Старажытнае Заслаўе хутка прыме сёлетніх гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства

У дарогу збіраецца князь Ізяслаў

Старажытнае Заслаўе хутка прыме сёлетніх гасцей і ўдзельнікаў Дня беларускага пісьменства. Святкаванні з гэтай нагоды адбудуцца 6—7 верасня. Адной з яркіх падзей стане адкрыццё на плошчы ў цэнтры горада помніка першаму беларускаму асветніку князю Ізяславу-кніжніку. 

12 лица-прохоров-9420-070814500.jpg


Скульптар Аляксандр Прохараў ужо завяршыў манументальны твор. Прызнаецца, працаваць над ім было часам няпроста. Ляпіць мадэль з гліны пры той невыноснай спёцы, якая стаяла апошнія тыдні, аказалася справай вельмі складанай, увесь час даводзілася паліваць скульптуру вадой, каб яна не паспявала засыхаць. Тым не меньш постаць злеплена, зняты яе гіпсавыя формы, гэтымi днямі спецыялісты займаюцца адліўкай статуі. 


Сваёй новай работай аўтар задаволены, лічыць, атрымалася добра, хаця і дадае, што канчатковым уражанне будзе, канешне, пазней, калі помнік паўстане ў бронзе. Што ж мы ўбачым у Заслаўі? 


Фігура Ізяслава вышынёй два з паловай метры будзе змешчана на пастаменце ў выглядзе старажытнага магутнага камня-менгіра. Уся кампазіцыя ўзнімецца ў вышыню на пяць метраў. Малады князь-асветнік (пражыў ён нядоўга, па розным меркаванням, памёр ва ўзросце 25—31 года), глядзіць у далечыню, сімвалізуючую будучае. Правай рукой прыціскае да сэрца кнігу. Левай — абапіраецца на меч. Як удакладняе аўтар, улічылі існуючае паданне пра тое, як зусім юны Ізяслаў заступіўся за сваю маці Рагнеду, калі яго бацька, князь Уладзімір, хацеў яе забіць. 
Наогул, звестак пра Ізяслава захавалася нямнога. Паводле слоў Аляксандра Прохарава, адшукваў іх, звяртаючыся да розных крыніц. Што ж да гісторыі Беларусі ў цэлым, то з задавальненнем вывучаў і цікавіўся ёю яшчэ са школы. Відаць, невыпадкова гістарычныя тэмы прывабліваюць скульптара і ў творчасці. Ён — аўтар помніка Кірылу Тураўскаму, які стаіць ва ўнутраным дворыку галоўнага корпуса БДУ ў Мінску. Адразу некалькі яго скульптур упрыгожваюць старажытны Полацк, сярод іх — помнік Усяславу Чарадзею. Для сталіцы Аляксандрам Прохаравым распрацавана кампазіцыя «Бітва на Нямізе». Вельмі цікавая, дарэчы, работа, выбраная для ўвасаблення на конкурснай аснове. Ідэя такая. Калі глядзець на скульптуру з адлегласці, — іржавы старажытны меч, яго быццам дасталі з зямлі, і ён, сведка далёкіх падзей, расказвае пра іх нам сённяшнім. Калі падыйсці бліжэй, на лязе мяча бачна выява перажытай ім колішняй баталіі.


Як раз гэтым праектам Аляксандр Прохараў мяркуе заняцца зараз, услед за помнікам Ізяславу-кніжніку. Двухмятровы эскіз ужо зроблены. Час брацца за стварэнне чатырохметровай мадэлі.
Ну а Ізяславу хутка перабірацца ў Заслаўе. Як гаворыць скульптар, бачна, што яму туды ўжо трэба. Устаноўка помніка запланавана на 31 жніўня. 


ДАВЕДКА «Р»


Ізяслаў нарадзіўся каля 978 года ў Кіеве. Старэйшы сын Уладзіміра Святаславіча і полацкая княжны Рагнеды Рагвалодаўны, спадчыннік кіеўскага пасаду. У 987 годзе пасля няўдалага замаху маці на яго бацьку адпраўлены разам з ёй у Полацкую зямлю, у пабудаваны для іх горад Ізяслаўль (цяперашняе Заслаўе пад Мінскам). 


У 988 годзе прыняў святое хрышчэнне. З 989 года — полацкі князь.


З імем Ізяслава звязана адраджэнне Полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў і палітычнай самастойнасці Полацкага княства. 


У Полацку было створана першае біскупства (991—992 г.г.) і ўведзена пісьменнасць, пра што сведчыць пячатка Ізяслава з надпісам, знойдзеная ў 1954 годзе пры археалагічных раскопках у Ноўгарадзе. 


У Ніканаўскім летапісе даецца высокая ацэнка Ізяславу як чалавеку і хрысціяніну, ён першым з усходнеславянскіх князёў характарызуецца як кніжнік: «Бысть же сей князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежащее прочитанию божественных писаний, и слезен, и умилен, и долготерпелив». 
У 1001 годзе Ізяслаў памёр. Меў двух сыноў: Усяслава і Брачыслава.

Ірына СВІРКО
isvirko@mail.ru

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter