У галоўнай ролi — Францыск Скарына

У наступным годзе будзе адзначацца юбілей беларускага кнігадрукавання
У наступным годзе будзе адзначацца юбілей беларускага кнігадрукавання. Але ўстановы культуры, літаратары і навукоўцы пачалі ўжо рыхтавацца да гэтага свята. Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі разам з Нацыянальнай бібліятэкай абвясцілі конкурс на стварэнне твораў драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць».


Ідэю гэтага мерапрыемста дырэктар РТБД Уладзімір Карачэўскі агучыў яшчэ год таму на выніковай калегіі Міністэрства культуры. Яе адобрылі. Нарэшце знайшоўся і спонсар — Беларусбанк, і справа пайшла.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі дзвюма рукамі падтрымлівае новы праект. Па яго звестках, на наступны год ужо запланавана больш за пяцьсот мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею кнігадрукавання. Але конкурс, прысвечаны Францыску Скарыне, заслугоўвае асаблівай увагі, бо дасць магчымасць па-іншаму пагля-дзець на гэту фігуру. Бібліятэка ж гасцінна расчыніць дзверы для ўсіх літаратараў, якія захочуць спрычыніцца да справы: у ёй можна аператыўна азнаёміцца з навуковымі і папулярнымі публікацыямі, мастацкімі творамі пра беларускага перша-друкара. А вось непасрэдна дакрануцца да спадчыны Скарыны…

Справу па яе вяртанні ў Беларусь у бібліятэцы не спыняюць ні на дзень. Але пакуль здабыткі больш тэарэтычныя, чым практычныя. Размова пра рэстытуцыю амаль не вядзецца, бо значная колькасць кніг і рукапісаў нашага першадрукара знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці іншых краін, і ніхто іх прадаваць не збіраецца. Хаця не так даўно адзін прыватны калекцыянер выставіў на аўкцыён «Малую падарожную кніжыцу», але колькасць нулёў у яе кошце такая вялікая, што пра пакупку застаецца толькі марыць. Надзея хіба што на вельмі багатага спонсара. Таму ў Нацыянальнай бібліятэцы займаюцца, можна сказаць, выключна віртуальным вяртаннем: выяўляюцца ўсе экзэмпляры кніг і рукапісаў Скарыны, атрымліваюцца лічбавыя копіі, і такім чынам ствараецца электронная бібліятэка. Частка кніг будзе надрукавана.



Электронная база, а магчыма, і асобны зборнік з’явяцца і пасля правядзеня конкурсу. Але да гэтага моманту яшчэ далёка. Пакуль толькі абвешчаны пачатак і ўмовы для ўдзелу. Творы трэба дасылаць на адрас Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Яны не павінны быць нідзе афіцыйна апублікаванымі, не мець пастаноўкі ў тэатрах, не з’яўляцца ўдзельнікамі іншых конкурсаў. Усяго заяўлена пяць намінацый. Асноўныя — гістарычная і сучасная п’есы. Як пазначана ў палажэнні, гэта творы ў жанры гістарычнай драматургіі, якія адлюстроўваюць асноўныя этапы жыцця і творчасці Скарыны, яго духоўны подзвіг, і творы аб непарыўнай сувязі духоўнай спадчыны Скарыны з працэсамі сённяшняга нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі, этапамі станаўлення і развіцця беларускай нацыянальнай ідэі. Пераможцы ў гэтых намінацыях атрымаюць па 50 мільёнаў рублёў, будуць і заахвочвальныя прэміі. Вітаюцца таксама п’есы па матывах мастацкіх твораў аб жыцці першадрукара і сцэнічныя ідэі.

Вядома ж, права першай пастаноўкі адзначаных твораў даецца РТБД. Але Уладзімір Карачэўскі не збіраецца перашкаджаць іншым тэатрам. Больш за тое, ён марыць, што ўдалыя п’есы будуць пераведзены на іншыя мовы і пачнуць крочыць па Еўропе. Яшчэ лепш — паказаць за мяжой, асабліва ў краінах, дзе жыў Скарына, гатовыя беларускія спектаклі. Зноў жа гэта пакуль толькі планы. Больш канкрэтна пра іх можна будзе гаварыць восенню. 31 жніўня — апошні дзень прыёму твораў. Ацэньваць іх будзе журы, у якое ўвойдуць прадстаўнікі тэатра, бібліятэкі і тэатразнаўцы, а ўзначаліць мастацкі кіраўнік РДБТ Аляксандр Гарцуеў.

stepuro@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter