У добры шлях, "Залатая лiцера" !

Сёння ў Палацы Рэспублiкi ўпершыню пройдзе ўрачыстая цырымонiя ўручэння бронзавай статуэткi пераможцам Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМI
Сёння ў Палацы Рэспублiкi ўпершыню пройдзе ўрачыстая цырымонiя ўручэння бронзавай статуэткi пераможцам Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМI Вялiкае i шчырае дзякуй роднаму Мiнiстэрству iнфармацыi! З лёгкай рукi мiнiстра Уладзiмiра Русакевiча цяпер i журналiсты друкаваных СМI ў сваёй творчасцi будуць арыентавацца на ўласную штогадовую вяршыню. I хоць любы конкурс – рэч, як кажуць, суб’ектыўная, але ж усе намiнанты, якiя зрабiлi заяўку на ўдзел у конкурсе, спадзяюцца на ўдачу. Наколькi мне вядома, жадаючых атрымаць «Залатую лiцеру» (тым больш – упершыню!) дастаткова: у 23 намiнацыях спаборнiчаюць больш за 185 газет, часопiсаў, прадпрыемстваў i журналiстаў. На кожнае месца, самi лiчыце, прэтэндуе амаль па дзевяць канкурсантаў, так што журы тут не пазайздросцiш. Але ваганнi, сумненнi i аб’ектыўная суб’ектыўнасць паважаных рэферы ўжо ва ўчарашнiм днi. I сёння толькi тыя, каму гэта належыць, ведаюць iмёны i назвы пераможцаў, але дзеля захавання iнтрыгi да самага апошняга моманту цвёрда трымаюцца, як юнакi на допыце. Я больш чым упэўнены, што гэта кампетэнтная судзейская сямёрка, якую ўзначальвае старшыня Пастаяннай камiсii Савета Рэспублiкi па мiжнародных справах i нацыянальнай бяспецы, кiраўнiк Беларускага лiтфонду, вядомы пiсьменнiк Мiкалай Чаргiнец, зрабiла сваю справу вельмi сумленна – прагаласавала большасцю за самых лепшых з лепшых. Нiчога не зробiш – статуэтак толькi 23, i прайграваць трэба таксама годна. Я гэта кажу як асоба вельмi зацiкаўленая, бо «Рэспублiка» выставiла сябе i працы сваiх супрацоўнiкаў далёка не ў самых лёгкiх шасцi намiнацыях. Ды што казаць, лёгкiх намiнацый у Нацыянальным конкурсе наогул быць не можа, таму з непрыкрытым хваляваннем тры разы стукаю па дрэве... Галоўнае ж у тым, што ўрачыстая прэм’ера «Залатой лiцеры» (дарэчы, iнтэрв’ю з аўтарам мiнiяцюрнай скульптуры Аляксандрам Фiнскiм «Р» надрукавала ва ўчарашнiм нумары) адбудзецца сёння. Да таго моманту, калi загучаць фанфары i пачнуцца ўрачыстасцi, засталося ўсяго некалькi гадзiн. Ведаю, што ў арыгiнальна аформленую залу Палаца Рэспублiкi аргкамiтэт i Мiнiстэрства iнфармацыi краiны запрасiлi шмат цiкавых i паважаных гасцей – удзельнiкаў IХ Мiжнароднай выставы «СМI ў Беларусi», кiраўнiкоў, журналiстаў, палiтыкаў, банкiраў, творчую iнтэлiгенцыю. Свята абяцае быць нi на якое непадобнае, i аб iм мы абавязкова раскажам сваiм чытачам. Як i iншыя друкаваныя, i электронныя СМI. Гэта вельмi добра. Можа, у хуткiм часе па такому ж станоўчаму прыкладу пойдуць i тыя дзяржаўныя i парламенцкiя колы, ад якiх залежыць узаконьванне ў нашай краiне высокага звання «Заслужаны журналiст Рэспублiкi Беларусь»... А пакуль – са святам усiх вас, калегi i чытачы. I – з прэм’ерай! У добры шлях, «Залатая лiцера»!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter