У Доме ганчара

На Шаркаўшчыне адраджаюць старадаўнія рамёствы

Майстры народнай творчасці Шаркаўшчыны адраджаюць старадаўнія рамёствы

Філіял Шаркаўшчынскага раённага цэнтра рамёстваў адкрыўся ў вёсцы Германавічы яшчэ ў 1996 годзе. А як у 2006-м сталі Германавічы аграгарадком, цэнтр займеў новую назву — Дом ганчара. Увесь гэты час гаспадаром і дырэктарам у ім Сяргей Рымдзёнак — знатны майстар у раёне і не толькі, які займаецца адраджэннем ганчарнага рамяства і традыцыйнай керамікі.

У вучнях у Сяргея — каля дзясятка мясцовых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія пасля школьных заняткаў спяшаюцца ў Дом ганчара. Лепяць невялікія гліняныя цацкі, вазачкі, свістулькі. Але ганчарны круг цікавіць больш за ўсё. Праўда, гаворыць Сяргей, працаваць на ім пяці-шасцікласнікам яшчэ ранавата — не хапае пакуль навыкаў ды моцы ў руках. Але, як кажуць, гэта — нажыўное, падрастуць — абавязкова справяцца, было б жаданне.

Наогул, ганчарны круг не толькі дзяцей, але і дарослых прываблівае. У гэтым Сяргей яшчэ раз пераканаўся, калі сёлета ўпершыню прадстаўляў Шаркаўшчынскі раён на адным з падвор’яў «Горада майстроў» падчас «Славянскага базару ў Віцебску». Ад жадаючых паспрабаваць самастойна скруціць просценькі жбанок ці гаршчок адбою не было. Як прызнаецца Сяргей, іншы раз думаў, хаця б вытрымаў такі «націск» за адзінаццаць фестывальных дзён ганчарны станок. Але вытрымаў. Майстар-клас прайшоў з поспехам, а разнастайныя гліняныя вырабы, што з’явіліся літаральна на вачах наведвальнікаў падвор’я і не без іх удзелу, з задавальненнем раскупілі на памяць.

Кераміка ад Сяргея Рымдзёнка з Германавічаў карыстаецца попытам і ў яго землякоў, жыхароў Шаркаўшчыны, і ў гасцей раёна — турыстаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Германіі, якія бываюць у Доме ганчара.

Да слова, сустракае іх майстр не адзін. У Доме ганчара ёсць і гаспадыня — Ганна Рымдзёнак, жонка Сяргея і майстар-метадыст па ручному і станковаму ткацтву. На кроснах тчэ рушнікі, посцілкі, дываны, пляце адмысловыя паясы… Зараз шэсць трэццякласнікаў, хлопчыкаў і дзяўчынак, ходзяць да яе ў гурток ткацтва.

Аб тым, што жывуць удалечыні ад вялікіх гарадоў, Сяргей і Ганна Рымдзёнак ніколькі не шкадуюць. У Германавічах у іх свой дом, гектар зямлі, гаспадарка і любімая справа. А ў горадзе, гавораць, нестае для творчасці прасторы.

На здымку: Сяргей РЫМДЗЁНАК у майстэрні Дома ганчара.

Фота: Валерый КАВАЛЕНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter