Першы ў краiне рэсурсны цэнтр iнклюзiўнай адукацыi адкрыўся ў Мiнску

У гэтым класе магчыма ўсё

У БДПУ імя Танка, на базе якога створаны цэнтр, учора панавала святочная атмасфера. Справа ў тым, што ў краіне зроблены важны крок па ўкараненні ідэі інклюзіўнага навучання ў сістэму адукацыі:  дзеці з асаблівасцямі развіцця змогуць атрымаць адукацыю  разам са звычайнымі, прычым па тых жа праграмах. Разам з тым сістэма абавязкова будзе ўлічваць індывідуальныя патрэбы «асаблівых» дзяцей. 

Падчас гульні ў басейне з шарыкамі ўмацоўваюцца ўсе групы мышцаў, фарміруецца правільная постаць

Намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка назвала гэтую падзею вялікім і доўгачаканым святам для краіны:

— Цэнтр будзе займацца падрыхтоўкай настаўнікаў і распрацоўваць падыходы, методыкі і дыдактычныя матэрыялы для работы ва ўмовах інклюзіўнай адукацыі. Услед за гэтым цэнтрам такія ж могуць з’явіцца ва ўсіх рэгіёнах краіны.

У абсталяванні цэнтра для работы з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі дапамог фонд ЮНІСЕФ, які выдзеліў на гэтыя мэты каля 50 тысяч долараў. Яго аснашчэнне сапраўды ўражвае: у цэнтры прадстаўлены шматлікія сучасныя тэхналогіі для работы з дзецьмі з парушэннямі зроку, маўлення, з расстройствамі аўтыстычнага спектра і іншымі. На сценах — фотаздымкі з гісторыямі сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

Практычная гульнёвая зала

— Магчымасць выкарыстаць свой патэнцыял павінна быць у кожнага — і ў звычайнага дзіцяці, і ў «асаблівага». У гэтым я бачу задачу не толькі ЮНІСЕФ і сістэмы адукацыі, але і ўсяго грамадства, — лічыць прадстаўнік Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі Рашэд Мустафа Сарвар.

Актуальнасць стварэння цэнтра абумоўлена ў тым ліку і ратыфікацыяй у 2016 годзе нашай краінай Канвенцыі ААН аб правах людзей з інваліднасцю, у якой абвешчаны абавязак дзяржаў-удзельніц забяспечваць інклюзіўную адукацыю на ўсіх узроўнях, а таксама навучанне на працягу ўсяго жыцця. У Беларусі прынята Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, а таксама дзейнічае план па яе рэалізацыі, разлічаны на 2016—2020 гады. Зараз, паводле слоў Раісы Сідарэнка, у краіне ў межах рэспубліканскага эксперыментальнага праекта па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі працуюць 20 эксперыментальных класаў:

У цэнтры прадстаўлены сучасныя тэхналогіі для работы з «асаблівымі» дзеткамі

— Хачу прывесці паказальныя вынікі работы інклюзіўных класаў: ні дзеці, ні бацькі, ні педагогі, нягледзячы на цяжкасці, не жадаюць адмаўляцца ад інклюзіўнага навучання і ўжо нават не ўяўляюць, як быць, калі эксперымент завяршыцца. Гэта сведчыць пра тое, што ідэю інклюзіі варта папулярызаваць у краіне і далей.

Юлія МАТУЗАВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter