Мощность будущего производства составит два миллиона тонн хлорида калия в год: Нежинский ГОК обещают сдать в срок

У гэтым уся соль

На тэрыторыі нашай краіны 2,5—3 мільёны гадоў таму плёскалiся хвалі старажытнага акіяна. Салёныя воды яго пакінулі ў нетрах зямлі незлічонае багацце — паклады калію. Яго здабываюць ужо даўно — прадпрыемства «Беларуськалiй» iснуе з пачатку 1960-х, але зараз рыхтуюцца заняць месца на эканамічнай карце Беларусі новыя прадпрыемствы. Так, з 2017 года ў Любанскім раёне будуецца Нежынскі горна-абагачальны комплекс. Больш за 400 супрацоўнікаў шчыруюць тут. І яшчэ больш рабочых і спецыялістаў далучыцца ў гэтым годзе да яго ўзвядзення. 

Работы на Нежынскім ГАК будуць скончаны своечасова, як прапісана ў асноўным інвестыцыйным кантракце.

Старобінскае калійнае радо­вішча з’яўляецца ўнікальным па запасах калійных солей не толькі ў Еўропе, але і ва ўсім свеце. Згодна з ацэнкамі спецыялістаў, якасць руды выключна высокая. Магутнасць будучай вытворчасці складзе два мільёны тон хларыду калію ў год. Інвестыцыйны праект «Слаўкалію» прадугле­джвае будаўніцтва горна­зда­бываючага комплексу, абагачальнай фабрыкі, газатурбіннай электрастанцыі для ўласных патрэб, а таксама чыгуначнай, аўтадарожнай, жыллёвай і іншай інфраструктуры. Будаўніцтва ідзе паспяховымі тэмпамі. Аб гэтым сведчаць справаздачы інжынераў — каардынатараў розных аб’ектаў комплексу. Актыўна працягваецца стволапраходчая работа па ўнікальнай для Еўропы экалагічнай тэхналогіі без прымянення ўзрыўчаткі. Механізаваныя комплексы SBR з жаночымі імёнамі «Вольга» і «Ульяна» ўжо прайшлі палову шляху да другога калійнага гарызонту і апусціліся на глыбіню 326 метраў.

Міхаіл Гуцэрыеў, старшыня савета дырэктараў ЗТАА «Слаўкалій», пасля пасяджэння штаба будаў­ніцтва Нежынскага ГАК пацвердзiў: работы «выйшлі ў графік» і будуць скончаны своечасова, як прапісана ў асноўным інвестыцыйным кантракце.

— Ёсць толькі на некаторых аб’ектах адставанне прыблізна ў 30 дзён, але гэта неістотна. На гэтым этапе трэба актыўна павялічваць колькасць рабочых месцаў. Да канца года трэба дабудаваць жыллё для супрацоўнікаў, ЛЭП, падстанцыю, газаправод, — адзначыў інвестар.

Сёння спецыялісты падраднай арганізацыі «Бабруйскі завод КПД» вядуць актыўныя будаўнічыя работы на першым з чатырох дамоў, прадугледжаных для забеспячэння жыллём супрацоўнікаў, занятых у перыяд будаўніцтва калійнага комплексу. Аб’ект будзе трохпад’ездным, разлічаны на 90 кватэр. Пачалася актыўная падрыхтоўка тэрыторыі і да будаўніцтва наступнага дома.

Міхаіл Гуцэрыеў таксама адказаў на пытанні журналістаў наконт якасці матэрыялаў на будаўніцтве комплексу і прыярытэтах падчас узвядзення другой калійнай пляцоўкі краіны. Старшыня савета дырэктараў дадаткова заўважыў: 

— Хочацца асобна адзначыць высокую якасць беларускай прадукцыі менавіта для гэтага будаўніцтва. Нядаўна нямецкія калегі пахва­лі­­лі вашы цюбінгі для далейшай пракладкі абсталявання ў нетры зямлі. Кажуць, што іх можна прадаваць у любую дзяржаву свету, а беларусы могуць гэтым ганарыцца, як і тым, што ўся краіна стаіць на прыродным багацці — каліі.

Стропальшчык Нежынскага ГАК рыхтуе цюбінг да спуску ў шахту.

Пракладка газаправода будзе скончана ў верасні, на 50 працэнтаў ужо адбудаваны шахты. Самае галоўнае, што дасць Беларусі гэты праект, — дадатковую экспартную выручку, прыкладна каля мiльярда ў год. Прадпрыемства будзе якасным, сучасным і высокатэхналагічным: ад фасада і офісаў да апрацоўкі калійнай руды.

— Інфармацыйныя тэхналогіі, эфектыўныя сістэмы кіравання — мы самі як працадаўцы павінны гэтаму адпавядаць. Бо моладзь сёння іншая і хоча працаваць у іншых умовах. У людзей павінны быць высокія стандарты працы, зарплаты, сацыяльны пакет. Запэўніваю, гэта будзе добрае прадпрыемства, і праз тры гады вы гэта ўбачыце, — падкрэсліў Міхаіл Гуцэрыеў.

shimuk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter