
Маштабны праект «Мінск вачыма географа-2017» — сучасны павеў традыцыі правядзення дэмаграфічных даследаванняў. З 70-х гадоў мінулага стагоддзя на геаграфічным факультэце БДУ ў асноўным аналізавалі адрозненні паміж рэгіёнамі краіны. За гэтыя дзесяцігоддзі наш мегаполіс падрос і ўзмужнеў — паўстала неабходнасць больш падрабязна даведацца і пра насельніцтва Мінска.
— Да гэтага ў краіне проста не існавала такіх падрабязных кішэнных дэмаграфічных атласаў, — удзельнік праекта Арцём Пабярэжны круціць у руках выданне фармату А6. Другакурснік геафака дэманструе маляўнічы альбом — шырокая інфармацыя выкладзена лаканічна, дакладна структуравана. Рабяты доўга працавалі, каб сумны і не ўсім зразумелы набор лічбаў ператварыць у карысны і пазнавальны матэрыял. Што ж, атрымалася.
Для Арцёма Мінск — родны горад. А вось яго аднакурснік і калега па праекце Андрэй Валасюк да пачатку даследавання мала што ведаў пра асаблівасці мінскіх раёнаў.

— З велізарнай цікавасцю ўзяўся за справу. Мы па крупінках разбіралі лічбы пра кожны кавалачак мегаполіса. Даныя аналізаваліся з розных бакоў, каб стварыць поўную карціну насельніцтва, — успамінае, як нараджаўся гарадскі партрэт.
Да прыкладу, высветлілася, што больш за ўсё мінчане разводзяцца ў Фрунзенскім раёне: у сярэднім на тысячу жыхароў за год там распадаецца 4,3 шлюба.
— З іншага боку, Фрунзенскі раён лідзіруе па нараджальнасці насельніцтва. Натуральны прырост там складае ў сярэднім 5,8 чалавека на тысячу жыхароў. На другім радку рэйтынга — Маскоўскі раён, дзе назіраецца сярэдні прырост у 5,2 чалавека, — агучвае лічбы яшчэ адзін удзельнік праекта Аляксандр Ціпун. Дарэчы, натуральны прырост мінчан адзначаецца ў 8 раёнах з 9. Адзіны раён са знакам мінус — Савецкі.
Геадэмографы акцэнтуюць увагу, што ў цэлым насельніцтва Мінска павялічваецца. І прагназуюць: ужо праз год колькасць жыхароў мегаполіса перасягне 2-мільённую рысу. Паводле апошніх звестак, у горадзе цяпер атабарылася 1 мільён 974 тысячы чалавек.

Стала цікава, якія раёны самыя «старыя» і «маладыя» па ўзроставым складзе жыхароў. Аляксандр Ціпун перагортвае атлас на патрэбную старонку:
— Тут вызначыўся Цэнтральны раён. Пенсіянераў — 27%, амаль кожны трэці жыхар. У раёне таксама назіраецца невысокая нараджальнасць. Дарэчы, у Кастрычніцкім раёне колькасць пенсіянераў ужо дасягае 26%. Але вернемся да Фрунзенскага раёна, па колькасці жыхароў самага вялікага на гэты момант (усяго 461 тысяча жыхароў). 20% (гэта 91,5 тысячы чалавек) там складаюць дзеці ва ўзросце да 15 гадоў.
Даследчыкі прааналізавалі і ўнутрыгарадскую міграцыю. Па іх даных, у мінулым годзе з-за міграцыі больш за ўсё павялічылася колькасць жыхароў Цэнтральнага раёна. Лічба вырасла на 3175 жыхароў. Шмат каму спадабаліся і новабудоўлі Маскоўскага раёна — там з-за міграцыі стала на 2870 чалавек больш. Кастрычніцкі — адзіны раён горада, дзе «выезд» людзей пераважае над «уездам», — мінус 1570 чалавек.
«Мінск вачыма географа- 2017» рэалізаваўся дзякуючы праекту «Падтрымка рэалізацыі Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь», які фінансуецца ўрадам Расійскай Федэрацыі, Фондам ААН у галіне народанасельніцтва і ЮНІСЕФ. Пра дэмаграфічны аналіз і іншыя моцныя бакі студэнцкага праекта расказала Кацярына Анціпава, прафесар, загадчыца кафедры эканамічнай геаграфіі замежных краін геаграфічнага факультэта БДУ:

— Праект, па сутнасці, гэта зборнік адказаў на многія актуальныя пытанні па дэмаграфічным і культурным развіцці Мінска. Аналіз адміністрацыйных раёнаў паказвае сур’ёзныя адрозненні паміж імі. Такія даныя дапамогуць у будучыні выразна спланаваць стратэгію ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця кожнага з іх, сфармуляваць і з часам вырашыць асноўныя праблемы.
Дэмаграфічны партрэт — гэта не ўсё, што ўключае праект «Мінск вачыма географа-2017». Географы сур’ёзна папрацавалі і над аналізам культурна-гістарычнай спадчыны горада. Прафесар акцэнтуе ўвагу: «Вычарпальная інфармацыя пра славутасці, індустрыяльныя кварталы, будынкі, рэканструяваныя і абноўленыя ў апошні час, — выдатная дапамога для прадстаўнікоў Міністэрства спорту і турызму. Выкарыстоўваючы нашы даследаванні, спецыялісты могуць дапоўніць і ўзбагаціць папулярныя экскурсійныя маршруты».
ypopko@bk.ru