Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Гала-канцэрт лаўрэатаў XIII Абласнога дзіцяча-юнацкага фестывалю мастацтваў “Беларусь — мая песня!” прайшоў у Самары

У далонях роднай культуры

Увосень беларусы Самарскай вобласці штогод праводзяць Фестываль-конкурс дзіцяча-юнацкага мастацтва “Беларусь — мая песня!” — вялікае свята беларускай культуры. Адкуль, дарэчы, назва? “Песня, кажуць, адно з найпрыгажэйшых тварэнняў чалавека, — разважае заснавальніца фестывалю, прэзідэнт абласной арганізацыі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Ірына Глуская. — Як у карцінах мастакоў, у вершах паэтаў, гэтак і ў песнях адлюстравана гісторыя жыцця людзей. У песнях — душа, мастацкі густ і талент народа. У іх — стагоддзі нашага болю, страт і знаходак. У песнях адбіліся найважныя рысы характару беларусаў: любоў да волі, стойкасць, мужнасць, вера ў дабро й справядлівасць, аптымізм... Творцы, кампазітары й паэты, адлюстроўваюць у сваіх творах і прыгажосць роднага краю. Вось таму Беларусь — гэта мая песня”.

Ірына Глуская ўзнагароджвае лаўрэатаў творчага форуму “Беларусь — мая песня!”

Усе фестывальныя імпрэзы праходзяць звычайна ў плыні беларускага свята Дажынкі. Сёлета ж творчы беларускі форум у Самарскай вобласці быў напоўнены яшчэ большым сэнсам і зместам: ён прысвячаўся й 135-м угодкам Янкі Купалы і Якуба Коласа, 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. А між тым цікавасць да конкурсу-фестывалю мастацтваў расце, пашыраецца геаграфія ўдзельнікаў. Сёлета ў аргкамітэт было пададзена звыш сотні заявак, у тым ліку й з Масквы, Арэнбурга, Кемерава. Дарэчы, па выніках беларускага фестывалю-конкурсу ў намінацыі “эстрадны вакал” стала сёлета лаўрэаткай І ступені Наргіз Масімава — з горада Арэнбурга: там яе бацька ўзначальвае мясцовую азербайджанскую нацыянальна-культурную аўтаномію. А маці Наргіз па нацыянальнасці казашка.

Гала-канцэрт праходзіў 11 лістапада ў Палацы культуры “Победа”. Лаўрэаты фестывалю, гледачы й ганаровыя госці змаглі пазнаёміцца з самабытнай беларускай культурай. А на пачатку быў відэаролік пра Беларусь, потым — віктарына пра “сінявокую краіну”, яе гісторыю, пра традыцыі, звычаі беларусаў. Вялі праграму салісткі беларускага вакальнага ансамбля “Каданс” Арына Камісарава і Вераніка Кузняцова. Яны зачыталі вітальныя словы, якія прыйшлі на адрас арганізатараў, удзельнікаў і гасцей гала-канцэрта: ад кіраўніка Аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў горадзе Уфе Пятра Балтруковіча, міністра культуры Самарскай вобласці, Адміністрацыі гарадской акругі Самара, ад Дома дружбы народаў. Сардэчна віталі ўсіх кіраўнікі нацыянальных суполак вобласці, якія прыйшлі на свята.    

Беларускі танец “Расшугальцы — малайцы!” выконваюць юныя артысты гурта “Мозаика”

Адкрыў праграму вядомы вакальны ансамбль “Каданс” — песняй-запрашэннем на свята “Гармонiк грае”. Душэўная, сяброўская атмасфера панавала ў зале. А колькі незвычайных нумароў! Напрыклад, Саламея Чалідзэ з грузінскай нядзельнай школы “Мзиури” вельмі сардэчна праспявала беларускую народную песню “Рэчанька”. З творчасцю Якуба Коласа й Янкі Купалы гледачоў знаёмілі вучні 176-й школы Самары: прадстаўнікі яе ўпершыню паўдзельнічалі ў беларускім фестывалі. Педагог Алена Балвашэнкава падабрала творы класікаў, дапамагла выхаванцам вывучыць іх на беларускай мове. Макар Даброў прачытаў верш Янкі Купалы “Роднае слова”, а купалаўскі верш “Спадчына” чытала беларуска Яна Стрынакова. Нядаўна дзяўчына разам з сям’ёй пераехала з Бабруйска ў Самару, актыўна ўключылася ў працу беларускай суполкі. Як, дарэчы, і Кацярына Стрынакова, яе цётка — яна мастацкі кіраўнік беларускага харэаграфічнага ансамбля “Сяброўкі”. 

Педагогі-кіраўнікі творчых гуртоў да беларускага фестывалю рыхтуюць унікальныя нумары. Штогод робяць адметныя пастаноўкі беларускіх танцаў харэографы Наталля Меліхава, Маргарыта Варанецкая, Наталля Слепава ды іншыя. І на гэты раз было што паглядзець. Бурнымі апладысментамі сустрэлі гледачы энергічны беларускі танец “Расшугальцы — малайцы!” (харэаграфічны гурт “Мозаика”), сялянскі танец “Мітусь” (гурт “Самоцветы”).  Усяго ж на гала-канцэрце было амаль 30 унікальных творчых нумароў. 

Журы фестывалю аднагалосна прысудзіла гран-пры, самую высокую ўзнагароду, вакальнаму ансамблю “Сузор’е” (мастацкая кіраўніца Алена Кірылашава), які працуе пры САГА “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Задаволена вынікамі фестывалю Ірына Глуская: “Трынаццаць гадоў правядзення беларускіх фестываляў на самарскай зямлі — гэта важкі ўклад ва ўмацаванне дружнай шматнацыянальнай сям’і, а таксама пашырэнне беларускай культуры ў нашым горадзе. Яркія, крэатыўныя і мэтанакіраваныя дзеці, таленавітыя кіраўнікі творчых калектываў, цудоўныя педагогі, якія перадаюць свой досвед, любоў да беларускай культуры сваім вучням, падарылі жыхарам і гасцям Самары сапраўднае Свята беларускага мастацтва”.

Голас Радзімы № 45 (3549), чацвер, 30 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter