Газета “Голас Радзімы” спрычынілася да стварэння ў Растоўскай вобласці Міжнароднай культурна-асветніцкай суполкі ў гонар Кірылы Тураўскага

У добры шлях, “Потомки”!

Прыемна дапамагаць тым, хто сам працуе творча, ловіць “вецер часу” ў ветразі свайго карабля. Рух жа Саюза беларусаў Дона, якім кіруе мастак і педагог Уладзімір Банцэвіч, скіраваны на пашырэнне беларускай культуры ў Растоўскай вобласці, наладжванне рознабаковых кантактаў расійскага рэгіёна з Бацькаўшчынай. Сёлета ўзніклі спрыяльныя ўмовы для таго, каб збліжаліся, узаемаўзбагачаліся Беларусь і Растоў-на-Доне — пра тое мы згадвалі ў тэксце “Нашчадкі зямлі Баянавай” (ГР, 23.05.2018). І газета падтрымала ініцыятыву земляка ды ягоных аднадумцаў: стварыць у Растоўскай вобласці міжнародную культурна-асветніцкую суполку ў гонар Кірылы Тураўскага.

Калі час прыйшоў, то ўсё робіцца хутка. І вось Уладзімір Банцэвіч паведаміў у рэдакцыю: 29 мая ў Данской дзяржаўнай публічнай бібліятэцы “прайшоў невялікі “саміт”, і мой праект “Потомки” ў цэлым быў адобраны”. Нагадаем, дырэктарку бібліятэкі Яўгенію Калеснікаву, як і старшыню Гомельскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Гаўрыловіча, можна лічыць “хроснымі бацькамі” праекта. Прыемна, што Уладзімір Банцэвіч дадае: “Падтрымка праекта ў газеце стала добрым давескам у спрэчках, быць ці не быць новай суполцы, на нашу міску вагаў. Так што й вы, нашы мінскія сябры-журналісты, можна сказаць, сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі праекта “Потомки”. Дзякую вам за інфармацыйную падтрымку! Вось калі б стварыць з часам інфармацыйную гасцёўню “Мінск—Растоў” у плыні новага праекта — мяркую, гэта было б на карысць справе”.

Падумаем, паважаны зямляк, ды абмяркуем ідэю пры сустрэчы. А яна, пэўна, не за гарамі, бо Уладзімір Банцэвіч на ліпень рыхтуе “Экспедыцыю-2” на Бацькаўшчыну: большую, чым  папярэдняя, па колькасці ўдзельнікаў, на дзвюх машынах. Інфармуе, што ў плыні праекта “Потомки” ўжо “найдзены пункты ўзаемадзейнасці з фестывалем “Берега дружбы” Леаніда Севера”. Ёсць у яго й сумесная з Васілём Лук’янавым задумка: устанавіць Памятны знак Кірылу Тураўскаму — як аднаму з верагодных аўтараў “Слова пра паход Ігаравы” — пад Растовам, у хутары Пагарэлаў, побач з помнікам Баяну-Гусляру. Цяпер жа Лук’янаў, які прыдумаў і амаль 20 гадоў развівае Міжнародны фестываль на Доне, прысвечаны “Слову...”, займаецца ўзгадненнем неабходных дакументаў. Тонкасці справы ўдзельнікі “Экспедыцыі-2” хочуць абмеркаваць і ў Тураве — старажытны горад ёсць на спланаваным маршруце растоўска-беларускай экспедыцыі. Як, дарэчы, і вёска Камень пад Пінскам — родная вёска Уладзіміра Банцэвіча, у якой цікава працуюць мясцовыя сыравары.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter