У гасцёўню Напалеона Орды

Запрашаюць 27 кастрычніка на радзіму слыннага кампазітара і мастака Брэсцкая абласная філармонія, Іванаўскі райвыканкам і Нацыянальны канцэртны аркестр БеларусіГэта знакавая падзея для беларускай культуры, лічыць мастацкі кіраўнік новага музычнага фэсту, які так і называецца “Гасцёўня Напалеона Орды”, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг. Бо стаўленне да Орды, як і да іншых нашых землякоў — Міхала Клеафаса Агінскага, Восіпа Казлоўскага, Міхала Ельскага, Станіслава Манюшкі, — з’яўляецца паказчыкам сталасці беларускага грамадства, якое вяртае ва ўлонне ўласнай гістарычнай памяці адметныя постаці і падзеі. І, як ніколі, адчувае адказнасць перад нашчадкамі за памяць аб мінулым. Сапраўды, каб памяталі нас, мы помніць мусім...

Дададзім, што памяць гэта вяртаецца да нас у многім дзякуючы менавіта самому маэстра Фінбергу і яго знакамітаму заслужанаму калектыву — Нацыянальнаму канцэртнаму аркестру Беларусі. Адноўленыя, здаралася, ці не па адным нотным радку творы беларускіх кампазітараў мінулых стагоддзяў загучалі ўпершыню ў малых гарадах і паселішчах краіны — там, дзе яны нараджаліся ці гучалі ўпершыню. Нясвіж, Заслаўе, Мір, Тураў, Мсціслаў, Чачэрск... Увасабляючы ў жыццё сваё крэда — несці высокую музыку ў малыя гарады, тыя, што звыкла называем мы правінцыяй, аркестр робіць і яшчэ адну найвялікшую справу — выхоўвае новага чалавека.
Сенатар Фінберг вызначае гэта як “выхаванне новага патрыёта Беларусі”. Дарэчы, з чачэрскай імпрэзы пачаўся новы раздзел фестываляў, што ладзіць аркестр, — сустрэчы членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, а таксама мясцовага кіраўніцтва з жыхарамі гарадоў і раёнаў. Адбудзецца такая сустрэча і ў Іванаве. А музычных праграм будзе ажно дзве: “Напалеон Орда і яго сучаснікі” прагучыць у вёсцы Тышкавічы; “На радзіме Напалеона Орды” выканаюць у самім райцэнтры камерныя калектывы аркестра — ансамблі флейтыстаў, салістаў на драўляных духавых інструментах, трубачоў “Інтрада”, кларнетыстаў, а таксама струнны квартэт і камерны аркестр. Дарэчы, пачалося ўсё з ліста землякоў Орды да маэстра Фінберга з просьбай наладзіць на радзіме кампазітара новы фестываль.
Дык якая ж яна, музыка Напалеона Орды? Яго вальсы, паланэзы, накцюрны... Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава — навуковы каментатар гэтага, як і іншых камерных і мастацкіх фестываляў, што ладзяцца на базе Нацыянальнага канцэртнага аркестра, так гаворыць пра яе: “Звяртаючыся да навуковага асэнсавання спадчыны кампазітара, варта зазначыць, што ў ёй адлюстраваліся, увасобіліся карэнныя, тыпалагічна адметныя ўласцівасці беларускай культуры — культуры славянскага, еўрапейскага сумежжа, чые прадстаўнікі арганічна ўваходзілі ў еўрапейскі мастацкі, у тым ліку музычны свет”. І дадае, што Орда, як і іншыя прадстаўнікі беларускай культуры — яшчэ ад часоў Скарыны, быў асобай універсальнай у сваёй дзейнасці — як музыкант-выканаўца, цудоўны піяніст, выкладчык, кампазітар, тэарэтык, а таксама выбітны мастак і грамадскі дзеяч. У постаці Орды бачна і яшчэ адна якасць беларускай культуры — як своеасаблівага донара, што шчодра дорыць таленты, на якія ўрадлівая беларуская зямля, розным народам і культурам. Можа, менавіта гэтая душэўная шчодраць і ахвярнасць дапамаглі Напалеону ў яго нялёгкім, поўным расчараванняў і несправядлівасці жыцці доўгія гады захоўваць творчае гарэнне і заставацца жывым і сёння — у памяці нашчадкаў і суайчыннікаў.
Гісторыя жыцця чалавека, якога сёлета ўспамінаюць ва ўсім свеце, — гэта вялікая кніга, найцікавейшы раман, поўны розных падзей і здарэнняў. ЮНЕСКА абвясціла гэты год годам Напалеона Орды ў сувязі з яго 200-годдзем. Напалеон Орда — дзіўнае імя, у якім еўрапейскі шарм спалучыўся з азіяцкай цвярдыняй. І нездарма — бо радавод яго бацькі ўзыходзіць, па меркаванні некаторых даследчыкаў, да беларускіх татараў, выхадцаў з Залатой Арды, якія прынялі хрысціянства, засвоілі мову, культуру сваёй новай радзімы, якія аддана служылі ёй, абараняючы яе ад захопнікаў, за што атрымлівалі высокія пасады, тытулы і радавыя гербы. А бацька Орды, ужо ўраджэнец Піншчыны, быў вядомым (дарэчы, як і яго зямляк Андрэй Тадэвуш Касцюшка) інжынерам-фартыфікатарам, праекціроўшчыкам ваенных умацаванняў. Гэта ад яго, відаць, атрымаў  Напалеон Орда ў спадчыну талент мастака архітэктурных пейзажаў. Маці ж кампазітара — прадстаўніца старажытнага беларускага роду, дачка пінскага старасты — Юзэфа Бутрымовіч, праславілася перш за ўсё як таленавітая піяністка. Прафесару Вользе Дадзіёмавай, нястомнай даследчыцы творчасці беларускіх кампазітараў розных часоў, давялося натрапіць на ўспаміны, паводле якіх творчасцю Юзэфы захапляўся сам кароль Станіслаў Панятоўскі, таксама, дарэчы, ураджэнец брэсцкай зямлі. І хто лепш за яе мог прывіць сыну навыкі ігры на фартэпіяна, любоў да якога хлопчык адчуў з дзяцінства!
Імя, асоба, шматгранная дзейнасць і творчая спадчына Напалеона Орды лучаць, як вядома, некалькі народаў і культур, расказвае Вольга Дадзіёмава. Ураджэнец Беларусі, з в.Варацэвічы, ён вучыўся ў Вільні, а еўрапейскае прызнанне атрымаў у Парыжы. Орда жыў і працаваў у Кіеве, памёр у Варшаве, а пахаваны ў Беларусі. Паводле соцень яго жывапісных малюнкаў у многіх краінах узнаўляецца аблічча колішніх архітэктурных ландшафтаў. Усяго ж яму належыць больш за 1000 архітэктурных замалёвак, і не толькі Парыжа, Мадрыда, Лісабона, але і гарадоў, маёнткаў Літвы, Польшчы, Украіны і Беларусі, у тым ліку краявідаў Гродзенскага краю. Пэндзлю мастака належыць у цэлым больш за 200 палотнаў, прысвечаных роднай Беларусі. Вяртанне музычнай спадчыны кампазітара ажыццяўляецца на Беларусі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў многімі даследчыкамі і музыкантамі — ад А.Ахвердавай, А.Капілава, А.Мальдзіса (яшчэ чвэрць стагоддзя таму), Я.Паплаўскага і В.Скорабагатава да маладых вучоных — аспірантаў і студэнтаў розных устаноў. Нездарма і музычныя творы кампазітара прыцягваюць лепшых выканаўцаў краіны — І.Алоўнікава, У.Дулава, а таксама камерныя калектывы Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.
Як складваўся далейшы лёс Орды, як пісаўся раман яго жыцця, чаму яго імя ўспамінаецца разам з імёнамі Міцкевіча, Бальзака, Шапэна, іванаўцы даведаюцца, трапіўшы ў бліжэйшую суботу ў новую гасцёўню. Ім можна пазайдросціць: яны маюць такога земляка, а цяпер яшчэ і яго музыку. Толькі чаму адну музыку? Сам Напалеон Орда вяртаецца дадому!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter