Як Дуброўна перабудоўваюць да абласных “Дажынак”

У Дуброўне ўсё будзе роўна

Журналіст «Р» высвятляла, як адраджаецца прыгранічны Дубровенскі раён і ці адважыцца глыбінка спаборнічаць з буйнымі гарадамі.

Ад Дуброўна да Копысі — рукой падаць. Аршанскі пасёлак праславіўся тым, што яму выпаў гонар стаць узорам для развіцця сотняў малых населеных пунктаў. Былая настаўніца, а зараз пенсіянерка Ніна Яфрэмава, якую я сустракаю на цэнтральнай плошчы Дуброўна, нездарма ўзгадала Копысь. У яе там жыве сястра:

Цэнтральную плошчу горада чакаюць вялікія перамены

— Вясной была ў гасцях, потым — крыху пазней. Не ўтойваю: зайздросціла тым пераменам, якія прыйшлі ў невялікі пасёлак. Думаю, ну хоць ты пераязджай сюды — вулачкі будуць прыгожыя, заасфальтаваныя. Агароджа роўненькая, тратуары зручныя, кветак — мора... А ў нас што? Прыязджаюць госці на Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» — нават няёмка. Раён наш шматпакутны, адзіны, мабыць, у Беларусі такі. Геаграфічнае і памежнае становішча са старажытных часоў вызначалася тым, што тут заўжды туды-сюды качавалі войны. А пасля іх — не зямля, не вёскі і не хутары, а выпаленая пустыня... Падчас Вялікай Айчыннай тут 8 месяцаў фронт стаяў, 38 тысяч савецкіх салдат і афіцэраў спачываюць у нашай зямлі. Так што ўсё гэта (абводзіць рукой паўразбураны цэнтр горада. — Аўт.) — на карысць.

Што на карысць? Гляджу: на цэнтральнай плошчы Дуброўна — горы камення, склады будматэрыялаў, мноства будаўнічай тэхнікі, дзясяткі рабочых. Здаецца, што ўвесь горад — адна вялізная будаўнічая пляцоўка. Сапраўды, мясцовыя жыхары даўно чакалі перамен. І яны прыйшлі. Не важна, да чаго прымеркаваныя, важна, што ёсць. Па добрай традыцыі, закладзенай калісьці ў краіне, тут будуць праводзіць «Дажынкі». Не рэспубліканскія — абласныя. Але гэта не так важна. Важна, што цяпер у горадзе працуюць сотні будаўнікоў, мантажнікаў, рамонтнікаў.

Вось дарожнікі адразу трох падраздзяленняў абласной дарожна-будаўнічай арганізацыі — з Дуброўна, Гарадка і Верхнядзвінска — укладваюць бардзюрны камень на цэнтральнай вуліцы Камсамольскай. Працуюць з агеньчыкам і запэўніваюць: праз пару дзён тут можна будзе прайсціся па свежым асфальце. Эдуард Сіетаў і Сяргей Сухавараў з аршанскага будаўніча-мантажнага цягніка-724 трэста «Белтрансбуд», нягледзячы на дожджык (не цукровыя, маўляў, не размокнем!), спяшаюцца прывесці ў парадак помнік Леніну. Ірына Грачышка, паддаўшыся на ўгаворы сыноў, прыйшла паглядзець на новы яркі дзіцячы гарадок. Уваход пакуль закрыты, заканчваецца ўстаноўка абсталявання. Але хлопцы ўбачылі галоўнае — акрамя ўсяго іншага, тут будуць яшчэ і трэнажоры. Ірына смяецца:

— Вам бы толькі мускулатуру качаць. Кажуць, спартыўныя аб’екты таксама абнавілі. А наогул, нягледзячы на будаўнічую разруху, настрой цудоўны. Як быццам усім горадам да наваселля рыхтуемся. Я ў Дуброўне 10 гадоў жыву, ужо, здаецца, да ўсяго прывыкла, а тут раптам пачынаеш зусім іншымі вачыма на яго глядзець — хай бы і дзеці тут заставаліся пасля заканчэння школы. Вунь у нас у доме цепларэнавацыю зрабілі, фасад пафарбавалі, трубы памянялі. Дзіцячы садок побач — яго наогул ледзь не з падмурка падымаюць. А школа — паглядзіце: у старым корпусе ўсё разабралі да сцен. Пасля рамонту будзе прыгожа і сучасна!

Здаецца, што ўвесь горад — адна вялізная будаўнічая пляцоўка

Наваселля ў школе чакаюць не дачакаюцца дзевяцікласніцы Дзіяна Марэцкая і Крысціна Цімашэўская. Гледзячы на разабраны будынак, спрачаюцца: ці паспеюць будаўнікі да 1 верасня? Дзяўчаты мараць пасля школы паступіць у медуніверсітэт, а потым — вярнуцца дадому, у Дуброўна:

— У нас жа тут класна! Вы на беразе Дняпра былі? Не?! Давайце пакажам, самі захочаце ў нас застацца...

На жаль, прыгожы Днепр прыйдзецца адкласці да наступнага разу... А цяпер мяне чакае намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама па будаўніцтве, архітэктуры і ЖКГ Аляксандр Шатраўка, ён жа — намеснік начальніка аператыўнага штаба па падрыхтоўцы да «Дажынак». Аляксандр Аляксеевіч галоўнай праблемай горада лічыць стан вуліц. Так ужо атрымалася, што трэцяя частка ўсяго дарожнага пакрыцця — гравійка:

— Цяпер рыхтуем пад новы асфальт 8 цэнтральных вуліц — тыя, што з'яўляюцца транзітнымі, служаць працягам дарог агульнага карыстання. Старое пакрыццё знялі, перамалолі і за кошт гэтага змаглі падсыпаць некалькі гравійных дарог. Вядома ж, без «Дажынак» нам такі аб'ём работ і за 10 гадоў не асвоіць. Будаўнікі прыехалі з Оршы, Віцебска, Новалукомля і іншых гарадоў. У нас сваёй будаўнічай арганізацыі няма, таму нашы газавікі, дарожнікі, рабочыя ЖКГ і аграсэрвісу працуюць на субпадрадзе. Так што Дуброўна «мадэрнізуем» усім светам.

Аляксандр Шатраўка гаворыць: праблем пры такім размаху работ шмат, але яны... прыемныя. Бо ўжо сёння бачна, што тут будзе заўтра. На вачах прыгажэе цэнтральная плошча, і нават маладыя — жаніх з нявестай — у гэты суботні дзень, прабіраючыся да загса паміж гор пяску і штабялёў тратуарнай пліткі, радуюцца: разам з іх новай сям'ёй нараджаецца новы горад, у якім абавязкова захочацца і самім жыць, і сваіх дзяцей гадаваць.

Гэта вельмі важна, бо ў апошнія гады, як сцвярджаюць спецыялісты, пры даволі прыстойных паказчыках нараджальнасці і смяротнасці колькасць насельніцтва ў Дубровенскім раёне катастрафічна памяншаецца. Зараз тут жыве 14 тысяч грамадзян, і толькі кожны чацвёрты — працаздольнага ўзросту. Людзі проста з'язджаюць у пошуках больш камфортных месцаў, сваю ролю адыгрывае і блізкасць такога буйнога горада, як Орша. Яшчэ адзін сумны факт — у прыгранічным Дуброўне, які з’яўляецца візітнай карткай нашай краіны, амаль не засталося ўласнай прамысловасці. Большасць прадпрыемстваў, якія раней былі самастойнымі, сталі філіяламі. Пакуль нядрэнна развіваецца прыватны бізнес, але ж і яму патрэбна «падсілкоўванне». Так што статус сталіцы абласных «Дажынак», а галоўнае, звязаныя з гэтым перамены стануць заўтра выдатным стымулам і для прадпрымальнікаў.

А сёння, развітваючыся з горадам, я ў гэтым зусім не сумняваюся. Гэтак жа, як і ў тым, што ў наступным фестывальным сезоне (дарэчы, «Дняпроўскім галасам у Дуброўне» споўніцца 25 гадоў) шматлікіх гасцей — аматараў песні і музыкі будзе чакаць шмат прыемных уражанняў. Сёлета тут сустракалі сяброў з 7 краін свету, а ў будучым іх абавязкова будзе больш. Да сустрэчы!

Алена ВЕРАСК

a_veresk@mail.ru

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter