У Еўропе нас вітаюць

Фальклорны калектыў маладзечанскага асветніцка-культурнага аб’яднання “Сябрына” нядаўна вярнуўся з Германіі, дзе ўдзельнічаў у свяце горада Эслінгена. Ва ўсіх публікацыях мясцовых газет — захапленні ад беларускіх артыстаў, ад іх народных спеваў і “вогненных танцаў”.
— Ідэя стварыць аб’яднанне “Сябрына” з’явілася не раптам, — расказвае падпалкоўнік запасу КДБ Мікалай Кудзін. – Напачатку мінулага дзесяцігоддзя я працаваў старшынёй і намеснікам старшыні Маладзечанскага гарадскога Савета. У тыя часы паміж нашым горадам і Эслінгенам усталяваліся цесныя сувязі, асабліва на культурным узроўні. Нашы мастацкія калектывы ездзілі ў Германію, немцы прыязджалі да нас. У “Сябрыну” прыйшлі творчыя людзі – мастакі, настаўнікі, культработнікі... З часам склад мяняўся, але заставаўся касцяк, вакол якога фарміраваліся мастацкія гурты і спартыўныя каманды. Так, Мікалай Кудзін з удзячнасцю называе імёны кіраўніка мастацкага калектыву Станіславы Шунько, былога дырэктара гімназіі Барыса Вайцяхоўскага, прадпрымальніка Уладзіміра Карпіцкага, выкладчыцы школы мастацтваў Ларысы Пазняк, трэнера па футболе Уладзіміра Галубко.... Дарэчы, кола інтарэсаў “Сябрыны” шырыцца. Яе калектывы пабывалі ў Штутгарце, у краінах Прыбалтыкі, Чэхіі, Польшчы, Славакіі. Ёсць перспектывы наладзіць сувязі з Францыяй. Так, з гонарам расказваюць маладзечанцы аб запрашэнні іх на фестываль у польскі горад Сакулка. Там выступалі не толькі мастацкія калектывы. Футбольная каманда паспяхова згуляла ў аматарскім турніры. А крыху раней беларускія футбалісты прывезлі кубак з Беластока. У Маладзечна прыязджалі госці з Польшчы, французскія скаўты... — Планаў шмат, — падводзіць вынік размовы Мікалай Кудзін. – Мы павінны паказваць сябе ў Еўропе. І паверце: нас там вітаюць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter