У друк!

Выйдзе факсімільнае выданне збору кніг Францыска Скарыны

Першае факсімільнае выданне поўнага збору кніг Францыска Скарыны выйдзе ў Беларусі

Урачыстая цырымонія, якая азнаменавала пачатак агульнанацыянальнага праекта па выпуску першага факсімільнага выдання поўнага збору кніг Францыска Скарыны, адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Свае подпісы на першым томе ўнікальнага выдання паставілі прадстаўнікі ўстаноў, якія выступаюць ініцыятарамі і асноўнымі выканаўцамі праекта: старшыня праўлення ААТ «Банк БелВЭБ» Павел Калаур і намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Суша. Супрацоўніцтва ў справе падрыхтоўкі і выпуску першага факсімільнага поўнага збору кніг Францыска Скарыны стала яскравым прыкладам дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў галіне культуры.

Праект прымеркаваны да 500-годдзя выдання Францыскам Скарынам першай кнігі для ўсходніх славян, якое будзе адзначацца 6 жніўня 2017 года, і разлічаны на пяць гадоў. За гэты перыяд плануецца выпусціць факсімільнае выданне 25 кніг у 20 тамах, надрукаваных Францыскам Скарынам у Празе і Вільні. Аснову складуць электронныя копіі кніг перша¬друкара. Як вядома, у фондах нашай Нацыянальнай бібліятэкі захоўваюцца толькі 10 пражскіх выданняў «Бібліі» Францыска Скарыны. Увогуле ў свеце на сённяшні дзень выяўлена каля 360 друкаваных экзэмпляраў, якія захоўваюцца ў бібліятэках і музеях Вялікабрытаніі, Германіі, Літвы, Польшчы, Славеніі, Расіі і Украіны.

Факсімільнае выданне з максімальнай паўнатой занатуе кнігі славутага першадрукара. У іх будуць захаваны структура, змест, асаблівасці шрыфтоў і гравюр арыгінальных выданняў, перададзены ўсе штрыхі, набытыя на працягу 500-гадовага існавання. 

Для забеспячэння навуковага суправаджэння праекта задзейнічаны супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі і Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама замежныя эксперты. Усе тэксты факсімільных выданняў будуць суправаджацца каментарыямі вучоных, перакладамі прадмоў і пасля¬слоўяў Францыска Скарыны на беларускую, рускую і англійскую мовы.

Факсімільнае выданне кніг беларускага першадрукара прадставіць грамадскасці каштоўны пласт культурнай спадчыны нашага народа і стане базавай крыніцай для гістарычных, філалагічных і культуралагічных даследаванняў.

У год плануецца выпускаць ад 2 да 5—7 кніг тыражом кожная 1 тыс. экзэмпляраў. Выдадзеныя зборы кніг будуць бясплатна перададзены ў бібліятэкі, музеі і архівы Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Германіі, а таксама ў міжнародныя арганізацыі — ААН і ЮНЕСКА.

Уся праца па рэалізацыі маштабнага праекта выконваецца ў адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай «Культура Беларусі» на 2011—2015 гады, якая накіравана на вяртанне кніжнай спадчыны беларускага і ўсходнееўрапейскага першадрукара ў навуковы і грамадскі абарот Беларусі, навуковае даследаванне феномена беларускага Адраджэння і творчасці найбольш яркага яго прадстаўніка — Францыска Скарыны, папаўненне базы электронных копій вельмі каштоўных кніжных помнікаў Беларусі, актуалізацыю спадчыны Францыска Скарыны ў айчыннай сістэме адукацыі і выхавання.

На здымку: намеснiк дырэктара Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi па навуковай працы Аляксандр СУША i cтаршыня кiравання ААТ «Банк БелВЭБ» Павел КАЛАУР у час падпiсання ў друк першага тома поўнага збору кнiг Францыска Скарыны.

Фото: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter