У чысцюткiх крынiцах “святая вада”

Гэты крынiчны комплекс жыхары навакольных вёсак на Вiлейшчыне нездарма называюць “Святой вадой”. Крынiчкi бруяць з-пад зямлi жвава i напорыста, прарываючыся на паверхню ў чатырох месцах. Вада смачная i халодная — аж скiвiцы зводзiць. Яна адразу наталяе смагу i надае стомленаму спадарожнiку сiлы.

Здаўна жыхары Губоў i Кароткiх надзялялi крынiчную ваду незвычайнымi здольнасцямi. Казалi, што яна дапамагае ад хвароб вачэй i, маўляў, нават сляпыя станавiлiся вiдушчымi. Аповеды аб гаючых уласцiвасцях “святой вады” не сцiхаюць i зараз. I па-ранейшаму на радасць людзям бруяць крынiчкi, жывячы не толькi людзей, але i жывёл, i птушак, i раслiны.
Нядаўна навукоўцы Белдзяржунiверсiтэта даследавалi склад гэтай вады i здзiвiлiся яе чысцiнi. Утрыманне забруджвальных мiкраэлементаў у “святой вадзе” значна нiжэйшае, чым гранiчна дапушчальная канцэнтрацыя iх для пiтной вады.
Напэўна, таму, што вада гэтая такая чысцюткая, побач з крынiцамi вальготна адчуваюць сябе многiя прадстаўнiкi жывёльнага i раслiннага свету. Вось i бабры пабудавалi на блiзкай ручаiне сваю плацiну. Вучоныя налiчылi на вакольнай тэрыторыi 135 вiдаў раслiн. Ёсць такiя, што занесены ў Чырвоную кнiгу Беларусi, а таксама такiя, якiм патрэбна прафiлактычная ахова i рацыянальнае выкарыстанне. Найбольш здзiвiла знаходка воднага кляшча i ручэйнiка. Водны клешч да гэтага часу сустракаўся толькi ў Карэлii, а ручэйнiк — у Расii (дарэчы, у Польшчы ён занесены ў Чырвоную кнiгу). Выяўлены некалькi вiдаў насякомых, якiя жывуць толькi ў крынiцах i ў ручаях з халоднай чыстай вадой.
А непадалек ад крынiчак знаходзiцца археалагiчны помнiк — гарадзiшча першага тысячагоддзя да нашай эры i комплекс курганных пахаванняў той эпохi. Таму вывад вучоных зразумелы: крынiцы “Святая вада” адносяцца да унiкальных прыродных аб’ектаў i ўяўляюць значную каштоўнасць, i варта аб’явiць гэтую тэрыторыю помнiкам прыроды. Крынiцы, што шмат гадоў давалi сiлы нашым продкам, зараз патрабуюць нашага клопату.
Прыклад такога клопату ёсць. Ва ўрочышчы “Рэутка”, непадалёк ад вёскi Заброддзе Вiлейскага раёна, на беразе вяртлявай Нарачанкi да гэтага часу гняздуюцца рэдкiя птушкi, а сярод раслiн сустракаюцца i чырвонакнiжнiкi. Нямала дрэўцаў высаджана ў парку, якi разбiў у Рэутцы мастак Барыс Цiтовiч. Менавiта гэты энтузiяст уключыў урочышча ў адзiны гiстарычна-прыродны комплекс, узвёўшы побач музей Першай сусветнай вайны. I прыродныя каштоўнасцi ўдала дапаўняюць тое, што стварыў гэты сцiплы мастак. Барыс Барысавiч падае добры прыклад, як трэба адносiцца да нашай спадчыны, як зберагаць i захоўваць яе. Бо бруячыя з-пад зямлi крынiцы — таксама сведкi гiсторыi. Яны — тое, што здаўна шанавалi беларусы i што давала iм сiлы ў жыццi.
Вучоныя дакладна даследавалi яшчэ адну крынiцу непадалёк ад таго ж Заброддзя. Вяскоўцы называюць яе Стрэж. А мясцовыя легенды трывала звязваюць гэты гiдралагiчны помнiк з чалавекам, якi тут жыў. Яго iмя i захавалася ў назве крынiцы. Вакол яе таксама пасялiлася шмат жывёл i раслiн, i некаторыя з iх — чырвонакнiжнiкi. Даследчыкi зрабiлi такi вывад: крынiчка мае важнае навуковае i прыродаахоўнае значэнне не толькi для Беларусi, але i для Еўропы.
Ды i ўсе тры аб’екты заслугоўваюць таго, каб аб’явiць iх помнiкамi прыроды. Першы крок зроблены. Не менш важныя i наступныя: кожны павiнен захоўваць патрабаваннi аб ахоўнай прыроднай тэрыторыi — i гаспадарнiкi, i ўсе, хто праходзiць па тутэйшай зямлi. Гэта наша жывая спадчына.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter