Государство вложило большие средства, чтобы подготовить Добруш ко Дню белорусской письменности. Что сделано?

У Добрушы добра

Нашы гарады па чарзе прымаюць вялікія святы. Да гэтых мерапрыемстваў усе рыхтуюцца грунтоўна. Размова не толькі аб культурнай праграме, але і аб абнаўленні населеных пунктаў. Гэта дзяржаўная стратэгія дае магчымасць канцэнтраваць рэспубліканскія фінансы і кропкава накіроўваць іх на развіццё рэгіёнаў. 

Каб кожны куток быў прыгожым

Сяргей Пыраеў — старшы майстар па капрамонце будынкаў КУП «Добрушскі камунальнік», яго жонка Анжэла — дырэктар прадпрыемства «Архітэктура Добруша».  Гэтымі днямі сям’я вярнулася з падарожжа. «Засумавалі па горадзе, па хаце — у любым вандраванні ўсё роўна імкнёмся на радзіму», — кажа Сяргей і запрашае на ўтульную кухню піць духмяную гарбату з ягад. У цэнтры стала — апетытны торт, вакол — вытанчаныя бірузовыя кубкі з ручным роспісам. Дарэчы, вытворчасці Добрушскага фарфоравага завода. 

Фота Івана Ярывановіча

Анжэла кажа, што ў іх сям’і ўсе патрыёты: «Калі можна купіць сваё, то так і робім!» Іх старэйшая дачка Віялета выпырхнула з-пад бацькоўскага крыла, скончыла тэхнічны ўніверсітэт у Гомелі, там жа засталася жыць. Малодшая Насця ў школьных клопатах — дзяўчынка перайшла ў дзявяты клас, праз год збіраецца паступаць у ліцэй і затым асвойваць прафесію фармацэўта. 

— Добра, калі кожны мае магчымасць выбраць свой шлях, — упэўнены Сяргей. — Я вызначаўся з прафесіяй лёгка — маці і тата былі будаўнікамі, таму важнасць гэтай працы ўсвядоміў яшчэ ў дзяцінстве, калі бегаў да іх на работу, каб дапамагчы. Мой стаж  у сферы — амаль 30 гадоў, апошнія 15 — у «Добрушскім камунальніку». Я і зараз, верыце, шчыра ўлюбёны ў сваю працу — асабліва радуюся, калі чую добрыя водгукі ад людзей. З таго часу як стала вядома, што ў Добрушы пройдзе Дзень беларускага пісьменства, мы ўсе актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку да гэтай грандыёзнай для нашага раёна падзеі. Вы ж ехалі, бачылі, якім прыгожым стаў наш горад. Думаю, кожны населены пункт Беларусі павінен развівацца і станавіцца прыгажэйшым. Так кажа і наш Прэзідэнт. Зразумела, для такіх змяненняў патрэбны сродкі, але палітыка дзяржавы якраз накіравана на тое, каб стварыць камфортныя ўмовы для жыцця не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў кожнай вёсцы ці пасёлку.

Гаспадары запрасілі нас на невялікую экскурсію па Добрушы. Новы асфальт бялее свежымі разметкамі, святочна выглядаюць пафарбаваныя ў новыя колеры будынкі прадпрыемстваў. Упрыгожылася сэрца горада — цэнтральная плошча. 

— Будаўнікі і ўсе тыя, хто мае дачыненне да капітальнага рамонту і рэканструкцыі горада, вельмі пастараліся. Работы былі праведзены проста каласальныя, на дзесяцігоддзі наперад. У такі абноўлены горад вельмі хочацца запрашаць гасцей!

Імпульс з працягам

Дарэчы, сродкі на гэтыя мэты былі ўкладзены велізарныя — амаль 30 мільёнаў рублёў, большую частку выдзеліў  рэспубліканскі бюджэт. 

— Грошы накіравалі на добраўпарадкаванне і рэканструкцыю цэнтральных вуліц і плошчы, сквера па праспекце Міру, мадэрнізацыю і замену інжынерных сетак, рамонт амаль чатырох дзясяткаў шматпавярховак, — падзяліўся вынікамі падрыхтоўкі горада да свята старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Матарас. —  Завершана будаўніцтва шматфункцыянальнай спартыўна-гульнявой пляцоўкі, новы выгляд атрымала пешаходная зона ў цэнтры горада. Замест асфальту зараз яна выкладзена пліткай з беларускім арнаментам, які сімвалізуе сям’ю. 

У ліпені пасля рэканструкцыі адкрыўся стадыён «Юнацтва»: зараз там сучаснае футбольнае поле са штучным пакрыццём, новая трыбуна на 198 месцаў, пяць бегавых дарожак, універсальная пляцоўка для гульні ў валейбол, баскетбол, хакейная каробка. Падчас святкавання Дня беларускага пісьменства там пройдзе фестываль футбола памяці знакамітага ўраджэнца Добруша першага міністра спорту і турызму Беларусі Уладзіміра Рыжанкова, кажа старшыня Добрушскага райвыканкама: 

— Я спадзяюся, што дабрушане не толькі будуць падтрымліваць парадак і прыгажосць у горадзе, але і самі  працягнуць добраўпарадкоўваць тэрыторыі побач са сваімі дамамі і працоўнымі месцамі. Такі імпульс павінен мець развіццё — я ў гэтым упэўнены!

Дзякуй за дарогі

Пакуль мы разглядалі новы Добруш, паспелі пагутарыць з мясцовымі жыхарамі. У якасці невялікага аўтарскага адступлення хочацца сказаць, што людзі сапраўды выглядалі натхнёна і з задавальненнем дзяліліся эмоцыямі наконт пераўвасаблення горада. Анастасія Асадчая, маці двух дачок, зараз чакае нараджэння трэцяга дзіцяці, падзялілася ўражаннямі:

— Цэнтр стаў іншым — сучасным, прыгожым, дзіцячая пляцоўка фантастычная. А колькі кветак пасадзілі! І яшчэ адзін момант: я вадзіцель, таму вельмі хачу ад усіх, хто за рулём, падзякаваць за новыя дарогі! Так, у горадзе яшчэ засталіся ўчасткі, якія патрабуюць рамонту. Будзем спадзявацца, што і да іх дойдзе чарга. Напрыклад, чакаем, што гэтак жа, як у цэнтры, з часам будзе ў раёне Меліяратар.

Адкрыццё помніка

Сталіцай Дня беларускага пісьменства выбіраецца горад, які пакінуў заўважны след у гісторыі краіны як цэнтр кнігадрукавання і літаратуры, асветы і культуры. Першае свята адбылося ў Полацку ў 1994 годзе. Сталіцай XXIX Дня беларускага пісьменства абрана радзіма Івана Шамякіна, які нарадзіўся ў вёсцы Карма Добрушскага раёна. Дарэчы, адкрыццё помніка знакамітаму беларускаму пісьменніку стане цэнтральнай падзеяй свята. 


У канцэпцыю Дня беларускага пісьменства закладзены асноўныя тэмы — Год гістарычнай памяці, гісторыка-культурная і духоўная спадчына раёна, юбілеі класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Багдановіча. 

Літаратурныя дажынкі

Першым пунктам святочнага сцэнарыя стане ўскладанне вянкоў і кветак да брацкай магілы салдат Чырвонай арміі, якія склалі свае галовы пры вызваленні Добруша ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дарэчы, адначасова такія мітынгі пройдуць на ўсіх месцах масавых пахаванняў, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна, — іх тут больш як сорак. Далей побач з мемарыялам «Памяць» адбудзецца рэканструкцыя «Баі за Добруш 1943 года. Партызанскае супраціўленне», якую рыхтуе ваенна-гістарычнае клубнае аб’яднанне «Гонар мундзіра» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі. 


У цэнтральнай частцы горада будуць арганізаваны дзясяткі гістарычных, літаратурных, творчых, спартыўных лакацый, гульнявыя зоны для дзяцей, рамесныя рады, пройдзе выстава рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. 

Таксама ў праграме — гашэнне арыгінальнай маркі, прысвечанай Дню беларускага пісьменства, «Славянскія літаратурныя дажынкі», цырымонія ўзнагароджання пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Сёлета на конкурс было пададзена 68 твораў у сямі намінацыях. 

Трэба шанаваць спадчыну

Да ўдзелу ў свяце рыхтуюцца і ўсе навучальныя ўстановы Добрушскага раёна. Валянціна Сідарцова амаль 40 гадоў выкладае беларускую мову і літаратуру ў пятай сярэдняй школе горада, 26 з іх была дырэктарам установы:


— Шанаваць сваю мову, нашу духоўную спадчыну — гэта мець карані з гісторыяй краіны, народам і сваёй сям’ёй. Крылы, якія мы можам даць дзецям, гэта не толькі аб матэрыяльным — у першую чаргу мы павінны забяспечыць ім духоўны падмурак, каб увесь час яны адчувалі сябе часткай вялікай гісторыі непераможнага народа. І такія святы — якраз дэманстрацыя непарыўнай сувязі пакаленняў, напамін, які годны шлях прайшлі беларусы, каб сёння мы маглі жыць у вольнай, незалежнай і прыгожай краіне. 

severyanova@sb.by

Фота БЕЛТА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter