330 пассажиров в поезде: какие сюрпризы дарит путешественникам Новогодний экспресс

У госці да Дзеда Мароза

Навагодні экспрэс — частка турыстычнага праекта «Падарожжа да сядзібы Дзеда Мароза». Пасажыраў забірае з Мінска цягнік з пераапранутымі ў Снягурак правадніцамі, навагоднім упрыгажэннем і святочным настроем. У Брэсце дарослыя і дзеці перасаджваюцца ў аўтобусы, а ў Белавежскай пушчы гасцей сустракае галоўны Дзед Мароз нашай краіны. Правяла, а потым і сустрэла падарожнікаў карэспандэнт «Р».

У мінулым годзе Навагодні экспрэс сабраў 1800 пасажыраў, у гэтым плануецца перавезці амаль 2200. 

 Цягнік у казку

На чыгуначным вакзале каля табло сабралася шмат дзетак. Зусім маленькія падарожнікі і больш сталыя хлопцы і дзяўчаты думкамі ўжо недзе ў Белавежскай пушчы. Навагодняга экспрэса яшчэ не бачна, але адпаведны настрой ужо лунае ў паветры. Дзеці ўслых дзеляцца фантазіямі, як заўтра іх сустрэне Дзед Мароз.

— Гэтае падарожжа нам параіла класны кіраўнік. Яна разумніца, заўсёды ведае пра цікавыя падзеі! А Навагодні экспрэс мы чакаем з такім жа нецярпеннем, як і сустрэчу з Дзедам Марозам. Абяцаюць, што ў ім будзе панаваць святочны настрой. Паглядзім! Пакуль шэры асфальт не дае адчуць навагоднюю нотку, — Наташа чакае ад падарожжа добрых эмоцый.

На вакзале ўжо сабралася шмат пасажыраў. Многія з іх прыехалі вельмі рана, некаторыя нават за сорак хвілін да адпраўлення.

— Лепей прыехаць раней, чым спазніцца, — кажа Ганна. — У мінулым годзе паехаць не атрымалася: месцаў ужо не было. У гэтым вырашыла зрабіць усё загадзя. Патэлефанавала ў турыстычны цэнтр дзесьці ў красавіку. Спытала, калі можна браніраваць месцы. Як вынік, у верасні квіткі былі ў мяне. Дзеці задаволеныя! Яны ніколі не бачылі рэзідэнцыю Дзеда Мароза.

Каля Ганны круціцца маленькі Максім. Ён сёння імяніннік: споўнілася два гады.

Бліжэй да адпраўлення Навагодняга экспрэса падарожнікі сабраліся на платформе. Нарэшце паказаліся чырвоныя агеньчыкі: вось-вось пасажыры зоймуць свае месцы ў купэ.

Падарожжа спецыяльна пачынаецца вечарам, каб на дарогу выпала ноч. Такім чынам эканоміцца час для экскурсіі. 

На акенцах цягніка выкладзены з мішуры снегавікі, ёлкі, зоркі. У вагонах наклеены сняжынкі. На ўваходзе ў цягнік пасажыраў сустракаюць Снягуркі — пераапранутыя правадніцы Беларускай чыгункі. З імі многія фатаграфуюцца, не абмінаюць увагай і Дзеда Мароза — электрамеханіка Аляксандра Навіцкага. А ён і не супраць.

Каля вагончыкаў людзей збіраюць супрацоўнікі турыстычнага цэнтра.

— У вас трыццаць пятае і трыццаць шостае месцы. Заўтра раніцай, калі цягнік прыедзе ў Брэст, падыходзьце да сёмага вагона. Там будзе чакаць экскурсавод, — інструктуе работніца цэнтра.

— Я больш за ўсё хачу ўбачыць Дзеда Мароза. Яшчэ ніколі не была ў Белавежскай пушчы. Цікава, як яна выглядае, — для дзевяцігадовай Веранікі многае ў навінку. Яна з Расіі. А ў Мінск прыехала зусім нядаўна — каля трох месяцаў таму.

— Раней мы былі ў расійскага Дзеда Мароза, а зараз вырашылі з'ездзіць у Белавежскую пушчу. Тым больш ніколі не падарожнічалі на святочным цягніку, — распавядае Вольга, мама Веранікі.

Усе пасажыры на месцах.

— Увага, цягнік Мінск — Брэст у сядзібу Дзеда Мароза адпраўляецца праз хвіліну з другога «А» пуці чацвёртай платформы…

Усё пачыналася з аднаго вагона

Падарожжа на Навагоднім экспрэсе — гэта толькі частка турыстычнага праекта. У Брэсце пасажыраў сустрэнуць аўтобусы і адвязуць да Дзеда Мароза ў Белавежскую пушчу. Там арганізуюць экскурсію. Цягнік тым часам будзе чакаць пасажыраў у Брэсце. Падарожнікі вернуцца ў Мінск позна вечарам на тым жа Навагоднім экспрэсе.

На акенцах цягніка выкладзены з мішуры снегавікі, ёлкі, зоркі. У вагонах наклеены сняжынкі.

— Амаль восем гадоў наш турыстычны цэнтр, які належыць Мінскаму аддзяленню чыгункі, сумесна з Мінскім вагонным участкам арганізоўвае праект «Падарожжа ў сядзібу Дзеда Мароза». А пачыналася ўсё з аднаго вагона. Спачатку выкарыстоўвалі прычапны вагон у складзе рэгулярных паяздоў, — распавядае начальнік турыстычнага цэнтра Ала Сафонава.

Зараз праект «вырас» у дзевяць навагодніх цягнікоў. У мінулым годзе Навагодні экспрэс сабраў 1800 пасажыраў, а сёлета плануецца перавезці амаль 2200 пасажыраў. Навагодні экспрэс запаўняецца вельмі хутка. Зараз засталося ўсяго некалькі месцаў на студзень.

— У вагоне едуць 32—34 чалавекі. Самы маленькі састаў, калі цягнік адпраўляецца, — з сямі вагонаў. А ў студзені пойдуць навагоднія экспрэсы з дзесяццю вагонамі, — дзеліцца Ала Паўлаўна.

Пры пасадцы кожны атрымлівае своеасаблівы талончык, дзе ўказаны месца і аўтобус, у якім чалавек далей будзе падарожнічаць. У цягніку з пасажырамі едзе экскурсавод: так падарожнікі дакладна нідзе не згубяцца. Падчас паездкі на аўтобусе гасцям распавядаюць пра Брэст, навагоднія і калядныя традыцыі.

Падарожжа спецыяльна пачынаецца вечарам, каб дарога прыпала на ноч. Такім чынам эканоміцца час для экскурсіі. Ды і малым лепей легчы спаць звечара…

На наступны дзень сустракаю падарожнікаў зноў у Мінску. Усе крыху стомленыя ад шматгадзіннай экскурсіі, але задаволеныя. Бачу старых знаёмых: Наталлю з кампаніяй, Ганну з дзецьмі. Пытаюся: ну як?

— О-ой, вельмі добра! Такое свята нам падарылі! — выдыхае Наталля.

— Мне Дзед Мароз салодкі падарунак уручыў! — хваліцца Цімафей, які аж свеціцца ад шчасця. — Больш за ўсё мне спадабалася сустрэча з Дзедам Марозам і музей пра жывёл, — з дапамогай бацькоў працягвае ён. — А яшчэ нас у цягніку забаўлялі: загадвалі загадкі, былі прыемныя падарункі і цукеркі. Мы з казачнымі персанажамі, Дзедам Марозам і Пацуком, вадзілі карагод па калідоры цягніка (тамбуры. — Рэд.)...

Між іншым, падарожнікі падзяліліся са мной, што не супраць вярнуцца ў Белавежскую пушчу яшчэ разок.
 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
ГОРЯЧАЯ ТЕМА: