуша воліць калушатам: — Калушатачкі! Не трамкайце буцявак, буцяўкі дзюбыя і зюма-зюма некузявыя. Ад буцявак дудоняцца. А Буцяўка воліць за ўлешкам: — Калушата падудоніліся! Зюма некузявыя! Пуські бятыя! (“Пуські бятыя!”). Шаснаццаць лінгвістычных гісторый складаюць зборнік звязаных апавяданняў з інтуітыўна зразумелым сюжэтам. Л.Петрушэўскай у такой манеры напісаны раман “Бурлак”. Такое эксперыментатарства назіраем і ў Льюіса Кэрола (“Бармаглот”). Гэтыя “творы” даюць шмат падстаў спецыялістам паразважаць на сур’ёзныя мовазнаўчыя тэмы, для іншых з’яўляюцца простым жартам. Такім чынам, толькі аднаўляльнасцю слова забяспечваецца кантактаванне людзей. Нават пісьменнікі не могуць паўплываць на колькаснае папаўненне мовы. Напрыклад, вядомы наватворы Якуба Коласа (златадзенны, срэбраплынны, санцавеі), Янкі Купалы (азярняціць, аквечаны, ацямраць, мглавіца, павеўны, цемравіць), Максіма Танка (абліскавічаны, агромлены, арлаваць, асамотнены, вадарой, дабравей, зразорыць, небасяжны, умаіць), Рыгора Барадуліна (нашчыць, надзеіць, ніцець, травець, курганець, звуглець, славяніцца, галініцца, антэніцца, калодна, вульна, прадонна, прыплодна, ліхвярна, борна, азёрна, нарачонка), Уладзіміра Дубоўкі (агнявейны, водарыць, дамэтна, ёсцьны, жальбаваць, заістужыць, іглініць, паветрыцца, крынічыць, сітаваць, смутнагляд, ставокі, устроміць). Дзякуючы У.Дубоўку ўвайшлі ў літаратурную мову словы адлюстроўваць, ажыццяўленне, дабрабыт, мілагучны, мэтазгодны, цемрашалец. Зафіксаваны тлумачальнымі слоўнікамі наватворы Якуба Коласа: выразлівы, грамозны, мнагалучны, надзем’е, прохаладзь, рухлівы, сінеча, цемрадзь, сумота. “Адраснасць” слова ў большасці выпадкаў нельга вызначыць, і пералічаныя наватворы — гэта кропелька ў акіяне мовы. Пісьменнік можа стаць сусветна вядомым, калі ўмее не прыдумляць словы, а ўжываць іх, знаходзячы мільённыя варыянты спалучальнасці. У гэтым і праяўляецца талент, творчасць, адчуванне мовы, якая сістэмна будуецца па сваіх законах. Аднаўляльнасць слова гарантавана яго непранікальнасцю, г.зн. немагчымасцю ўставіць у яго нейкі гук ці літару. Паспрабуем уставіць літару ў любое слова, напрыклад мора — мозра, неба — неааба... Губляецца сэнс, слова перастае выконваць сваю асноўную функцыю — забяспечваць камунікацыю. І ўсё ж уставіць у слова “лішнюю” літару можна, але ж толькі тады, калі гэта вынікае з законаў функцыянавання і развіцця мовы. Так і сталася з устаўнымі зычнымі: у беларускіх словах яны ўзніклі толькі пры пэўных умовах і для зручнасці маўлення. Напрыклад, збег галосных (зіянне) прыводзіць да ўзнікнення зычнага паміж імі: паук — павук, кліент — [кл’ійэнт]. Часцей за ўсё яны ўзнікаюць пры засваенні запазычаных і неўласцівых роднай мове спалучэнняў гукаў. Як бачым, наяўнасць устаўнога [в] адрознівае родную і рускую мовы, тады калі ўстаўны [й] сведчыць пра іх блізкароднаснасць. Апошні гук не фіксуецца на пісьме. Часам устаўны гук можа прывесці да змены марфалагічнай будовы слова, што і адбылося з неазначальнай формай дзеяслова (інфінітывам). У пісьмовую пару перад ч з’явіўся ўстаўны заднеязычны (г, к): мочи —могчи — магчы, лечи — легчи — легчы. Таму сёння маем неспрагальныя формы стрыгчы, дапамагчы, бегчы, секчы, якіх няма ў іншых славянскіх мовах ( польск. lec, moc, strzyc; руск. лечь, мочь, стричь; укр. легти, могти, стригти). Устаўка гука ў слова называецца эпентэзай (з грэч. epenthesis — устаўка). У Правілах 1959 года напісанне ўстаўных гукаў разглядалася ў раздзеле “Прыстаўныя зычныя”, што не зусім правамерна. Таму ў новай рэдакцыі “Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” правапіс прыстаўных і ўстаўных зычных дыферэнцыраваны. У прыватнасці, адзначаецца: перад націскным о ў сярэдзіне некаторых слоў пішацца ўстаўная літара в: нів?одзін, Ляв?он, Ляв?ончанка, Радзів?онаў і інш. Перад націскным о ўзнікае в у словах навoшта, нізавoшта, навoдмаш. У новай рэдакцыі пашыраны пералік слоў, у якіх перад націскным у ўзнікае в. Гаворыцца, што ўстаўная літара в пішацца ў сярэдзіне слоў перад націскным у: пав?ук, ців?ун, карав?ул, есав?ул, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: павук?і, павуц?інне, павуч?ок; цівун?ом; карав?ульны; есав?ульскі, пад’есав?yл. Устаўная літара в пішацца перад у ва ўласных імёнах і геаграфічных назвах: Матэвуш, Навум, Навумаўка, Тадэвуш.

Зваротная сувязь

Добры дзень! З цікавасцю сачу за вашай рубрыкай. Шмат чаго даведваюся новага. Абсалютна інакш стаў глядзець на правапіс увогуле. Дазвольце спытацца пра іншае. У мяне хутка народзіцца сын. Хацелася б назваць яго нашым, славянскім імем. Але куді ні кінь — усюды Сяргеі, Ігары. Можа, дапаможаце? Мікіта МУРАШКА, Магілёў

Славянскія імёны, як правіла, маюць празрыстую семантыку. Часта складаюцца са слоў, часткамі якіх з’яўляюцца -слаў, -мір, свята-, света-. Па іх можна зразумець, якім хацелі бачыць сваё дзіця бацькі: Бажэн (жаданы чалавек), Баляслаў (прагнучы славы), Барыслаў (змагар за славу), Баян (казачнік, апавядальнік), Браціслаў (браць славу), Браніслаў (бараніць славу), Брачыслаў (бразгаць славай), Будзімір (абуджаць мір), Вадзім (вaдзіцца, сварыцца), Ваіслаў (слаўны воін), Вячаслаў (больш слаўны), Грыміслаў, Дабрамір, Дабраслаў, Драгамір, Ждан (жаданае дзіця), Ісціслаў (услаўляючы ісціну), Мілаван, Міраслаў, Навамір, Перасвет (надзвычай светлы), Рагвалод (добры гаспадар), Радамір (радасць міру), Расціслаў (парастак славы), Ратмір (мірная раць), Рацібор (ратная барацьба), Свеціслаў (светлы славай), Светазар (народжаны на золку), Святагор (святая гара), Святаполк, Святаслаў, Уладзімір, Уладзіслаў, Усяміл, Усяслаў, Ціхамір, Яраполк, Яраслаў (народжаны вясной).

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter