Больше сотни потомков приехали в докшицкую деревушку открыть народный мемориальный комплекс

У гэты дзень Будзілаўка абудзілася

Выходзілі з машын, неслі кветкі да народнага помніка і вачыма на гранітных плітах шукалі свайго — Свірко, Ганчара, Печаня, Чурко, Шамецька, Мікуліча… 106 чалавек палажылі на алтар Перамогі дзве вёскі-суседкі — Будзілаўку і Чырвонае. Гэта франтавікі, партызаны і падпольшчыкі, ветэраны і мірныя жыхары. Вёсачкі пусцелі і, здавалася, даўно разгубілі сваіх праўнукаў па свету. І вось дзіва: у 75-ю гадаўшчыну Перамогі і трэці па ліку Год малой радзімы ўдзячныя патомкі згуртаваліся. За год сабралі 8,5 тысячы рублёў і талакой усталявалі мемарыяльны комплекс, каб увекавечыць імёны блізкіх сэрцу герояў. «Сельская газета» на сваіх старонках пастаянна асвятляла добрую справу, дапамагла вярнуць на пліты некалькі забытых імёнаў, узяла на сябе азеляненне комплексу і выдала памятны буклет.


Адкрыць народны помнік дамовіліся ў Дзень вёскі. Штогод выхадцы з Будзілаўкі прыязджаюць на малую радзіму ў апошнія выхадныя ліпеня — пася­дзець на бацькоўскім парозе, памянуць радню, пабачыцца з землякамі. Сёлета добрай традыцыі дзесяць гадоў. Я была тут у 2018-м і добра ведала: у дзвюх вёсачках застаецца зімаваць з дзясятак старых. Пад’язджаем да Будзілаўкі — і на табе: машыны, машыны, машыны паабапал дарогі. І процьма лю­дзей — няма дзе і яблыку ўпасці. Прыехалі з Бягомля, Докшыцаў, Мінска, Гродна, Масквы… А колькі было немаўлят у калясках! Будзілаўка звінела. Сем’і аж у чатырох пакаленнях завіталі не па прымусу, а па вялікай любві да прадзедаў і малой радзімы.


Галоўная вуліца Герояў-Падпольшчыкаў гудзела. Землякі здалёк віталі адзін аднаго: «Здароў, даўно не бачыліся», абдымаліся. Пасля ўспаміналі, знаёмілі са сваімі ўнукамі. І здаецца, не маглі нагаварыцца. Прыкмеціла двух высокіх статных мужчын: да варажбіткі не хадзі — браты, так ужо знешне падобныя. Знаёмлюся — і сапраўды: траюрадныя Мікалай Печань і Сяргей Худалей. Каб не сельскае свята, не помнік, ці ж пабачыліся б? У кожнага свае сем’і, свае дарогі. Прызнаюцца: «Звёў, царства яму нябеснае, дзед Улас Чурко — ветэран вайны, яго імя адбіта на гранітнай пліце».


Разгаварылася з Галінай Далідовіч, хата яе бацькоў якраз насупраць знакавага месца. Дарэчы, с самага першага рэпартажу пра Будзілаўку яна выпісала газету ў вёску і з тых часоў з намі не растаецца, чакае кожны артыкул:

— Маё жыццё ідзе па кругу. Некалі маладой дзяўчынай з’ехала з Будзілаўкі ў сталіцу. Лічыла, Мінск мне наканаваны. А як выйшла на пенсію, зноў пацягнула дадому. Тут свая бульба, памідоры, на гародзе душу адвожу і пра гарадскую кватэру не ўспамінаю. Даўно не бачыла, каб наша вёска так поўнілася людзьмі, як сёння. Добрую справу мы задумалі і, на шчасце, давялі да канца. Калі шукалі звесткі пра вяскоўцаў, зрабілі адкрыццё асабіста і для маёй сям’і. На могілках, на нашым астраўку, дзе пахавана радня, былі невядомыя магілы. Даглядалі. Ведалі, што сваякі, а вось хто — няма ўжо і ў каго спытаць. І Мікалай Печань адшукаў, што гэта дваюрадны брат маёй маці і трое яго дзетак, усе былі расстраляныя немцамі. Павесілі таблічкі.

Што за свята без гарманістаў? Калі музыканты ўрэзалі польку, землякі, хоць і нясмела, пачалі прытанцоўваць. А пад песню пра родную вёсачку «К тебе мое сердце по-прежнему просится. А я все не еду, дела и дела» рушылі па галоўнай вуліцы з мірным шэсцем, заклікаючы з кожнага двара гаспадароў далучыцца да свята.


Каля мемарыяльнага комплексу разыгралася сцэна часоў акупацыі ў Вялікую Айчынную. Немцы і паліцаі сталі прачэсваць двары, хапалі дзяўчат, жанчын — і на калёсы, каб звезці ў Германію ў рабства. Жанчына, што стаяла побач, расчулілася: «Гэта ж маю матулю Марыю Свірко ў 16 гадоў паліцалі злавілі, наляцеўшы на падворак, — і ў палон». Пазней партызаны ўсё ж адбілі сялянак і дабілі ворагаў. Зразумела, гэта была ваенна-гістарычная рэканструкцыя падзей. Але ад сапраўдных стрэлаў з вінтовак, пісталетаў і аўтаматаў ледзь-ледзь не ашалеў вясковы конь, сталі плакаць дзеці, па руках беглі мурашкі. Настолькі ўсё развівалася праўдзіва, што здаецца, генная памяць унутры ўсё ўскалыхнула.


Са святам вёсачкі Бягомльскага сельсавета павіншавала старшыня Докшыцкага райсавета Валянціна Рандарэвіч, уручыла лісты ўдзячнасці Мікалаю Печаню, «Сельской газете», кіраўнікам арганізацый, што дапамагалі ў добрай справе, — дырэктару ААТ «Бягомльскае» Аляксандру Дзяконскаму, дырэктару РУП ЖКГ «Докшыцы-камунальнік» Дзмітрыю Калягу, начальніку ўча-стка Докшыцаў філіяла «Аўтатранспартнае прадпрыемства № 14» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Андрэю Курдзека і іншым. Урачыстыя словы прысвяціў вяскоўцам Мікалай Бузін — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі, Аляксей Літвін — загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін Інстытута гісторыі НАН Беларусі, дырэктар Музея ваеннай гісторыі Сяргей Азаронак.


Свята выйшла душэўнае, цёплае. На такіх хочацца бываць зноў і зноў. І здаецца, яшчэ давядзецца. Бо да нас, калектыву «Сельской газеты», падышлі жанчыны з вёскі Мількунь таго ж Бягомльскага сельсавета. Паглядзелі на Будзілаўку і таксама сабралі талаку, каб увекавечыць імёны 90 спаленых жыхароў сваёй вёсачкі. Таму гэта гісторыя, спадзяёмся, будзе мець працяг…







  ostapchuk@sb.by

P.S.

Кіраўніцтва выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і рэдакцыя «Сельской газеты» ўдзячны ўсім арганізатарам добрай і святой справы за запрашэнне да народнай талакі!

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter